Песімістам тут не месца. Як пачуваецца беларускі бізнес?
У нас у Беларусі ўсё набліжаецца да прорвы. Але набліжаецца весела, са сцягамі, песнямі і барабанамі. Прыкладна так можна ахарактарызаваць настроі беларускага бізнесу ў краіне. Разумеючы ўсю складанасць сітуацыі, бізнес шукае пазітыўныя моманты. А што яшчэ рабіць? Інакш не выжыць…
Эксперты з Банка ідэй правялі даследаванне беларускага бізнесу, грунтуючыся на глыбінных інтэрв’ю, якія яны рабілі з кампаніямі. Часткова яго вынікі прадстаўлены 29 траўня ў час адкрытай дыскусіі. Былі апытаны прыватныя кампаніі, якія дагэтуль не з’ехалі і знаходзяцца ў Беларусі — як у малым і сярэднім бізнесе, так і ў буйным. Сярод буйных у апытанку трапілі 10 кампаній.
З надзеяй на лепшае
Як адзначыў эканаміст, акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі, у Беларусі выжывае толькі той бізнес, які ўзначальваюць аптымісты. Апытанні наконт самаадчування беларускага бізнесу — справа традыцыйная, яны праводзіліся і падчас санкцый, і да пачатку санкцый. І, як адзначыў эксперт, бізнес заўсёды чакае нечага пазітыўнага. Толькі ў пачатку вайны дробны і сярэдні бізнес ацэньваў будучыню як негатыўную.
Цяпер, пасля года ваенных санкцый, бізнес, па вынікахапытання, знаходзіцца на максімальным пазітыве. Эскперт патлумачыў гэта эфектам няспраўджаных чаканняў. «Відавочна, чаканні бізнесу, якія склаліся ў пачатку вайны, калі ўводзіліся беспрэцэдэнтныя для Беларусі санкцыі, былі вельмі негатыўнымі. І калі адбылася рэцэсія, калі яна ўжо здарылася, гэтыя чаканні не апраўдаліся, сітуацыя аказалася не такой цяжкай і не такой дрэннай, як бізнес чакаў. Таму цяпер, па нашых апытаннях, бізнес дэманструе пазітыўныя чаканні. Прычым нават у тых сектарах, дзе мы дакладна ведаем, што сітуацыя аб'ектыўна не вельмі добрая», — адзначыў ён.
Апытанне малога і сярэдняга бізнесу праходзіла ў сакавіку. «Прамысловасць чакала, што ўсё будзе добра, будаўніцтва чакала, што ўсё будзе добра, і гэта супадае з аб'ектыўнымі паказчыкамі — у сакавіку паволі пачала аднаўляцца прамысловасць, яна паказала рост. Будаўніцтва ўвесь 2022 год было ў негатыве, але з вясны 2023 года пачало выходзіць паціху ў плюс», — зазначыў Львоўскі.
А вось аптовы і рознічны гандаль увесь 2022 год былі ў негатыве, і, падавалася б, нічога надта добрага для іх не прадбачылася. Аднак прадпрымальнікі пры апытанні чакалі даволі пазітыўнай будучыні. Часткова мелі рацыю тыя, хто займаўся аптовым гандлем: ім, па словах Львоўскага, «перапала з панскага пляча аднаўленне апрацоўчай прамысловасці». Раздробны гандаль усё яшчэ знаходзіцца ў дэпрэсіі.
У бізнесу дзве бяды
На працягу апошніх двух гадоў бізнес у Беларусі хвалюе дзве тэмы, распавёў Львоўскі. Адна тэма — гэта санкцыі. Другая — розныя віды нестабільнасці: нестабільнасць манетарнай палітыкі, нестабільнасць эканамічнай палітыкі. Гэтыя дзве тэмы час ад часу мяняюцца месцамі па важнасці і праблематыцы для беларускага бізнесу.
У апошнім апытанні выйшлі на першае месца праблемы, звязаныя з санкцыямі: разрыў лагістычных ланцужкоў, праблемы з пастаўкамі, праблемы з пераводамі, з плацяжамі, разрыў вытворчых ланцужкоў. Тыя, хто разлічваў на ўнутрыбеларускіх кліентаў, сутыкаюцца з падзеннем унутранага попыту, які валіцца яшчэ ад пачатку 2020 года.
«Другі кавалак праблем звязаны непасрэдна з дзейнасцю нашага ўрада — гэта макраэканамічная нестабільнасць, нестабільнасць курса рубля, нявызначанасць эканамічнага асяроддзя, нявызначанасць з рэгуляваннем, зменамі заканадаўства — усё гэта ў розных словах апісвае адну і тую ж праблему. Да вайны ўсе гэтыя праблемы з нестабільнасцю палітыкі знаходзіліся на першым месцы, санкцыі тады яшчэ толькі пачыналі ўводзіцца, а ў апошні час праблемы нестабільнасці выходзяць на другое месца. Хоць бывае, што і застаюцца на першым — некаторых прадпрымальнікаў хвалявала ініцыятыва з поўным кантролем коштаў, хоць яна была хутка адменена і заменена на больш мяккую сістэму», — патлумачыў Львоўскі.
У адказ на выклікі прадпрымальнікі спрабуюць выводзіць на рынак новыя прадукты, займацца сумежнымі або іншымі відамі дзейнасці, выбудоўваюць новыя лагістычныя і бізнес-ланцужкі… Гэта, канешне, не вельмі лёгка, але, тым не менш, у кагосьці атрымліваецца.
У выніку індэкс чакання будучыні ў сакавіку 2023 года знаходзіўся ў пазітыве.
Рэпрэсіі спынілі ціск на прадпрымальнікаў?
Леў Львоўскі адзначыў і яшчэ адзін цікавы факт. «Мы апытваем бізнес у тым ліку і наконт таго, наколькі рызыкоўна быць прадпрымальнікам у Беларусі. Заўсёды быў сярэдні адказ, што рызыка вышэй за сярэднюю. Але адсотак людзей, якія казалі, што бізнес у Беларусі весці вельмі рызыкоўна, увесь 2022 год зніжаўся, і цяпер, нават калі прадпрымальнікі кажуць, што рызыка падвышаная, то цяпер яна, на іх думку, меншая, чым год таму і нават паўтара года таму», — сказаў Леў Львоўскі.
Чаму гэта так, эксперт у час прэзентацыі не патлумачыў. Але мы рызыкнём выказаць здагадку, што рэпрэсіўная машына раней проста больш «кашмарыла» прадпрымальнікаў, а цяпер «кашмарыць» усю краіну ў цэлым. І за пошук «экстрэмістаў» сілавікам цяпер даюць больш прэферэнцый, чым за чарговую атаку на «вашывых блох». Апошнім часам вельмі прыкметна, што нават калі кагосьці ловяць на «эканамічных злачынствах», то ўсё роўна спрабуюць знайсці ў іх нейкі «экстрэмісцкі складнік»: ці падпіску на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы», ці «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Таму прадпрымальнікам падаецца, што да іх увага рэпрэсіўных органаў аслабла. Напраўду, гэтыя органы проста заняліся іншай, больш выгаднай з пункту гледжання кар’еры і прэмій працай.
Чым большы бізнес, тым больш песімізму
А вось у буйнога і сярэдняга недзяржаўнага бізнесу ў Беларусі адчуванні ці не цалкам супрацьлеглыя, адзначыў калега Львоўскага, эканаміст Дзмітрый Крук. Эксперты правялі 10 глыбінных інтэрв'ю з гэтымі бізнесамі, якія ўсё яшчэ працягваюць працаваць у Беларусі і не належаць нейкай адной індустрыі. Па зразумелых прычынах Крук не стаў называць ні гэтыя кампаніі, ні чым яны займаюцца — усё ж такі буйнога і сярэдняга прыватнага бізнесу ў нас у краіне не так шмат, таму ад граху далей, каб іх не вылічылі.
Усе гэтыя бізнесы не з'яўляюцца наўпрост падсанкцыйнымі: сапраўды, гэтак жа, як у даследаванні Тамары Марыніч, якая называла ўздзеянне санкцый на кампаніі ІТ-бізнесу «эфектам санкцыйнай хвалі», калі нават не санкцыйныя кампаніі адчуваюць уплыў санкцый.
Калі вельмі і вельмі коратка, то негатыўныя эфекты ў эканоміцы адназначна дамінуюць у настроях буйнога бізнесу — тут пэўны кантраст назіраецца з малым бізнесам. Адаптацыя да новых умоў працы адбываецца, і адбываецца імкліва, але ўсё роўна не дазваляе вырашыць увесь спектр праблем. І, напэўна, самае істотнае адрозненне, што настрой буйнога бізнесу — вельмі песімістычны.
Сярод праблем буйны бізнес назваў чатыры выразныя рэчы: таксічнасць краіны, лагістычныя збоі, нявызначанасць і пагаршэнне чаканняў, недахоп кадраў у сувязі з ростам міграцыі.
Лагістычныя цяжкасці і нявызначанасць — пра гэта казаў і Леў Львоўскі. Таксічнасць, адзначыў Дзмірый Крук, палягае ў тым, што фінансавыя кампаніі і банкі часцяком адмаўляюцца працаваць з беларускімі кліентамі. Што зразумела: яны не хочуць у выпадку чаго патрапіць пад «другасныя санкцыі» ЗША і ЕС. Але часта бізнесмены распавядалі пра выпадкі адмоў працаваць з імі і нефінансавых кампаній — гэта значыць пастаўшчыкоў і пакупнікоў прадукцыі. І гэта праблема, па словах Крука, даволі распаўсюджаная.
Праблемай, па словах Крука, ужо цяпер з’яўляецца і міграцыя за межы Беларусі. Прычым, як адзначае эканаміст, гэта праблема больш маштабная, чым мы яе бачым. Ад’езд спецыялістаў, насамрэч, цягне за сабой даволі шырокі ланцужок наступстваў. Пачынаючы ад таго, што на будучыню мы страчваем значную частку чалавечага капіталу. А ўжо цяпер мы бачым кароткатэрміновы эфект, напрыклад, у падтрымцы дынамікі росту заробкаў. Праз адток кадраў бізнесмены вымушаны павялічваць заробак, каб іх работнікі не звальняліся і не з’язджалі. Але нават гэта іншым разам не працуе, таму што людзі ўсё ў большай ступені нацэлены на ад'езд з краіны.
Што далей?
Буйны бізнес не бачыць далей нічога добрага. Глыбокі песімізм — вельмі яскравы. Па меркаванні буйнога бізнесу, нас чакае эканамічная і тэхнічная архаізацыя, эрозія бізнесу.
«Многія ўспаміналі пра тое, што адраджаецца практыка 1990-х, татальна размываецца давер да партнёраў. Казалі, што па сутнасці для нармальнага вядзення бізнесу, як гэта ўяўлялася 4-5 гадоў таму, часцяком проста не застаецца месца. І вельмі важная рэч, — чаканне тэхналагічнай адсталасці. Малако будзе ў шкляных банках, рухавікоў Еўра-6 не будзе, МАЗы будуць на ўзроўні Калхіды, а ездзіць мы будзем на Масквічах. З'яўляецца жалезны водападзел, жалезная заслона мае тэхналагічную афарбоўку і тэхналагічную праяву», — падсумаваў чаканні бізнесу Дзмітрый Крук.
Па тэхналогіях і бізнесе Беларусь цалкам можа ператварыцца ў Кубу ці Іран. Там таксама ездзяць на ўмоўных «Масквічах».