Дзясяткі і сотні тысяч: як Беларусь губляе беларусаў
Дагэтуль эксперты спрачаюцца, колькі беларусаў пакінула краіну за апошнія гады. Некаторыя кажуць нават пра паўмільёна чалавек, а паводле «ашчушчэнняў» у Беларусі, даюць лічбу і ў 10 тысяч. Таму даследчы цэнтр BEROC вырашыў разлічыць — хаця б прыблізна — маштаб эміграцыі. Лічба аказалася ў нечым шакавальная.
Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анастасія Лузгіна, прадстаўляючы даследаванне, адзначыла, што, па-першае, эксперты ацэньвалі міграцыю толькі ў краіны ЕС. Па-другое, ацэньвалася менавіта «сталая» міграцыя, то-бок на доўгі тэрмін, а не на 3-6 месяцаў, не па працы. Таму аналізавалася не колькасць і якасць выдадзеных віз (хаця і гэта таксама), а лічбы атрымання беларусамі дазволаў на жыхарства, ВНЖ і іншых дакументаў, якія даюць мажлівасць менавіта сталага пражывання.
Пры гэтым даследаванне закранула пэўныя часовыя рамкі — 2021-2022 гады. З гэтага ўзрасла складанасць ацэнкі, бо чалавек, які, умоўна, прыехаў у Літву ў 2020-м годзе, від на жыхарства атрымлівае ў 2021-м.
Акрамя таго, від на жыхарства ці іншы дазвол на пражыванне маюць канчатковы тэрмін дзеяння, як правіла, 1-3 гады. Таму таксама трэба было «адсеяць» і тых, хто «перападаваўся» на атрыманне ВНЖ ці іншага дазволу на пражыванне ў краіне.
У выніку, шляхам складанай матэматыкі і былі атрыманы вынікі, якія, па вялікім рахунку, суцяшальнымі для Беларусі не з'яўляюцца.
«Дзясяткі тысяч» — не перабольшанне
Паводле звестак афіцыйнай беларускай статыстыкі, за мінулы год краіну пакінулі ўсяго 5590 чалавек. Пры гэтым тая ж афіцыйная статыстыка фіксуе адток са сферы занятасці адных толькі айцішнікаў у 17 тысяч чалавек за мінулы год. Гэтыя 17 тысяч чалавек не сталі беспрацоўнымі, бо афіцыйнае беспрацоўе знаходзіцца на гістарычна нізкім узроўні ў 3,6%. Дык куды ж усе гэтыя айцішнікі падзеліся?
Зразумела, за мяжу.
Як адзначае BEROC, на пачатак 2022 года ў Літве пражывалі 31 028 беларусаў. У пачатку 2023 года іх стала ўжо 48 804 чалавекі. Гэта значыць, што за 2022 год у Літве атрымалі дазвол на пражыванне як мінімум 18 000 грамадзян нашай краіны — толькі за адзін год. Такім чынам, можна сказаць, што ў Літву пераехалі ўсе айцішнікі, якія «звольніліся» з краіны.
Гэта, вядома, будзе перабольшаннем, бо ў Літву ехалі не толькі ІТ-спецыялісты. Але лічбы ўсё ж зачароўваюць.
У 2020 годзе ў Літве было 17 169 беларусаў, а ў 2021-м стала, як мы ўжо ведаем, 31 028. Рост — амаль двухразовы.
Але прыярытэтам для беларусаў з'яўляецца больш вялікая Польшча. Там больш зразумелыя ўмовы легалізацыі, больш простыя, у параўнанні з Літвой, працэдуры, ёсць такія рэчы, як «карта паляка» і віза РВН, збольшага зразумелая беларусам мова… Дык вось, па даных BEROC, разлічаных па тых жа крытэрах, што і для Літвы, у Польшчу за два гады маглі пераехаць ад 97 да 111 тысяч чалавек.
На падставе даных Еўрастата колькасць беларусаў, якія пераехалі ў іншыя краіны Еўропы, BEROC ацэньвае ў 21 тысячу чалавек.
І гэта нізкая лічба
Пры гэтым Анастасія Лузгіна адзначае, што нават «верхняя планка» ацэнкі BEROC у агульным працэсе эміграцыі, напэўна, заніжана. Таму што людзі з’язджалі не толькі ў Польшчу, Літву і ЕС. Частка нашых грамадзян асела ў краінах ЕАЭС, такіх, як Казахстан. Частка яшчэ да вайны перамясцілася ва Украіну. Добрая частка асела ў Грузіі, якая імкнецца ў ЕС, але і ў ЕАЭС не ўваходзіць.
Пры гэтым у даследаванні яшчэ не закраналася і часовая, працоўная міграцыя. Да вайны з Украінай хадзіла лічба ў мільён беларусаў, якія працуюць у Расіі. Зараз BEROC свядома адсек гэту лічбу ў сваім даследаванні.
У самым росквіце сіл…
Варта адзначыць, што за апошнія гады істотна змяніўся і партрэт беларуса, які з'язджае. Калі ў 2013-2014 гадах на захад мігравалі пераважна жанчыны, якія выходзяць замуж за багатых замежнікаў, то цяпер прыкладна 60% мігрантаў — мужчыны.
Узрост новых мігрантаў — самы працаздольны, большасць з іх знаходзяцца ў прамежку 20-39 гадоў (прыкладна 55%). Яшчэ каля 30% — гэта людзі ва ўзросце 40-59 гадоў. І гэта, зразумела, не толькі айцішнікі, але і будаўнікі, людзі, якія працавалі ў сферы транспарту, прадстаўнікі іншых рабочых спецыяльнасцей — не гаворым ужо пра медыкаў.
Напрыклад, з 10 жніўня 2020 года па 31 студзеня 2022 года беларусы атрымалі больш за 500 тысяч польскіх нацыянальных віз. За 2022 год Польшча выдала амаль 260 тысяч віз тыпу D.
Вядома, не ўсе з тых, што атрымалі гэтыя візы, паедуць у Польшчу на сталае месца жыхарства, некаторыя будуць выкарыстоўваць іх у якасці турыстычных: уласна, з выдадзеных Польшчай «айцішных» віз РВН скарысталіся толькі каля 30%. Але гэта паказвае і патэнцыял для эміграцыі. Як правіла, людзі лічаць, што візу трэба мець «на ўсялякі выпадак», раптам прыйдзецца тэрмінова валіць з краіны.
А колькі іх насамрэч?
Краіна без народа
Чым гэта пагражае Беларусі? Вядома ж, нічым добрым, разам з дрэннай дэмаграфічнай сітуацыяй, нізкай нараджальнасцю і даволі высокай смяротнасцю. У найбліжэйшай перспектыве — тым, што будзе глабальны недахоп сродкаў у ФСАН для выплат пенсій і дапамог, бо цяпер іх забяспечваюць працоўныя беларусы, якія даволі масава з'язджаюць з краіны і перастаюць плаціць падаткі.
У аддаленай перспектыве — знікненнем беларусаў як нацыі. І цалкам можа апраўдацца прагноз таго ж BEROC, калі да 2100 года беларусаў застанецца толькі 4 мільёны.