Ян Павел ІІ пра Беларусь: да народзінаў вялікага Пантыфіка

У 1994 годзе Ян Павел ІІ прызнаўся: «Які ж блізкі мне гэты Касцёл, што так шмат у апошнія дзесяцігоддзі выпакутаваў дзеля Хрыстовага Імя! Ахопліваю сваёй думкай тых, хто быў асуджаны таталітарнымі рэжымамі на вялікія цярпенні, прыніжэнні і пераследаванні». У 103-ю гадавіну з народзінаў Караля Вайтылы ўзгадаем яго думкі і выказванні пра нашу краіну.

1_722.jpg

1979

Як цытуе Андрэй Вашкевіч ксяндза Аляксандра Надсана, ужо ў сваім першым калядным прывітаньні да народаў сьвету Папа зьвярнуўся і да беларусаў на ix роднай мове, тым самым абудзіўшы ў іх кволыя надзеі на адраджэньне Касьцёлу. А ўжо праз некалькі тыдняў, калі 19 студзеня 1979 году Ян Павал ІІ прыняў беларускіх сьвятароў у сваёй рэзідэнцыі, яны ўзмацніліся. Вось як пра гэта пісаў будучы апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы айцец Аляксандар Надсан у сваёй кнізе «Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус»:

«Сярод беларускіх сьвятароў, якія сабраліся 14 студзеня 1979 году ў Рыме, панавалі даволі змрочныя настроі. Апрача біскупа Сіповіча, ix было ўсяго чатыры: Уладзімер Тарасевіч з Чыкага, Аляксандар Надсан з Лёндану, Робэрт Тамушанскі i Кастусь Маскалік з Рыма… Не забыліся пра патрэбу біскупа ў Беларусі. Вырашылі прасіць новага Папу ўзнавіць стараньні свайго папярэдніка ў гэтай справе.

Гэтак i зрабілі на прыватнай аўдыенцыі 19 студзеня. Перш Папа прыняў Уладыку Чэслава аднаго, які пасьля апісаў іхную гутарку.

Я сказаў, што, напэўна, ужо Сьвяты Айцец ведае, у якой справе прыходзім: просім назначыць для Беларусі біскупа ў асобе а. Уладзіслава Чарняўскага, бо periculum in mora (небясьпечна чакаць), i Каталіцкі касьцёл там загіне. 

Айцец Сьвяты згадзіўся, што ёсьць небясьпека сьмерці для Касьцёлу на Беларусі…

Пытае: «Калі гаворка аб Беларусі, як мы гэта разумеем?»

Кажу: БССР, якая паўстала пасьля апошняй вайны з былой БССР i далучанай Заходняй Беларусі, якая была пад Польшчай…

Папа кажа: «Польскія біскупы i кардынал Вышынскі адсочваюць сытуацыю Касьцёла на Беларусі i высылаюць туды час ад часу сьвятароў i думаюць, што гэтакімі візытамі ратуюць сытуацыю, але я думаю, што біскуп патрэбны. Цяпер сытуацыя там… зьмяняецца быццам на лепшае». Вельмі далікатна Папа закрануў факт, што ў Беларусі моляцца па-польску, a савецкі ўрад каталікоў уважае за чужы элемент, за палякаў… 

Я тут стараюся высьветліць: моладзь не ведае польскай мовы ў Беларусі, ёсьць інтэлігенцыя, якая ня ўся бязбожная i ня ўся варожая да рэлігіі. Гэтым трэба дапамагчы. Папа пытае пра а. Ул. Чарняўскага, кажа: «Гэтае прозьвішча мне вядомае. Хто ён такі, марыянін?» Кажу, што так! 

«Што ж, можа, удасца штосьці зрабіць! Я тую палітыку савецкую, камуністаў, ведаю, але ня ведаю яшчэ ватыканскай», — тут Папа ўсьміхнуўся.

Дзякую Папу за яго беларускае прывітаньне i пажаданьне ў ягонай каляднай прамове. Ён на гэта вельмі моцна i энергічна: «Заўсёды i ў будучыні гэтак буду гаварыць! Мы, славяне, тысячу гадоў чакалі свайго Папу, дык нашто ж я тут сяджу?!» Тады я запытаў Папу, ці можна мне яго, калі прыйдуць мае сьвятары, прывітаць на беларускай мове? Ён адказаў: «Tak! Proszę!»

3_598.jpg

1989

Яшчэ ў далёкім 1989 годзе, даючы біскупскае пасьвячэньне Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, ён коратка прывітаў новага герарха менавіта на беларускай мове.

«Вялікаю зьяўляецца мая радасьць магчы надзяліць поўню сьвятарства дарагому монсіньёру Тадэвушу Кандрусевічу, якога я прызначыў апостальскім адміністратарам Менскай дыяцэзіі для каталікоў усёй Беларусі. Жадаю яму з бацькоўскай любоўю посьпехаў у вядзеньні душпастырскай працы на гэтай прасторнай тэрыторыі ды ў той самы час упрошваю Божага блаславеньня яму і ўсім вернікам, давераным яго душпастырскай апецы».

Тадэвуш Кандрусевіч прызнаўся, што захоўвае гэты тэкст.

1994

26 лістапада 1994 году падчас публічнага кансісторыю, калі тагачасны арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Казімір Сьвёнтэк атрымаў кардынальскую годнасьць, Ян Павал ІІ прызнаўся: «Які ж блізкі мне гэты Касьцёл, што так шмат у апошнія дзесяцігодзьдзі выпакутаваў дзеля Хрыстовага Імя! Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтую хвіліну ўсіх сьвятароў і ўсіх сьвецкіх асобаў, якія за вернае трываньне пры Хрыстовым Эвангельлі былі асуджаныя таталітарнымі рэжымамі на вялікія цярпеньні, прыніжэньні і перасьледаваньні. Многія зь іх страцілі жыцьцё ў канцэнтрацыйных лягерах у Сібіры, асуджаныя на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсьць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог».

«Нiхто ня мае большай любовi за тую, калi хто жыцьцё сваё аддае за сяброў сваiх»

Ян Павал ІІ казаў: «Урачыста сьвяткуючы пяцiдзесятую гадавiну Варшаўскага паўстаньня (у 1994 годзе), трэба падкрэсьлiць, што яно мела таксама ключавое значэньне для Эўропы другой паловы ХХ стагодзьдзя. Як найвышэйшы момант барацьбы, якую палякi вялi за сваю незалежную дзяржаву, яно стала паўнавартасным пачаткам працэсу фармiраваньня незалежных дзяржаваў на тэрыторыi Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы. 

Гэты працэс мог разгарнуцца напоўнiцу толькi пасьля 1989 года, разам з падзеньнем камунiстычнага таталiтарызму, i тады ён прывёў да ўзьнiкненьня ў гэтай частцы Эўропы ня толькi напраўду суверэннай Польшчы, але таксама Летувы, Латвii i Эстонii, Беларусi i Ўкраiны, а на поўднi Чэхii, Славаччыны i Вугоршчыны.

Без гарантыяў роўнасьцi закону ўсiх нацыянальных дзяржаваў, якiя ўтвараюцца на тэрыторыi Эўропы, не можа быць гаворкi пра мiрнае суiснаваньне на нашым кантынэнце».

Пісьменьніца і перакладніца Хрысьціна Лялько пераклала і выдала сем кнігаў твораў Яна Паўла II па-беларуску

Зь яе ўспамінаў: «Падчас размовы ў 1994 годзе я запрасіла Папу прыехаць у Беларусь. Вядома, магла гэта зрабіць толькі як прыватная асоба. Папа жыва адрэагаваў на гэтае запрашэньне, падзякаваў і сказаў, што ён даўно марыць «ступіць» на нашую зямлю… Ян Павал II добра ведаў пакутную і няпростую гісторыю Каталіцкага Касьцёла ў нашай краіне, называў гэты Касьцёл «умілаваным», цаніў і паважаў гераічнага кардынала, вязьня сталінскага ГУЛАГа Казіміра Сьвёнтка.

Падчас нашай сустрэчы Папа распытваў пра яго і непакоіўся, што яму, тады ўжо 80-гадоваму, даводзіцца пастаянна пераадольваць адлегласьць паміж Пінскам і Менскам. Памятаю, як некалькі разоў Папа паўтарыў: "Пінск — Менск, Менск — Пінск…"

hryscina_ljalko.jpg

Другая сустрэча адбылася праз год, восеньню 1995 году, таксама ў Кастэль Гандольфа. Тады я ўдзельнічала ў Міжнароднай канфэрэнцыі, якая праходзіла па ініцыятыве Яна Паўла II у Рыме, і Папа пажадаў сустрэцца зь яе ўдзельнікамі. Мне было вельмі прыемна, што ён пазнаў мяне, прыгадаўшы нашу папярэднюю сустрэчу.

Менавіта тады я распавяла Папу пра тое, што мы, сьвецкія каталікі, пачынаем выдаваць газэту «Ave Maria» (пасьля яе ператвораць у часопіс), папрасіла ягонага апостальскага бласлаўленьня, якое ён мне ўдзяліў. І вось на другую сустрэчу я захапіла некалькі самых першых нумароў і сказала, што гэта вынік ягонага бласлаўленьня. Трэба было бачыць, як ён узрадаваўся: паклаў руку на шэра-блакітную тады вокладку, услых прачытаў назву і перапытаў, на якой мове «Ave Maria» выдаецца. Пачуўшы, што на беларускай, сказаў словы, якія я на ўсё жыцьцё запомніла:

"Як жа добра, — сказаў тады Папа, — што маеце ўжо каталіцкі друк на беларускай мове…"

Ян Павал II быў вялікім патрыётам сваёй радзімы — Польшчы і таму выдатна разумеў і ведаў, наколькі істотна для кожнага чалавека, для кожнага народа Бацькаўшчына, ейная гісторыя і ейная мова».

1995

Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы сьв. Пятра 6 верасьня 1995 году Ян Павал ІІ прывітаў групу дзяцей з паўднёвых рэгіёнаў Беларусі, якія прыбылі ў Італію на аздараўленьне: «Дарагія беларускія дзеткі! Папа Рымскі вас вітае і ўпрошвае Творцу неба, зямлі, вады, кожнай істоты на зямлі аб літасьці для вас і вашых сем’яў, што жывуць у чарнобыльскай зоне, каб вы выраслі здаровыя. Падзякуйма італьянскім вернікам за іхную любоў да вас, беларускія дзеці!»

1998

17 кастрычніка 1998 году на плошчы сьвятога Пятра ў Рыме ён прамовіў да пілігрымаў з Беларусі на беларускай мове:

«Большасьць з вас упершыню ў Вечным горадзе. Безумоўна, гэта гiстарычная пiлiгрымка. Бо вы прыбываеце з краю, якi вярнуў незалежнасьць, з краю, дзе Касьцёл цяпер можа свабодна выконваць сваю мiсiю. Гэта здарылася дзякуючы гiстарычным падзеям, якiя адбылiся ў Цэнтральна-Усходняй Эўропе на мяжы 1989 i 1990 гадоў. Многiя з вас яшчэ носяць у сэрцах балючыя ўспамiны i раны гэтых трагiчных перажываньняў, крыўдаў, у лiк якiх уваходзiлi бязьлiтасныя прымусовыя перасяленьнi ў далёкiя невядомыя куткi цi высылкi ў лягеры. Колькi вашых блiзкiх больш не вярнулася дамоў! Колькi дагэтуль пакутуе праз расстаньне i сьмерць тых, каго яны так моцна любiлi!

Я прагну таксама згадаць перасьлед, якi спазнаў у тыя часы каталiцкi Касьцёл. Хто ж зьлiчыць усе пакуты сьвецкiх вернiкаў, сьвятароў, законьнiкаў i законьнiц на зямлi беларускай! Я кажу сёньня пра гэта, бо нашу глыбока ў сэрцы ўсё тое, што стала вашай доляй у страшэнныя гады Другой сусьветнай вайны i ў пэрыяд, якi наступiў непасрэдна пасьля яе. Я хацеў таксама такiм чынам аддаць данiну павагi тым, хто ў тых нечалавечых умовах захаваў сваю годнасьць, неаднойчы даючы гераiчнае сьведчаньне любовi да Бога i Касьцёла. Я зьвяртаюся да Ксяндза Кардынала, жыцьцё якога i зьвязаныя зь iм пакуты i прынiжэньне пэўным чынам адлюстроўваюць лёсы часам цэлых сем’яў цi некаторых асобаў i ўсяго грамадзтва.

Вы прыбылi да магiлаў сьвятых апосталаў Пятра i Паўла, каб падзякаваць Богу за тое, што Ён падтрымлiваў нас сваёй сiлай у часы выпрабаваньняў i цiску. Каб падзякаваць Яму за дар веры, за адвагу, зь якой вы баранiлi хрысьцiянскую традыцыю. Вы прыходзiце сюды для таго, каб шукаць тут падтрымкi на дарозе, што чакае вас наперадзе.

Свабодай нельга проста валодаць, яе трэба ўвесь час здабываць, ствараць.

Яна можа быць выкарыстаная добра цi дрэнна, у iмя дабра сапраўднага цi ўяўнага. Сёньня праз сьвет крочыць скажонае паняцьце свабоды. Ёсьць i тыя, хто менавiта такую свабоду абвяшчае. Мы павiнныя ведаць пра гэта i глыбока гэта ўсьведамляць. Трэба прасiць Бога, каб Ён даў плён гэтаму дабру, якое зьдзейсьнiлася i якое дагэтуль зьдзяйсняецца на вашай зямлi, каб ставала ў сэрцах мужнасьцi, велiкадушнасьцi i надзеi.

Таму сузірайце заўсёды Хрыста; як вы прынялі Пана Езуса Хрыста, так паступайце ў Ім, укаранёныя і збудаваныя ў Ім, умацаваныя вераю.

Глядзіце, каб ніхто не захапіў вас у палон філязофіяй і марным падманам паводле чалавечай традыціі, паводле стыхій сьвету, а не паводле Хрыста (пар. Клс 2, 6–8).

Карыстаючыся нагодай, жадаю таксама павiншаваць тут, з гэтага месца, усiх грамадзянаў Беларусi. Я жадаю вашаму краю ўсяго добрага, а перад усiм пасьпяховага духоўнага i матэрыяльнага развiцьця. Няхай усе жыхары вашай зямлi чуюцца шчасьлiвымi. Супольна будуйце ваш сёньняшнi дзень i вашую будучыну.

Я атрымлiваю ад вас шмат лiстоў з запрашэньнямi наведаць Беларусь. Сёньня кардынал пацьвердзiў гэта ў сваёй прамове. Можа, Божы Провiд дазволiць мне аднойчы адказаць на гэтае дарагое мне запрашэньне. Будзьма верыць, што так станецца. Трэба горача малiцца пра гэта.

Усiх тут прысутных, а таксама вашыя сем’i, вашых найблiжэйшых я ад усяго сэрца бласлаўляю».

Пантыфік і беларускі кардынал Казімір Сьвёнтэк

Пантыфік і беларускі кардынал Казімір Сьвёнтэк

1999

8 чэрвеня 1999 году падчас сёмага Апостальскага падарожжа ў Польшчу Ян Павал ІІ зьвярнуўся па-беларуску да прысутных на сьвятой Імшы ў Элку вернікаў з Беларусі. У тым набажэнстве практычна ў поўным складзе брала ўдзел супольнасьць Гродзенскай сэмінарыі. У сваіх словах Сьвяты Айцец працягнуў выказаную раней думку:

«Жадаю, каб у вас асабліва ў гэты час дзейнічала Божая ласка. Любіце Хрыста і Эвангельле: такім чынам ваша вера ўзрасьце і прынясе шчодрыя духоўныя плёны».

2000

3 чэрвеня 2000 году ў Рыме Ян Павал ІІ таксама асабіста прамовіў да пілігрымаў зь Беларусі. Сярод іх тады былі сёстры з супольнасьці Сьвятой Сям’і з Назарэта, якія прыбылі ў інтэнцыі падзякі за дар беатыфікацыі іх сясьцёр, пакутніц з Наваградка.

Сьвяты Айцец падзякаваў за шчодры духоўны плён сясцёр назарэтанак, якія любілі Хрыста і Эвангельле ня толькі на ўроках катэхезы для мясцовых дзетак, але і ў ноч, што стала выпрабаваньнем іх эвангельскага радыкалізму на ўзор Хрыста, які казаў: «Ніхто ня мае большай любові за тую, калі хто жыцьцё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказаў вам» (Ян 15, 13–14.).

Па-беларуску Ян Павал ІІ дадаў:

«Няхай новыя бласлаўлёныя Марыя Стэла і дзесяць ейных сясьцёр, паплечніц заступаюцца перад Богам за ўвесь народ Беларусі, які я сардэчна вітаю».

4_561.jpg

2004

Ян Павал ІІ быў знаёмы з гісторыяй Беларусі, яе геаграфіяй і культурнай спадчынай. Як вядома, Пантыфік быў вялікім аматарам паэзіі і літаратуры. І, вядома, меў асаблівую любоў да творчасьці Адама Міцкевіча. Аднойчы менавіта з Міцкевічам Сьвяты Айцец жартуючы зьвязаў магчымасьць свайго візыту ў Беларусь.

Гэта здарылася ў 2004 годзе ў размове з кардыналам Казімірам Сьвёнтэкам, які прыбыў у Рым, каб атрымаць з рук Сьвятога Айца ўзнагароду «Fidei testis» (Сьведка веры). Пасля цырымоніі паміж імі адбылася прыватная размова, у ходзе якой кардынал спытаў Пантыфіка пра магчымасьць візыту ў нашую краіну. На гэта Папа адказаў, што згодны наведаць Беларусь у бліжэйшы час пры адной ўмове, а менавіта, каб у рамках візыту наведаць мясьціны, зьвязаныя з творчасьцю і жыцьцём Адама Міцкевіча: Завосьсе, Наваградак і, вядома, возера Сьвіцязь. 

Пантыфік хацеў на ўласныя вочы пабачыць асяродзьдзе, у якім паўсталі цудоўныя творы паэта. Кардынал быў зьдзіўлены гэтым і таксама адказаў жартуючы:

«Сьвяты Ойча, калі мы павінныя паехаць на Сьвіцязь, то і я маю адну ўмову: мы абавязкова павінны паплаваць у гэтым возеры». 

Папа засьмяяўся.