Кныровіч: За час кіравання Лукашэнкі колькасць занятых у эканоміцы знізілася на мільён чалавек

Бізнесмен, прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч разважае, ці ёсць у Беларусі беспрацоўе, чаму яно «не бачна», і як павінны ў прынцыпе вырашацца праблемы на рынку працы.

1625579383039.jpg


Нагодай для разваг Кныровіча сталі словы міністаркі працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч у эфіры тэлеканала СТБ, якая прызнала адмоўную дынаміку па занятых у эканоміцы. Па словах чыноўніцы, на гэта ўплываюць два фактары — дэмаграфічны і эканамічны.

— З улікам усё ж такі той негатыўнай санкцыйнай палітыкі, якая праходзіць цяпер у Беларусі, бізнес стаў актыўна аптымізаваць свае працэсы. І гэта нармальна — кожны лічыць сваю заробленую капейчыну. Але нейкіх глабальных, сур'ёзных праблем на рынку працы няма. Узровень беспрацоўя — 3,8%, — сказала Касцевіч.

Такі ўзровень беспрацоўя міністарка назвала «здаровым», бо ён «дазваляе знайсці сабе працоўнае месца, пры гэтым канкураваць на рынку працы».

Сапраўды, у эканамічнай тэорыі ёсць паняцце «здаровы ўзровень беспрацоўя», адзначыў у каментары Філіну Аляксандр Кныровіч. Па яго словах, стоадсоткавая занятасць, уласцівая Савецкаму Саюзу, ні да чаго станоўчага не вядзе.

— Заўсёды ў эканоміцы павінна быць частка свабодных працоўных месцаў і частка свабодных рабочых рук. Эканоміка не знаходзіцца ў статычнай сітуацыі: расце і падае выпуск тых ці іншых тавараў, уводзяцца новыя тэхналогіі і зачыняюцца старыя. І вось калі на рынку ёсць пэўная колькасць людзей і свабодных працоўных месцаў, тады не ўзнікае высілкаў, і людзі спакойна пераходзяць з аднаго працоўнага месца на іншае, новыя прадпрыемствы знаходзяць сабе свабодныя працоўныя рукі і гэтак далей.

Які ўзровень беспрацоўя з'яўляецца натуральным, нармальным? Згодна базавай эканамічнай тэорыі, гэта 6%. Калі ў краіне беспрацоўе меншае, можна сказаць, што нічога экстраардынарнага не адбываецца пры адным «але». Пры гэтым вы павінны гэтым беспрацоўным, якіх у Беларусі налічылі каля 200 тысяч, забяспечыць на перыяд пошуку працы годны сацыяльны ўзровень.

У асобных краінах Заходняй Еўропы тэрмін выплаты дапамогі па беспрацоўі складае паўтара года. Узровень дапамогі складае 70 працэнтаў ад папярэдняга заробку. У нашых умовах гэта было б больш за адну тысячу рублёў.

Рэальная беларуская дапамога па беспрацоўі — ад 25 да 74 рублёў у месяц. Вырашаць праблему забеспячэння беспрацоўных у Беларусі нібыта не збіраюцца, ставяцца да гэтых людзей як да «дармаедаў».

За час кіравання Лукашэнкі колькасць занятых у эканоміцы знізілася на адзін мільён чалавек, і кожны месяц мы ўсталёўваем новы рэкорд. У чым складаецца праблема? Ёсць людзі, якія занятыя ў эканоміцы, і ёсць усе астатнія — бюджэтнікі, пенсіянеры — тыя, хто не ствараюць ВУП. Дык вось, суадносіны паміж імі змяняецца на карысць незанятых у эканоміцы. Праз гэта ўзнікае дзірка ў пенсійным фондзе, туды даводзіцца ўсё больш дакладваць.


У нас сапраўды няма праблемы беспрацоўя. 200 тысяч чалавек неяк спраўляюцца самі са сваім жыццём. Акрамя таго, у краіне 100 тысяч адкрытых працоўных месцаў, на якія людзі не спяшаюцца працаўладкоўвацца. Чаму? Таму што больш чым палова вакансій з заробкам да 800 рублёў — адкрыта жабрацкім.

У калгасах не хапае ветэрынарных лекараў. Ніхто не хоча туды ісці працаваць. Вы не можаце сказаць праграмісту: «Дарагі, а ці не хочаш ты перавучыцца і паехаць у калгас пад Крычавам асвойваць новую прафесію? Быў у цябе заробак 3000 долараў, а цяпер будзе 250, але затое на свежым паветры». Таму ў нас праграмістаў шмат, а ветурачоў не хапае. Сапраўды, гэтак жа не хапае парадку 15 адсоткаў лекараў у паліклініках і бальніцах. Іх таксама ўзяць няма адкуль.

У нас, хутчэй, дэфіцыт людзей у розных галінах, чым беспрацоўе. Дарэчы, гэта праблема ў цэлым у Еўропе: не хапае людзей, а не працоўных месцаў. З вакансіямі ўсё больш-менш добра. Таму міністр працы і сацыяльнай абароны агулам кажа правільна, але яна не агучвае рэальна існыя праблемы, якія выглядаюць не як беспрацоўе, а як недахоп працоўных рук у асобных вельмі важных для Беларусі месцах.

Такія пытанні вырашаюцца на ўзроўні дзяржаўнага планавання. Гэтыя працэсы доўжацца дзесяцігоддзямі, і гэта зусім іншы ўзровень кіравання дзяржавай. Трэба фіксаваць праблему і нараджаць план, накіраваны на дзесяцігоддзе.

І гэта не план прывязкі лекара на 10 гадоў да працоўнага месца, а стварэнне для яго ўмоў.