2023-ці: «чорны год» для Парку высокіх тэхналогій. Беларуская IT прайшла кропку незвароту?

2023-ці з яго шматлікімі малапрыемнымі, часам страшнымі падзеямі ўнутры і па-за нашай краінай уваходзіць у гісторыю яшчэ і як «чорны год» для праекта Парку высокіх тэхналогій. Як «чорны год» для ўсёй беларускай IT-галіны.

original__1__6.jpg

І, вядома ж, як «чорны год» для тэхналагічнай будучыні нашай краіны, піша Іван Карповіч у Plan.B.

Лік за сотню

Як падлічыў Plan B., у лістападзе колькасць ліквідаваных рэзідэнтаў ПВТ і тых, якія распачалі ў 2023-ім гэтую працэдуру, пераваліла за сотню. І гэта — за няпоўны год. У другой палове 2020-га, які адначасова стаў пікам росквіту і пачаткам канца ПВТ, і затым, на працягу 2021-га, закрываліся адзінкі. У 2022-ім адлік пайшоў на дзясяткі. І вось за 11 месяцаў 2023-га ўжо перастала існаваць 69 рэзідэнтаў і яшчэ 32 падалі дакументы на сваю ліквідацыю.

Ніякія спробы ўлад затармазіць гэты зыход не дапамагаюць. Большасць з закрытых — з «залатых часоў» ПВТ. То-бок гэта кампаніі, якія ўступалі ў ПВТ да лета 2020-га. Але ўсё часцей пачалі сыходзіць і адносна лаяльныя, якія інвеставалі тады, калі на вуліцах беларускіх гарадоў бясчынстваваў АМАП і ГУБАЗіК. Калі судзілі і давалі нерэальныя тэрміны, у тым ліку і многім іх калегам.

Глядзіце таксама

Сыходзяць і «ціхары», і «аптымісты»

Звяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін сімвалічны і сумны адначасова трэнд. Трэнд, які дэманструе глыбіню крызісу ў беларускай IT-галіне. І кропка незвароту ў гэтай гісторыі ўжо пройдзена.

У 2023-ім пачалі закрывацца нават тыя кампаніі, якія пад новымі назвамі хацелі пераседзець «смутныя часы». Рэарганізоўвалі-рэбрэндзіравалі для таго, каб схаваць свае сувязі з таксічнай сёння для педантычных заходніх кліентаў лакацыяй у выглядзе Беларусі. Але таксічнасць разрастаецца з кожным месяцам і дабіраецца і да гэтых шчылін. Накрывае ўсіх і ўсюды.

І таму вымушаны ліквідаваць свайго форэкс-брокера, які не прапрацаваў пад новай назвай і года, вядомы IT-бізнесовец Віктар Пракапеня. Яго кампанія «ФінТэхСалюшнс», якая да лістапада мінулага года лічылася ў рэестры брокераў Нацыянальнага банка РБ як «Капітал Ком Бел», як высветліў Plan B., са жніўня 2023-га — у ліквідацыі.

Яшчэ прыклад. У 2020-ым у ПВТ зайшлі аўдытары з сусветнай чацвёркі — «КПМГ тэхналогіі». Калі ў 2022-ім гэты глабальны брэнд перастаў працаваць у Расіі і Беларусі, «КПМГ тэхналогіі» сталі «Кэпт тэхналогіямі». Але вельмі хутка ад іх у ПВТ не застанецца ніякага следу — з верасня 2023-га кампанія закрываецца.

Частка гэтага трэнду — у ліквідацыю пайшлі кампаніі-распрацоўшчыкі з новымі ўладальнікамі, якія з'явіліся ў іх толькі што. Купіўшы ў ранейшых, якія пайшлі з гэтага рынку ў 2022-2023 гадах, патаннелыя актывы, новыя ўласнікі так і не здолелі прымусіць гэтыя бізнесы зарабіць, як раней. Прычыны: агульны спад у галіне, і зноў жа — таксічнасць лакацыі.

Такіх прыкладаў па 2023-ім яшчэ больш — каля 10. Самы яскравы — беларуская дачка гіганта сусветнага геймдэва Playrix. Яго заснавальнікі браты Бухманы, хоць і маюць расійскія карані, адразу ж адмовіліся мець справу са сваёй радзімай. І з Беларуссю — таксама. Улетку 2022-га яны прадалі мясцовую кампанію «Плэйрыкс Біуай» свайму суайчынніку, той пераназваў яе «Брыг Студыё». Свежы інсайд — гэтая кампанія ліквідавана ў мінулым месяцы. У сувязі з чарговай рэарганізацыяй.

Глядзіце таксама

Кропка незвароту для ўсіх

Сімвалічна, што першай кропкі незвароту дасягнула менавіта IT-галіна. Таму што самая дынамічная па ўсіх працэсах. Месяц за месяцам набліжаюцца да гэтай мяжы іншыя сектары. Наперадзе — таксама тэхналагічныя: хардвар, біятэхналогіі і да т.п. За імі выйдуць на фінішную прамую астатнія. Таму што адносна спакойна існаваць, да пары да часу развівацца ў гэбэшна-пракурорска-міліцэйскай трыярхіі, пад яе дахамі, можа толькі такі ж гэбэшна-пракурорска-міліцэйскі бізнес.

Але ці можна яго, уласна, лічыць і называць бізнесам?