Беларусам прапанавалі стаць «лічбавымі качэўнікамі»

Беларускія айцішнікі змогуць працаваць у Кыргызстане без рэгістрацыі.

Малюнак devby.io

Малюнак devby.io

Кыргызстан дазволіў айцішнікам з Беларусі і яшчэ некалькіх краін постсавецкай прасторы працаваць без рэгістрацыі і дазволаў. Гэта прадугледжана праектам «Лічбавы качэўнік» («Digital nomad»), піша devby.io.

Такім чынам Кыргызстан хоча павялічыць прыток рэлакантаў, якія працуюць у сферы лічбавых тэхналогій.

Для айцішнікаў улады Кыргызстана распрацавалі спецыяльны гайд — пакрокавую інструкцыю, як атрымаць статус «лічбавага качэўніка».

Хто можа стаць «лічбавым качэўнікам»? Беларусы, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферах распрацоўкі праграмнага забеспячэння (ПЗ), экспарту інфармацыйных тэхналогій, інфармацыйных сістэм і ПЗ, праграмавання, распрацоўкі ІТ-прадуктаў, робататэхнікі і штучнага інтэлекту, стварэння камп'ютарных і мабільных гульняў, кіберспорту, медыямастацтва, у тым ліку лічбавага мастацтва, стварэння віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, змяшанай рэальнасці, 3D-дызайну, анімацыі, графічнага дызайну, дызайну мультымедыя ды іншых блізкіх галін.

Уладальнік статусу «лічбавы качэўнік» («Digital nomad») вызваляецца ад рэгістрацыі па месцы пражывання на тэрыторыі Кыргызстана, атрымлівае дазвол на працу да 12 месяцаў з магчымасцю прадаўжэння да аднаго года. «Качэўнік» можа працаваць у якасці ІП і юрыдычнай асобы, мае права адкрываць і карыстацца рахункамі ў банках Кыргызстана без абавязковай рэгістрацыі па месцы пражывання.

Айцішнікі са статусам «лічбавы качэўнік» атрымаюць электронны дакумент, які мае спецыяльны QR-код. Сваякі такіх спецыялістаў таксама маюць права атрымаць дакументы для ўезду і знаходжання ў Кыргызстане.