Хто будзе працаваць? Звальняюцца і з’язджаюць не толькі «айцішнікі»

У Беларусі ў ліпені зноў скарацілася занятасць насельніцтва. Паводле інфармацыі Белстата, у эканоміцы краіны ў ліпені было занята 4,1972 млн чалавек. Гэта на 9,6 тысяч менш, чым колькасць занятых, пра якія статыстычны камітэт паведамляў у чэрвені.

thinkstockphotos_178639903.jpg


Усяго з пачатку года было звольнена 401,5 тысяч чалавек, што на 17% больш (58,5 тысяч чалавек), чым колькасць прынятых на працу ў студзені-ліпені. У параўнанні з сямю месяцамі мінулага года колькасць звальненняў скарацілася на 2,9%, а працаўладкаванняў — на 5,9%, перадае Reform.by.

Найбольшы разрыў паміж звальненнямі і працаўладкаваннямі захоўваецца ў IT-сектары. Па звестках Белстату ў ліпені па відзе дзейнасці «інфармацыйныя тэхналогіі і дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання» было прынята на працу 939 чалавек, што на чатыры менш, чым у чэрвені. У той жа час за ліпень звольнілі 3034 чалавек.

Адток «айцішнікаў» з пачатку года дасягнуў ужо 10 тысяч чалавек. За студзень-ліпень было звольнена 18 873 чалавекі, а прынята на працу 8549 чалавек. Колькасць звальненняў вырасла на 95,1%, у той час як наём скараціўся на 20%.

Не лепшая сітуацыя з медыкамі. Ахова здароўя пазбавілася 6 тысяч работнікаў. Былі звольненыя 26,1 тысяч чалавек, а прынята на працу 20,14 тысяч

У будаўніцтве прынялі на працу 20,97 тысяч чалавек, а звольнілі 28,36 тысяч.


У аптовым і рознічным гандлі, рамонце аўтамабіляў і матацыклаў таксама колькасць звольненых за сем месяцаў перавышае колькасць прынятых на працу амаль на 7 тысяч чалавек. Усяго было звольнена без малога 64,3 тысяч работнікаў.

У апрацоўчай прамысловасці ў студзені-ліпені звольнілі 68,1 тысяч чалавек, пры гэтым змаглі прыняць на працу 61,27 тысяч

У транспарце і лагістыкі страцілі працу 20,84 тысяч чалавек, былі прынятыя толькі 15,04 тысяч чалавек.

Адмоўны баланс адзначаецца нават у дзяржаўным кіраванні. Па гэтым відзе дзейнасці за сем месяцаў звольнілі 5066 чалавек, а прынялі на працу 4666.

Станоўчы баланс з працоўнымі назіраецца толькі ў двух сферах. У сельскай лясной і рыбнай гаспадарцы за сем месяцаў прынялі на працу 52,75 тысяч чалавек, а звольнілі 48,34 тысяч. Станоўчы баланс адзначаўся ў дзейнасці ў сферы адміністрацыйных і дапаможных паслуг.