Стартап-хаб «Імагуру» зачыняюць
«Імагуру» ў Мінску больш не будзе: холдынг «Гарызонт», у якога стартап-хаб арандуе прастору, без тлумачэння прычын, у аднабаковым парадку скасаваў кантракт.

«Нам дадзены тэрмін вызваліць памяшканне да 30 красавіка, — дадае заснавальніца «Імагуру» Таццяна Марыніч. — У тэлефоннай размове в.а. дырэктара холдынга паведаміла, што яна выконвае даручэнне. Гэта загад.
Відавочна, што гэта загад. Больш за тое, гэта палітычная замова — на знішчэнне бізнесу, на рэпрэсіі супраць мяне асабіста, супраць маёй каманды, супраць тых, хто адважваецца выказваць сваё меркаванне».
Таццяна Марыніч — член асноўнага складу Каардынацыйнай рады.
У пачатку сакавіка ў «Імагуру» наляцелі сілавікі ў масках з-за ўстаноўчай канферэнцыі Лігі студэнцкіх аб'яднанняў. Былі затрыманыя ўсе ўдзельнікі мерапрыемства — гэта значыць, каля 30 чалавек. Суды над некаторымі з іх прайшлі ў выхадны дзень, у нядзелю.