Эканаміст: На прадпрыемствах прафесіяналаў заменяць добранадзейныя

За травень у Мінску павялічыўся дэфіцыт работнікаў. Увогуле дэфіцыт прафесіяналаў пачалі адчуваць тыя галіны вытворчасці, дзе яго ніколі не было. З чым звязаны недахоп работнікаў і як можа развівацца сітуацыя на рынку працы далей?

_budaunictva___praca___pracouny__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg


Паводле даных Камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама, на пачатак лета наймальнікам не хапае 30,9 тысяч чалавек. У траўні гэты паказчык складаў 28,3 тысячы чалавек, у красавіку — 27,1 тысячы, у сакавіку — 26,8 тысячы.

Эканаміст Леў Марголін патлумачыў «Салідарнасці», чаму так адбываецца і чаго нам чакаць далей.

— Недахоп работнікаў можа быць выкліканы двума прычынамі: першая — калі навідавоку нейкі рост аб'ёмаў вытворчасці і патрэбны новыя работнікі, якія прыйдуць на новую вытворчасць. Другі варыянт — калі аб'ёмы не павялічваюцца, вытворчасць вядзецца ў ранейшых аб'ёмах, а работнікі звальняюцца, сыходзяць на пенсію і гэтак далей.

З улікам таго, што нягледзячы на праблемы з цяперашняй статыстыкай мы не чулі пра нейкія істотныя прычыны павелічэння аб'ёмаў вытворчасці ў Мінску, можна меркаваць, што скарачаецца рэальная колькасць  работнікаў.

Па словах эканаміста, травень-чэрвень традыцыйна з'яўляюцца самымі напружанымі ў сэнсе працоўных рэсурсаў. Рэсурсы на працягу года прыходзяць нераўнамерна. Напрыклад, летам з каледжаў і ўніверсітэтаў выпускаецца моладзь, якая прыходзіць на вытворчасці не раней за ліпень-жнівень.

Моладзь прыходзіць патокамі, а на пенсію сыходзяць раўнамерна. Таму ў канцы вясны — пачатку лета мы можам назіраць такі натуральны правал.

Яшчэ адна прычына, якую называе Марголін, — рэлакацыя беларускіх работнікаў. Людзі звальняюцца і шукаюць сабе больш годнае месца працы за мяжой.

— Гэта тэндэнцыя не спыняецца на працягу ўжо амаль трох гадоў. Таму што ў нас у краіне стаўленне да рэсурсаў цалкам адназначнае — у цане больш не кваліфікацыя і працавітасць, а палітычная добранадзейнасць.

Гэта такі прымушае людзей, якія не адчуваюць сябе ўпэўнена, пакідаць краіну і з'язджаць на пастаяннае або часовае месца жыхарства ў іншыя краіны.


Вядома, што ў Мінску расце дэфіцыт медыкаў — іх недахоп самы прыкметны: на 1 чэрвеня ў сталіцы не хапала 2 080 медсясцёр і 1 733 лекараў-спецыялістаў. Са спецыялістаў таксама запатрабаваны інжынеры, фельчары, выхавацелі, сярод рабочых больш за ўсё не хапае кухараў, вадзіцеляў аўтамабіляў, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, слесараў-рамонтнікаў, токараў і іншых. А вось інжынеры-праграмісты зніклі з топ-10 самых дэфіцытных спецыялістаў.

— Тут відавочна гаворка ідзе пра тое, што ў дэфіцыце тыя спецыяльнасці, якім лягчэй за ўсё знайсці прымяненне і ў краіне, і за мяжой. Інжынеры-праграмісты — спецыфічная катэгорыя.

Праграмісты патрэбны, калі расце сектар IT. Калі ён усыхае і прадпрыемствы пакідаюць краіну, то вызваляюцца спецыялісты. Прычым калі раней можна было знайсці працу на «ўдалёнцы», то цяпер тыя беларусы, якія пражываюць унутры краіны, не вельмі запатрабаваны ў замежных кампаніях.

Таму попыт на іх унутры краіны падае — ім няма куды ўладкоўвацца. Хто хоча, шукае сабе месца ў іншых краінах, астатнія неяк уладкоўваюцца тут, але вялікай патрэбы ў такіх спецыялістах няма, таму што сектар усыхае.

Эканаміст падсумоўвае: разлічваць, што ўсё само сабой утрасецца, што цяпер — дрэнна, а праз месяц-два стане добра, не даводзіцца. Каб рабочая сіла затрымлівалася ў Беларусі і імкнулася сюды прыехаць, трэба ствараць адпаведныя ўмовы.

— Перш за ўсё людзі павінны адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні. Чалавек, які ўладкоўваецца на працу, павінен разумець, што з яго патрабуюць кваліфікацыю, а не палітычную добранадзейнасць. Тады гэты працэс можна неяк спыніць.

Але ў існуючых умовах, думаю, асноўны ўпор будзе на добранадзейнасць работнікаў: няхай у цябе лоб на сем пядзей, аднак, калі ёсць нейкія падазрэнні ў гэтым кірунку, на працу не возьмуць, таму лепш нават не спрабаваць, а шукаць сабе іншае месца.

А на нашых прадпрыемствах, магчыма, не будзе хапаць інжынераў, кіроўцаў, затое тыя, хто засталіся — абсалютна надзейныя палітычна і не падвядуць сваіх працадаўцаў.