Віктар Дашук: кінематограф грамадскага болю

Кінарэжысёр Віктар Нічыпаравіч Дашук, якому 16 верасня споўнілася 80 гадоў, – жывы класік нашага кіно, які беларускае дакументальнае кіно зрабіў сродкам калектыўнае споведзі, трыбунай грамадскага болю, праўдзівым люстэркам дабра і зла.

997afb13_654e_4921_8c7c_c7d3292f4263_cx0_cy5_cw0_w1200_r1_s.jpg

Рэжысёр нарадзіўся ў вёсцы Валокі Хойніцкага раёну. У Беларускім дзяржаўным універсітэце ён вывучыўся на журналіста, а на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве засвоіў рэжысёрскую прафесію. Ягоным настаўнікам быў адзін з заснавальнікаў савецкага кінаавангарду і эксцэнтрыкі Леанід Траўберг, а курс рэжысуры выкладаў Андрэй Таркоўскі.
Прафесія дакументаліста патрабуе акрэсленай чалавечай і грамадскай пазіцыі, патрабуе праніклівай здольнасці адчуваць і слухаць іншага чалавека – і быць гранічна сумленным, калі чалавек мастак, а не маніпулятар.
Героі фільмаў Віктара Дашука гавораць і спавядаюцца рэжысёру. Яны гавораць пра спаленыя вёскі, чаму былі сведкамі («Я з вогненай вёскі»), пра свой жаночы досвед вайны, які не ўпісваецца ў бравурныя гераічныя апавяданні («У вайны не жаночы твар», над фільмам у якасці сцэнарысткі працавала Святлана Алексіевіч). Яны прыслухоўваюцца да вечнасці, гісторыі і народу («Дзевяноста шостая восень», «Васіль Быкаў. Узыходжанне»). Дарэчы, Дашук двойчы зрабіў Быкава героем сваіх стужак: у 2005 годзе выйшаў яшчэ фільм «Жаўнер Васіль Быкаў»).
Траўмы народу, боль і полымя ўвайшлі ў фільмы, прапушчаныя праз сэрца рэжысёра.
На дакументальнае кіно ўсё яшчэ часам глядзяць, як на нешта побытавае і рэчыўна-матэрыяльнае. У Дашука камера паказвае рухі душы, сненні – і тое закаркаванае, нямотнае, што спрабуе выгаварыцца. Дасягае ён гэтага, удумліва слухаючы чалавека – і далікатна выкарыстоўваючы рапід, калі старая хроніка пачынае «распакоўвацца» і выдаваць схаваныя сэнсы.
Гэтая «распакоўка» дазволіла ўбачыць вайну, як вязкі кашмарны сон, праз які прайшла крохкая і мужная кабета, але гэты ж самы прыём на мяжы 90-ых гадоў прымусіў нас зазірнуць у вочы пачварам.
У «Віцебскай справе», якая так і не была шырока паказаная беларускаму гледачу, расказваецца пра савецка-гулагаўскую Феміду, якая забівае нявінных грамадзян – і пра маньяка Міхасевіча, сваяка гэтай згубнай Феміды. Маньяк марудна і вязка аблізвае губы, усміхаецца, спадзяецца на вечнасць; і гэта чыстае зло на экране.
Зло сацыяльнае, зло з кайданкамі, турмамі і дубінкамі было ясна і недвухсэнсоўна паказанае ў пазнейшых фільмах Дашука (ягоныя стужкі «Ноч доўгіх нажоў» 1998 года і «Рэпартаж з клеткі для трусоў» 2000-га, забароненыя ў Беларусі). У кадрах ужо няма такіх моцных гераінь, як у ранейшых стужках, рэжысёр гаворыць сам – адзін супраць зла.
Дашук выступіў у друку з рэзкай крытыкай аўтарытарных парадкаў, што ўсталяваліся ў краіне. Уладатрымальнікі адпомсцілі: Заслужанага дзеяча мастацтваў і Народнага артыста краіны – зрабілі неназывальным.
У 1989-1993 гадах Віктар Дашук кіраваў майстэрняй у Акадэміі мастацтваў. Рэжысёры Віктар Аслюк і Галіна Адамовіч – ягоныя зорныя вучні, рэжысёркай з адметным почыркам з’яўляецца і ягоная дачка Вольга Дашук.
Віктар Дашук – беларускі майстар кінематографу, кінатрыбун грамадскага болю і непрагавораных сноў, Настаўнік і Чалавек.