«Людзі бягуць і старэюць. Плюс санкцыі». Чаму ў Беларусі ўсё менш занятых у эканоміцы
Паводле звестак Белстата, у эканоміцы Беларусі ў красавіку 2023 года было занята 4 мільёны 163,8 тысяч чалавек. Калі параўнаць з інфармацыяй па сакавіку, выходзіць, што за месяц працоўных рук у нацыянальнай эканоміцы стала на 12 тыс. менш. Шмат гэта ці мала? Шмат. Прынамсі, па дзвюх прычынах, лічаць эксперты праекта «Кошт урада».
З аднаго боку, у
красавіку мінулага года мы назіралі падобнае зніжэнне, значыць, красавіцкі спад
занятасці можа насіць сезонны характар, — адзначаюць эканамісты. Аднак ва ўмовах агульнага зніжэння
занятасці, нават захаванне бягучых тэмпаў адтоку працоўных рук з кожным разам
нясе ўсё большыя страты эканоміцы.
Акрамя таго,
захаванне тэндэнцыі спаду кажа пра тое, што і людзі з Беларусі працягваюць
бегчы, і старэнне насельніцтва працягваецца, і санкцыі дзейнічаюць, і перайсці
без страт на працу на новых рынках атрымоўваецца слаба.
Па агульных тэндэнцыях відаць, што спад працягнуўся ў ІТ, ахове здароўя і адукацыі.
Эканоміка губляе самыя кваліфікаваныя кадры і тых, хто забяспечвае сацыяльны
дабрабыт.
Вынікі адтоку
працоўных рук эканоміка і грамадства ўжо адчуваюць: зніжэнне паступленняў
падаткаў ад забяспечаных слаёў насельніцтва, дэфіцыт кадраў ва ўстановах
адукацыі, чэргі ў паліклініках. І гэта — толькі пачатак. Значна больш
негатыўных эфектаў будзе прыходзіць з часам, бо страта чалавечага капіталу, які
заўсёды быў моцным бокам Беларусі, аднаўляецца вельмі цяжка.
Таксама эксперты звярнулі ўвагу на тое, як на ВУП уплываюць асобныя галіны эканомікі.
Падводзячы вынікі
развіцця краіны за студзень-красавік 2023 года, Белстат расказаў, як уплывалі
тыя ці іншыя галіны эканомікі на агульны ВУП краіны, адзначаюць эканамісты. Дзякуючы гэтай інфармацыі
мы можам зразумець, хто з'яўляецца драйверам, а дзе відавочныя аўтсайдэры.
Паводле вынікаў чатырох месяцаў бягучага года, эканоміка Беларусі ўпала на 0,6% да аб'ёму, які
быў годам раней. Найбольш моцную падтрымку ВУП аказала прамысловасць, яе
развіццё дало 0,6% росту, пры тым што ў цэлым эканоміка падала. Цікава, што
такія ключавыя сферы, як будаўніцтва, гандаль і сельская гаспадарка наогул не
аказалі на ВУП ніякага ўплыву.
Акрамя таго,
варта адзначыць, што развіццё іншых, не ключавых галін, цяпер даволі актыўнае, у
выніку чаго іх уклад у фармаванне ВУП склаў 0,7 працэнтных пункта ў бок
росту.
Хто ж тады
адказны за спад эканомікі? Пакуль гэта транспарт і ІТ. Добра, што гэта толькі
дзве сферы з ключавых. З іншага — дрэнна, што гэта менавіта гэтыя сферы.
Транспарт і ІТ — гэта галіны, звязаныя з натуральнымі канкурэнтнымі перавагамі
беларускай эканомікі. Умоўна кажучы, яны могуць добра працаваць на рост
эканомікі незалежна ад намаганняў і падтрымкі з боку дзяржавы.
Зараз жа
рукатворная сітуацыя такая, што нават натуральная перавага беларускай эканомікі
не працуе на яе рост. Бягучы рост кан'юнктурны, ён звязаны з паляпшэннем знешняй сітуацыі (уплывае магчымасць пастаўляць у Расію і праз яе), і таму
ён можа так жа хутка скончыцца, як пачаўся. Натуральныя перавагі, накшталт
выгаднага размяшчэння і высокага чалавечага патэнцыялу, сходзяць на нішто.