Аліна Коўшык: ЕС дапаможа абараніць беларускую мову ў Беларусі

Праблема захавання беларускай мовы і культуры ўзнятая ў Еўрасаюзе на вельмі высокім узроўні, заявіла прадстаўніца Кабінета Святланы Ціханоўскай па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

Аліна Коўшык. Фота Паўла Хадзінскага

Аліна Коўшык. Фота Паўла Хадзінскага

Аліна Коўшык спадзяецца на дапамогу ЕС у захаванні беларускай мовы. Пра гэта яна распавяла ў сацсетках Пераходнага кабінета.

— Я хацела б выказаць глыбокую ўдзячнасць віцэ-прэм'еру, міністру культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пятру Глінскаму за тое, што ўзняў праблему захавання беларускай мовы і культуры на форуме Еўрасаюза ў Бруселі.

Польшча лічыць неабходным распрацаваць агульнаеўрапейскі план дзеянняў, каб падтрымаць намаганні беларусаў па абароне сваёй мовы, нацыянальных каштоўнасцей, традыцый, ідэнтычнасці.

Абмеркаванне гэтага балючага пытання стала магчымым дзякуючы актыўным беларусам — прадстаўнікам народных амбасадаў — і нашай згуртаванай працы. 


Разам з імі мы накіравалі ліст усім міністрам культуры краін ЕС, у якім распавялі пра рэпрэсіі рэжыму ў дачыненні да культурных дзеячаў, пра выцісканне беларускай мовы з публічнай прасторы, у тым ліку з навучальных устаноў, пра знішчэнне грамадскіх арганізацый, якія займаліся захаваннем і папулярызацыяй беларускай мовы і культуры.

У лісце мы таксама папрасілі міністраў аб пошуку магчымасцей для падтрымкі беларускіх дзеячаў культуры, адукацыі на беларускай мове, беларускага кнігавыдання і інш.

Тое, што наша супольная праблема ўзнятая на такім высокім узроўні, дае нам спадзяванні, што намеры Еўрасаюза па падтрымцы беларускай культуры будуць рэалізаваныя. Ва ўмовах агрэсіўнай экспансіі «рускага свету» гэта асабліва важна.