«Пытанне трэба вырашыць»: Што будзе з беларусамі, у якіх заканчваюцца пашпарты
Прадстаўніца Швецыі пры дэмсілах Беларусі Крысціна Юханесан расказала, што будзе з беларусамі, у якіх заканчваюцца пашпарты.
Экс-амбасадарка Швецыі ў Мінску Крысціна Юханесан стала прадстаўніцай гэтай краіны пры дэмсілах Беларусі. У першым інтэрв'ю на новай пасадзе яна расказала, ці ёсць нейкая магчымасць дапамагчы палітвязням і ці гатовая яе краіна прызнаць пашпарт Новай Беларусі, піша «Люстэрка».
Паводле Крысціны Юханесан, працаваць яна будзе са Стакгольма. Новую пасаду плануе сумяшчаць з пасадай амбасадаркі Швецыі ў праекце «Усходняе партнёрства». Сярод задач, якія цяпер ставіць перад сабой, — заглыбіцца ў праблемы беларусаў, якія жывуць у яе краіне, інфармаваць жыхароў Швецыі і іншыя міністэрствы пра сітуацыю ў Беларусі.
На пытанне, ці можа Швецыя дапамагчы ў вызваленні палітвязняў, Крысціна Юханесан адказала так:
— Прайшло больш за тры гады. Мы ведаем, што некаторыя выходзяць, адседзеўшы свой тэрмін, кагосьці забіраюць. Гэта выглядае несуцяшальна. Часам у рамках Еўрасаюза мы падымаем гэтае пытанне, але на сённяшні дзень, я б сказала, рычагоў у нас практычна няма. Трэба нагадваць грамадскасці ў нашых краінах, што гэтыя людзі знаходзяцца за кратамі. Пакуль я не бачу іншых канкрэтных [шляхоў]. Як толькі мы што-небудзь знойдзем, мы, вядома, гэта ўсё прапрацуем.
Журналісты спыталі, як у Швецыі будзе вырашацца пытанне з беларусамі, якія больш не могуць абмяняць пратэрмінаваныя пашпарты.
— Мы цяпер гатовыя разам з іншымі краінамі Еўрасаюза паглядзець, якія могуць быць тут рашэнні. Пытанні пашпартоў, візаў знаходзяцца ў кампетэнцыі кожнай краіны. Тут будзе цяжка дамовіцца пра нейкую, скажам, усеабдымную сістэму для ўсяго Еўрасаюза. Але мы можам хаця б разам выбраць нейкі шлях наперад, бо гэтае пытанне трэба вырашыць, — сказала прадстаўніца Швецыі пры Кабінеце. — Ёсць прапановы, напрыклад, падоўжыць тэрмін дзеяння пашпартоў замежнікаў і гэтак далей. Я ўпэўненая, што найбліжэйшым часам адбудзецца дыскусія з гэтай нагоды.
На пытанне, ці гатовая Швецыя прызнаць пашпарт Новай Беларусі, у Крысціны Юханесан не было дакладнага адказу.
— Па-першае, мы яго не бачылі, [па-другое], іншых такіх аналагаў не было, скажам так, — патлумачыла сваю пазіцыю яна. — Пытанне вельмі вялікае, але ўпэўненая, што ў Еўрасаюзе мы павінныя знайсці агульнае рашэнне, бо калі мы ў кожнай краіне будзем вырашаць гэта лакальна, атрымліваецца, беларусы з нейкімі дакументамі не змогуць перасоўвацца ў іншыя краіны. Тут цэлы спектр пытанняў. Падключаюцца абсалютна ўсе міністэрствы. У першую чаргу, вядома, Міністэрства юстыцыі ўсіх краін.
Журналісты таксама пацікавіліся, як Крысціна Юханесан ставіцца да таго, што некаторыя краіны ЕС, мяркуючы па ўсім, дэманструюць гатоўнасць аднавіць адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам.
— Аднавіць? А вакол чаго? Мы прынамсі не бачым ініцыятываў ці нейкіх сустрэчных дзеянняў, якія б матывавалі такія дзеянні, — сказала яна, адзначыўшы, што не будзе даваць ацэнку дзеянням іншых краін — удзельніц ЕС.
Паводле яе словаў, паміж краінамі ўсё ж пераважае меркаванне, што ў дачыненні да Беларусі трэба прытрымлівацца шляху, які яны вызначылі ў 2020 годзе.
— Думаю, у хуткай будучыні мы адновім рашучасць у тым, што прытрымліваемся менавіта гэтых мэтаў, — сказала спікерка.