Генадзь Коршунаў: Тыя, хто з’ехаў, ментальна ўсё роўна засталіся за калючым дротам
Які патэнцыял дыяспары і чаму беларусы за мяжой не вельмі актыўныя?
Генадзь Коршунаў у сваім тэлеграм-канале пра беларускую сацыялогію разважае, што перашкаджае людзям удзельнічаць у мерапрыемствах, якія арганізуюць беларускія актывісты за мяжой?
— Калі ў Беларусі трэці год ідуць рэпрэсіі і за любую праяву нязгоды з палітыкай рэжыму можна атрымаць неілюзорны крымінальны тэрмін, міжволі асноўны акцэнт увагі пераносіцца на дыяспару — на яе палітычны, грамадзянскі, культурны, інфармацыйна-экспертны і іншыя віды дзейнасці.
І я вось часам задумваюся, а які патэнцыял беларускай дыяспары? Ці можна яго павялічыць і якім чынам? А з іншага боку, што перашкаджае людзям удзельнічаць у мерапрыемствах, якія арганізуюць беларускія актывісты? Якія ёсць перашкоды і абмежаванні?
Калі сістэматызаваць мае меркаванні з розных назіранняў і разрозненых гутарак, то атрымліваецца наступнае.
- 1. Сярод беларусаў, якія апынуліся за мяжой, варта адрозніваць эмігрантаў і бежанцаў.
Адны разумеюць, дзе і чаму яны апынуліся, яны ў той ці іншай ступені падрыхтаваныя, больш ці менш ведаюць мову краіны, у якую прыехалі, і асаблівасці яе заканадаўства, звычайна ў іх ёсць праца і якія-ніякія, а зберажэнні. Другія вымушана пакінулі Беларусь, выязджалі ў белы свет як у капеечку — без падрыхтоўкі, без грошай, без планаў на працу, без разумення таго, у якой сітуацыі яны апынуцца.
Мне здаецца, што многія мерапрыемствы арыентаваны хутчэй на эмігрантаў, прычым забяспечаных эмігрантаў, а не на нашых бежанцаў, для якіх базавым пытаннем з'яўляецца выжыванне.
Яны з рознай ступенню паспяховасці вырашаюць праблемы легалізацыі, яны шукаюць працу і падпрацоўкі, у іх вялікія праблемы з чужой мовай. Яны думаюць, як заплаціць за жыллё і ў што апрануць сваіх дзяцей. І часта проста ўжо не маюць рэсурсаў (грошай, часу, сіл) для таго, што нешта рабіць для падтрымкі ідэі, далёкай ад простага выжывання.
Можа, гэта чамусьці праходзіць міма мяне, але мне здаецца, што нам не хапае праектаў і ініцыятыў па такой вось базавай, вітальнай падтрымцы адзін аднаго. Акрамя інфармацыйнай падтрымкі па легалізацыі я неяк нічога ў гэтым плане і не ведаю…
- 2. Мы ўсе ПТСРшчыкі. У нас ва ўсіх ёсць посттраўматычны сіндром, што б мы там не думалі пра сваю ментальную ўстойлівасць.
Мы ўсе бачылі, як сілавікі гасілі дубінкамі людзей, а многія гэта і перажылі. Мы ўсе чулі крыкі з «архіпелага Акрэсціна», і кожны ведае, што такое ўцякаць ад губазікаў. Мы кожны дзень у пастаянным рэжыме маніторым навіны з Беларусі: затрыманні, арышты, катаванні... Мы ментальна ўсё роўна там, за калючым дротам, у прасторы 2020 года. Добра, хай не кожны, але многія.
І пасля гэтага ты ідзеш на «марш» — а там не сто тысяч, а проста сотня чалавек. Нават калі тысяча... зразумела, што цэлая тысяча, а не ўсяго тысяча — усё роўна балюча.
Ты ідзеш на канцэрт, а там тыя песні, што былі ў дні маршаў — гэта вельмі балюча.
Ты выходзіш у горад, і ты ў ім чужы; тваё месца не тут, а ў іншым, у сваім горадзе — і гэта... гэта цяжка.
Ёсць розныя стратэгіі пераадолення траўмы. І, як я разумею, многія проста капсулююцца, сыходзяць у сябе, не бачаць магчымасцей і не маюць сіл змяніць сітуацыю. Нам усім патрэбны псіхолаг, адчуванне бяспекі і блізкія, зразумелыя мэты.
- 3. Яшчэ важны момант — пытанне бяспекі. Людзі самі выехалі, але ў колькіх у Беларусі засталіся сваякі, сябры, калегі, для якіх не хочацца ствараць праблем? Практычна ва ўсіх і ў кожнага.
Я не скажу дакладна, колькі такіх людзей, але, па адчуваннях, дастатковая колькасць беларусаў за мяжой баіцца неяк трапіць на радары спецслужбаў рэжыму з-за блізкіх, што засталіся ў Беларусі. І яны выключаюць нават патэнцыйныя магчымасці трапляння на гэтыя радары.
А паходы на маршы, канцэрты, выставы і іншыя мерапрыемствы — гэта верагоднасць трапляння на такія радары. Таму што як мінімум у сетку трапяць фатаграфіі адтуль. І ад аматараў сэлфі, і ад штатных фотакараў, ды і ва ўсюдыіснае назіранне кадэбэшнікаў мы ўсё роўна верым. Памятаеце тую гісторыю, калі літоўскага журналіста, што здымаў на адным з мерапрыемстваў, запісалі ў беларускага «сексота»? Ну вось.
Тэарэтычна, тут, напэўна, маглі б неяк выпраўляць становішча медыцынскія маскі, што мы насілі ў кавідны перыяд: і жаданая ананімнасць, і накшталт абароны ад вірусаў.
- 4. І інфармаванасць.
Я, напэўна, як і многія, шчыра лічыў, што кожны беларус, які выехаў пасля 2020 года, адразу знаходзіць чат суайчыннікаў у тым горадзе, куды ён трапляе. Ну і там чэрпае ўсю неабходную інфармацыю. Зразумела, што тэарэтычна, таму што чаты розныя і правілы там бываюць асаблівыя, але ў прынцыпе. Дык вось не.
Па розных прычынах далёка не ва ўсіх ёсць такія чаты. Я скажу больш — не ўсе ведаюць, што такія чаты наогул ёсць. Улічваючы тое, што нашы медыя публікуюць звычайна інфармацыю аб «вялікіх» падзеях, звесткі аб лакальных мерапрыемствах могуць проста не даходзіць да сваёй патэнцыйнай аўдыторыі. Асабліва гэта тычыцца мерапрыемстваў, звязаных са сферай культуры. Медыя ў цэлым не вельмі любяць гэту тэму, а ў чатах звычайна абмяжоўваюцца аднаразовай публікацыяй аб'явы.
Я б сказаў, што трэба часцей пісаць пра тое, дзе, калі і што будуць рабіць беларусы. І не саромецца нагадваць пра гэта за гадзіну-дзве да пачатку.
Атрымаліся вось такія 4 блокі прычын, чаму беларусы не настолькі ўцягваюцца ў кожны рух, наколькі маглі б. Зразумела, што гэта не вычарпальны пералік, а толькі тое, што ляжыць на паверхні.