Што мы згубілі і калі ўсё гэта скончыцца — па версіі ІТ-бізнесу

Па меркаванні буйных ІТ-спецыялістаў, параза Расіі ў вайне з Украінай не абрыне беларускі рэжым — прынамсі, адразу. Палітычны крызіс у Беларусі працягнецца яшчэ як мінімум тры гады. Але, нягледзячы на такі песімізм, у доўгатэрміновай перспектыве ў Беларусі — светлая будучыня.

ffydyuz7kr8.jpg


Эксперты з Банку Ідэй правялі даследаванне беларускага бізнесу, грунтуючыся на глыбінных інтэрв’ю, якія яны рабілі з кампаніямі. Часткова яго вынікі былі прадстаўленыя 29 траўня ў час адкрытай дыскусіі, часткай якой стала прэзентацыя Таццяны Марыніч з стартап-хабу «Імагуру», які вымушаны быў з’ехаць з Беларусі праз рэпрэсіі. Яна даследавала чаканні і праблемы буйнога ІТ-бізнесу, але адметнасць вынікаў яе даследавання ў тым, што бізнесоўцам задаваліся і абстрактныя пытанні пра мінулае і будучыню.

Як паведаміла Марыніч, літаральна ў красавіку былі апытаныя 11 ІТ-кампаній, якія цалкам можна аднесці да буйнога ІТ-бізнесу. І менавіта гэта паказвае, што Беларусь страціла ў ІТ-сферы ў выніку палітычных рэпрэсій і саўдзелу рэжыму ў вайне ва Украіне.


Колькі грошай сышло? І чаму?

Усе 11 кампаній, адзначыла Марыніч, цяпер знаходзяцца за межамі Беларусі. Гэта кампаніі, якія працуюць на самых розных рынках — ад ЕС да краін Лацінскай Амерыкі. Іх сумарная ацэнка складае 5 мільярдаў еўра.

Аб'ём гадавой выручкі гэтых кампаній складае мільярд еўра, і ў іх працуюць тысячы супрацоўнікаў: ад трох тысяч чалавек, большасць з якіх — выхадцы з Беларусі.

Сумарны аб’ём прыцягнутых імі інвестыцый складае больш за 320 мільёнаў еўра.

Як адзначыла таццяна Марыніч, на сыход гэтых кампаній з беларускага рынку моцна (але не выключна) паўплываў саўдзел рэжыму ў нападу Расіі на Украіну. Прычым, яны зазналі так званы «эфект санкцыйнай хвалі», бо самі гэтыя кампаніі наўпрост не падпалі пад санкцыі ЕС і ЗША.

Сярод топ-праблем — павелічэнне аператыўных выдаткаў (у тым ліку на рэлакацыю супрацоўнікаў з Беларусі); зніжэнне доступу на знешнія рынкі, у тым ліку і фінансавыя; змена складу каманды, бо доступ і да расійскіх, і да беларускіх распрацоўшчыкаў цяпер абмежаваны; адмена праектаў для развіцця бізнесу, і ў апошнюю чаргу — інфляцыя.

Большасць апытаных так ці інакш адзначылі, што заўважылі наступствы санкцый на сваёй дзейнасці, — хоць, нагадаем, што яны наўпрост пад санкцыі не трапілі. 64% стартапаў адзначылі, што санкцыі негатыўна адбіліся на бізнесе. 36% апытаных стартапаў сказалі, што санкцый не заўважылі. Але, як адзначыла Марыніч, тыя, хто не заўважыў санкцый, базуюцца далёка ад Беларусі і ў асноўным у ЗША.

Сярод канкрэтных эфектаў санкцый — фінансавыя праблемы, адміністрацыйныя праблемы, праблемы працы з банкамі, — нават нягледзячы на тое, што гаворка ідзе пра буйныя, сусветныя карпарацыі, глабальныя бізнесы. У іх з'явіліся складанасці ў перамовах з інвестарамі, стала складаней пераводзіць грошы ў Беларусь.

Сталі больш жорсткімі і праверкі бізнесу ў ЕС. Часам, адзначыла Марыніч, падставай для праверкі з'яўляецца не нацыянальнасць і пашпарт, а проста славянскае прозвішча дырэктара або заснавальніка.

Тое, што стала цяжэй працаваць з банкамі за мяжой, паведамілі 86% кампаній. Пра дадатковыя праверкі бізнесу распавялі палова апытаных — 50%. Па 25% адзначылі зніжэнне цікавасці да іх інвестараў і складанасці з пераводам грошай у Беларусь.

Зрэшты, прадстаўнікі кампаній ставяцца да гэтых праблем з разуменнем, і некаторыя нават лічаць іх проста нязручнасцямі — у параўнанні з тым, што адбываецца ва Украіне і ў Беларусі. «Калі вы навучыліся выжываць у Беларусі і калі вы з Беларусі, то Вам ужо нічога не страшна», — сказаў прадстаўнік адной з кампаній.


Як пераадолець негатыў?

Якія антыкрызісныя меры здзяйсняюць кампаніі? На жаль, самая папулярная антыкрызісная мера — зваліць з краіны.

100% апытаных кампаній рэлакавалі сваіх супрацоўнікаў з Беларусі часткова або цалкам. 100% гэтых кампаній выйшлі з Парку высокіх тэхналогій. 100% гэтых кампаній ініцыявалі ліквідацыю юрыдычнай асобы ў Беларусі.

Яшчэ раз нагадаем, што сумарна гэтыя кампаніі зарабляюць мільярд еўра на год. Гэта значыць, яны забяспечвалі ад траціны да паловы ўсяго ўнёску ІТ-сектара ў беларускі ВУП. Для маштабу адзначым, што толькі на рэлакацыю сваіх супрацоўнікаў гэтыя кампаніі ў суме выдаткавалі каля 10 мільёнаў еўра, якія можна было б патраціць з большай карысцю.

55% гэтых кампаній ініцыявалі праекты дапамогі і падтрымкі Украіны. Шэсць кампаній заданацілі на салідарнасць з Украінай блізу 5 мільёнаў долараў.

Пры гэтым Марыніч адзначыла, што кампаніі дапамагаюць і праектам салідарнасці з Беларуссю. Але тут па зразумелых прычынах канкрэтных кірункаў і лічбаў не назвала.

І яшчэ адна цікавая лічба наконт рэлакацыі. 58% стартапаў выехалі з Беларусі яшчэ да пачатку вайны ва Украіне, у 2021 годзе. Такім чынам, напад Расіі на Украіну адыграў важную, але не вырашальную ролю ў рэлакацыі беларускага ІТ-бізнесу. Вырашальную ролю ўсё ж такі адыгралі рэпрэсіі — больш за палову ІТ-спецыялістаў з'ехалі з краіны менавіта праз іх.


Як яны бачаць 2020-ты і што будзе далей?

Цікава, што падчас даследавання кампаніям былі зададзены філасофскія пытанні пра мінулае і будучыню. Па словах Таццяны Марыніч, кампаніі дастаткова адказна ацанілі ролю бізнесу ў сітуацыі ў краіне, і многія сказалі, што, магчыма, аб'яднаўшыся яны маглі б паўплываць на вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі, каб былі больш аб’яднанымі, і больш салідарнымі ў 2020-м.

Але пры гэтым у іх няма і «ружовых акуляраў» наконт сваёй магчымай ролі ў гісторыі. У адказах адзначалася, што ЕРАМ і PandaDoc спрабавалі гуляць больш сур’ёзную ролю ў палітычных працэсах, і гэта для іх дабром не скончылася. Шмат хто адзначае ці не вырашальную ролю Расіі ў захаванні ўлады Лукашэнкі. Напрыклад, было сказана, што «толькі Пуцін можа ўплываць на Лукашэнку, і ніхто не можа ўплываць на Пуціна». А ў другім адказе прагучала, што нават калі б змяніўся рэжым у Беларусі, то гэта не паўплывала бы на планы Пуціна па нападу на Украіну.

Няма ілюзій у кампаній і наконт таго, «калі ўсё гэта скончыцца». 45% апытаных лічаць, што нават калі Украіна пераможа ў вайне з Расіяй, гэта не азначае аўтаматычнае зрынанне рэжыму ў Беларусі — на іх думку, ён яшчэ праіснуе нейкі час. І 27% апытаных лічаць, што крызіс можа зацягнуцца на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

Логіка простая. Нават калі рэжым абрынецца проста цяпер, на адваротнае адбудаванне транспартна-лагістычных ланцужкоў сыдзе не менш за тры гады. А для дасягнення ўзроўню жыцця хоць бы 2019 года спецыялісты з ІТ адводзяць 7-10 гадоў. За гэты час многія з тых, хто пакінуў Беларусь, ужо набудуць за мяжой нерухомасць, выхаваюць там дзяцей або народзяць новых…

Але, нягледзячы на такі песімістычны прагноз, кожны пяты буйны бізнес гатовы вярнуцца ў Беларусь. Яшчэ 18% заявілі пра гатоўнасць адыгрываць «актыўную ролю» для таго, каб у Беларусі адбыліся змены. Большасць жа — 45% — нават калі не гатовыя імгненна вярнуцца, гатовыя дапамагчы Беларусі.

І толькі 9,5% адказалі, што не бачаць у Беларусі будучыні. 9,5% у дадзеным выпадку — гэта адна кампанія з апытаных 11-ці.