Аляксандр Класкоўскі: Сам рэжым лядашчы і патроху ўпадае ў брэжнеўскі маразм

Масавы зыход грамадзян з Беларусі набыў характар нацыянальнай катастрофы, піша палітычны аналітык у праекце «Вот так!». Паводле свежых звестак, Беларусь — самая старая краіна ў ЕАЭС, якая аказалася ў дэмаграфічнай яме. А рэпрэсіі і выкліканы імі зыход людзей з краіны абвастрылі праблему.

_belarus_babrujsk_szpacyr_2023_fota_novy_czas__3__logo.jpg

Улады Беларусі ўпершыню прызналі масавы зыход грамадзян з краіны. Паводле звестак прадстаўніка МУС, за 2021-2022 гады з'ехала больш за 200 тысяч чалавек. З улікам 2023-га лічба напэўна значна большая. Раней Лукашэнка прымяншаў маштаб, казаў пра некалькі тысяч «збеглых». Насамрэч, лічба для 9-мільённай Беларусі каласальная. Прычым з'язджаюць у асноўным найбольш прасунутыя, адукаваныя, маладыя.

Ратуюцца ад рэпрэсій

Начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун 18 студзеня на тэлеканале АНТ паведаміў, што за 2021-2022 гады з Беларусі з розных прычын выехала больш за 200 тысяч грамадзян. Ён прызнаў: «Вядома, шмат, таму што гэта працаздольнае насельніцтва». І дадаў: «З іншага боку, дзяржава для іх заўсёды адкрытая». І нават, маўляў, «калі вы дапусцілі крымінальнае злачынства, ёсць адпаведная камісія».

Пра камісію — крыху ніжэй, а пакуль — пра прычыны такога вялізнага адтоку людзей. Напэўна на першым месцы — прычыны палітычныя. Прасцей кажучы, гэтыя людзі ратаваліся і працягваюць ратавацца ад жахлівых рэпрэсій, ад турмы.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», агульны тэрмін па ўсіх вынесеных у 2023 годзе палітычна матываваных прысудах складае 2996 гадоў. Пачынаючы ж з 2020 года, калі ў краіне ўспыхнулі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, пад каток рэпрэсій трапілі дзясяткі тысяч чалавек. Паводле падлікаў праваабаронцаў, у краіне на 19 студзеня — 1410 палітвязняў. Рэальная лічба можа быць нашмат большай: далёка не пра ўсе выпадкі вядома.

Да таго ж трэба ўлічыць, што частка палітвязняў першай хвалі (тады яшчэ не ляпілі такія сталінскія тэрміны) ужо выйшла на волю. І многія з іх таксама былі вымушаныя перабрацца за мяжу, таму што па выхадзе з-за кратаў палітвязень, як правіла, аказваецца пад шчыльным каўпаком органаў, якія выразна даюць зразумець: не прыбярэшся за бугор — знойдзем, за што пасадзіць зноў.

А хапаюць сёння нават за падпіскі на тэлеграм-каналы, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі». Сілавікі працягваюць маніторыць масівы фота і відэа, каб праз распазнаванне асоб ідэнтыфікаваць тых, хто выходзіў на вуліцы ў 2020-м, і ўпекчы за краты. Саджаюць таксама за даўнія данаты на падтрымку рэпрэсаваных або, напрыклад, полк імя Каліноўскага, які складаецца з беларускіх добраахвотнікаў, ваюючых на баку Кіева.

Глядзіце таксама

Айцішнікі цяпер папаўняюць бюджэты іншых краін

Многія з'язджаюць і па эканамічных прычынах. Беларуская эканоміка, якой Лукашэнка аддае перавагу кіраваць адміністрацыйна-каманднымі метадамі, ужо больш за 10 гадоў у стагнацыі. І незалежныя эксперты прагназуюць яе працяг. Заробкі ў Беларусі ўжо разы ў тры ніжэйшыя, чым у суседзяў — палякаў і грамадзян краін Балтыі.

А часта да эміграцыі штурхае сумесь гэтых двух прычын. Напрыклад, айцішнікі ў 2020-м актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах. Лукашэнка здзіўляўся: а гэтым-та з іх шалёнымі заробкамі чаго яшчэ трэба, з тлушчу шалеюць. Кіраўнік не разумеў і не разумее, што значная частка грамадства перарасла яго сістэму, хоча рэальна абіраць уладу, мець незалежныя суды, урэшце — проста дыхаць свабодна.

Вядома, айцішнікам не спадабалася, калі па іх светлых галовах сталі малаціць дубінкамі амапаўцы. Ды і ўмовы працы ІТ-кампаній прыкметна пагоршыліся, яны сталі адна за адной сыходзіць з дзяржавы з таксічнай рэпутацыяй, рэлакаваць офісы і супрацоўнікаў. Цяпер гэтыя фірмы актыўна папаўняюць, у прыватнасці, польскі і літоўскі бюджэты.

У выніку паказчыкі беларускага ІТ-сектара, які чыноўнікі раней з гонарам называлі драйверам нацыянальнай эканомікі (Лукашэнка казыраў тым, што стварыў Парк высокіх тэхналогій з цяплічнымі ўмовамі), рэзка аселі. Калі за студзень-лістапад 2022 года доля ІТ і сувязі ў ВУП Беларусі склала 6,8%, то за такі ж перыяд 2023 года — толькі 4,4%. Пры гэтым унёсак галіны ў дынаміку ВУП аказаўся адмоўным — мінус 1%. Вядомы ІТ-спецыяліст Павел Лібер кажа, што Беларусь ужо нельга лічыць ІТ-дзяржавай.

Глядзіце таксама

З камісіі па вяртанні атрымаўся пшык

У Беларусі цяпер востра адчуваецца таксама дэфіцыт медыкаў, іншых спецыялістаў. Улады паспрабавалі выправіць сітуацыю праз стварэнне ў пачатку мінулага года камісіі па вяртанні эмігрантаў. Маўляў, пішыце ў яе заявы, мы разгледзім і паведамім, ці можна вам бяспечна прыязджаць назад.

Можна меркаваць, што стварыць камісію кіраўніку прапанавалі разважныя людзі з акружэння, заклапочаныя кадравым голадам, дзіркамі на рынку працы. Але ў выніку задума ператварылася ў фарс. Камісію склалі ў значнай ступені з адыёзных сілавікоў, прапагандыстаў накшталт Рыгора Азаронка, які ашалела заклікае з экрана вельмі жорстка караць усіх, хто супраць «бацькі».

Пры гэтым грамадзянам прапаноўвалася патлумачыць, чаму яны асцерагаюцца вяртацца. Гэта значыць, па сутнасці, напісаць на сябе данос. Да таго ж у ліку ўмоў былі і такія, як «раскаяцца ў зробленым і праінфармаваць Камісію аб гатоўнасці пасля вяртання прынесці публічныя прабачэнні, пакрыць прычыненую шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі». Людзям прапаноўвалі не толькі настукаць на сябе, але яшчэ і стаць на калені, перакрэсліць сваю рэпутацыю, чалавечую годнасць, сядзець потым як мыш пад венікам — і пры гэтым не факт, што табе канчаткова даруюць.

Тон працы камісіі задаў сам Лукашэнка, які абвясціў такую формулу вяртання, як ён пагардліва выказваецца, «збеглых»: «На каленях, паўзком!» Так што заяў у камісію аказалася з гулькін нос. Жаданне пісаць туды канчаткова адбілі выпадкі, калі некаторыя вяртанцы ўсё роўна траплялі пад суд.

Глядзіце таксама

Лукашэнка ўсё роўна выбірае «жесць»

Пра дэмаграфічную праблему ўлады кажуць не першы год. У 2023 годзе сярэдні ўзрост беларускага насельніцтва склаў больш за 41 год (для параўнання: у Арменіі — 37,4, у Кыргызстане — 28,3). Нараджальнасць ужо шэраг гадоў зніжаецца. Людзі ва ўзросце 65 гадоў і старэйшыя складаюць у Беларусі 16,5% насельніцтва. Па міжнароднай жа класіфікацыі грамадства лічыцца старым, калі гэтая доля дасягае 7%.

«Нам патрэбныя людзі. Дэмаграфічная праблема... У нас той правал 90-х цяпер адбіваецца. Ну не ахці вы і нараджаць хочаце сёння, жанчыны», — панаракаў Лукашэнка ў кастрычніку мінулага года, сустракаючыся з жыхарамі Берасцейскай вобласці.

Увогуле, кіраўнік разумее вастрыню дэмаграфічнай сітуацыі, праблему кадравага голаду. Але ўзважваючы, ці адкручваць гайкі, змякчаць ці палітычны клімат у краіне, ён абірае «жесць» дзеля захавання ўлады. Тым больш што Лукашэнка, як і Пуцін, відавочна не спяшаецца на палітычную пенсію, выразна дае зразумець, што мае намер зноў балатавацца ў 2025-м.

Летась правадыр рэжыму падпісаў указ, якім пазбавіў беларусаў за мяжой магчымасці атрымліваць новыя пашпарты, праводзіць здзелкі з пакінутай на радзіме маёмасцю. Таксама паводле новага закона цяпер за мяжой не будзе ўчасткаў для галасавання. Гэта значыць рэжым свядома, метадычна адсякае ад краіны нелаяльных суайчыннікаў, якія апынуліся за мяжой, штурхае іх на шлях атрымання грамадзянства іншых краін. Хай выцякаюць мазгі і працоўныя рукі, высільваецца патэнцыял нацыі — чорт з імі, затое прасцей будзе трымаць пакінутых у цуглях.

Цяперашняя гнятлівая, працятая татальным страхам атмасфера ў краіне працягвае штурхаць да эміграцыі перш за ўсё маладых, ініцыятыўных, энергічных беларусаў — тых, каму цесна, душна ў клетцы рэжыму, які эвалюцыянуе (дакладней — дэградуе) ад аўтарытарызму да таталітарызму.

Многім уцекачам ад рэпрэсій у эміграцыі несалодка. Але, выходзячы на вуліцы ў 2020-м, беларусы змагаліся за ўласную годнасць. І вяртацца «паўзком, на каленях» у тую вялікую турму, якой стала ўся Беларусь, гэтыя людзі не хочуць. Многія вераць, што рана ці позна вернуцца ў новую Беларусь. Таму што сам рэжым лядашчы і патроху ўпадае ў брэжнеўскі маразм.