На «Лістападзе» пакажуць новую сенсацыю ад Ларса фон Трыера
На кінафестывалі «Лістапад» адбудзецца беларуская прэм'ера правакацыйнай карціны Ларса фон Трыера «Дом, які пабудаваў Джэк».
Упершыню фільм быў прадстаўлены ў Канах і азначыў вяртанне рэжысёра, абвешчанага ў 2011 годзе персонай нон-грата, на Канскую «чырвоную дарожку». На 25-м Мінскім міжнародным кінафестывалі карціна будзе паказана ў секцыі «Майстар-клас», закліканай знаёміць беларускую публіку з найноўшымі працамі лепшых кінааўтараў сучаснасці.
Фон Трыер гэтым разам распавядае гісторыю пра серыйнага забойцу, якая стала чарговай сенсацыяй майстры кінаправакацый. Каты і ахвяры аказваюцца на адной маральнай прыступцы, а мастацтва прыраўнавана да злачынства.
Пасля прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэм'еры фільма «Меланхолія» на Канскім кінафестывалі, з-за абвінавачванняў у спагадзе нацыстам Ларс фон Трыер быў абвешчаны персонай нон-грата. У Каны ён вярнуўся з чарговым выклікам грамадскай думцы, кан'юнктуры і тэндэнцыям, звязаным у тым ліку з рухам за жаночае раўнапраўе ў кіно. Сусветная прэм'ера «Дома, які пабудаваў Джэк» паказала, што Трыер застаўся бунтаром і, магчыма, адзіным у сусветным кінематографе класікам, чыя скандальная рэпутацыя не перашкаджае заставацца лідарам сусветнага кіно.
«Новы фільм Ларса фон Трыера можа таксама выглядаць спробай разабрацца з уласнымі дэманамі. Тут радыкальная кінамова, абсалютная бязлітаснасць, прычым у першую чаргу да самога сябе, правакацыйнае дасканалае апісанне людзей, чые жыццёвыя прынцыпы ляжаць па той бок дабра і зла», — кажа праграмны дырэктар фестывалю Ігар Сукманаў.
Ён мяркуе, што ў гэтым і складаецца мастацтва фон Трыера — яго кіно нікога не пакідае абыякавым: адных яно захапляе, іншых адштурхвае.
Паводле interfax.by