«Жыву ў моўным балагане». Беларускі гісторык-эмігрант кіруе вялікім гатэлем у Балгарыі

Гісторык Андрэй Колас кіруе адным з самых вялікіх у Балгарыі курортных гатэляў «Vihren Royal Palace». На радзіме ён 12 гадоў працаваў у турыстычным бізнесе. Быў дырэктарам прадпрыемства «Падароск», якое аднаўляла сядзібу для музея беларускай шляхты. Ён распавёў «Нашай Ніве» пра свой персанал, асаблівасці балгар і раскрыў сакрэты гатоўкі акулы.

Фота з архіва Андрэя Коласа

Фота з архіва Андрэя Коласа

«Ніхто не вучыў кіраваць вялікім гатэлем»

Гатэль, якім кіруе 41-гадовы Андрэй Колас, месціцца ў 9-тысячным горадзе Банска, што на поўдні Балгарыі. З яго вокнаў бачны самы высокі пік горнага масіву Пірын — Віхрэн.

Гатэль пасля пандэміі каранавіруса аказаўся не ў лепшым фінансавым стане. Яго пакрысе выкупае польскі прадпрымальнік, які і наняў сёлета ў кастрычніку беларуса на працу.

Андрэй Колас кіруе вялікай гатэльнай гаспадаркай. Яна разлічана на абслугоўванне больш за 500 наведнікаў. Яму падначаленыя каля 100 чалавек персаналу. На сезон наймаюць дадатковую абслугу. Сёлета дапамагаць прыбудуць каля двух дзясяткаў філіпінцаў.

Ён кантралюе прыём гасцей, а таксама адказвае за фінансавую і інвестыцыйную дзейнасць. Мусіць знаходзіць новыя спосабы атрымаць даход і развіваць інфраструктуру.

Праца для Андрэя знаёмая (бо і на радзіме кіраваў фінансамі ды інвестыцыямі, пакуль не з'ехаў праз рэпрэсіі), але ў цяперашнім статусе адчувае сябе троху няёмка. «Ніхто мяне не вучыў, як быць дырэктарам такога вялікага гатэля, — гаворыць ён. — Працы вельмі шмат. Працую без выхадных, бо сезон у нас ужо пачаўся».

Андрэй кажа, што мясціна, дзе размешчаны гатэль, няшчыльна заселена. Ён узведзены ў нацыянальным парку «Пірын». Тут амаль некранутая прырода, унікальны раслінны і жывёльны свет. Тутэйшыя горы ўпадабаныя альпіністамі ды гарналыжнікамі.

Раз на год тут, у самым паўднёвым гарналыжным курорце Еўропы, праходзіць этап кубка свету па гарналыжным спорце. Чарговы запланаваны на люты. Зімовы сезон доўжыцца 4 месяцы, і ў гэты час насельніцтва Банска павялічваецца да 30 тысяч. Улетку ў ім праводзіцца шмат рокавых і джазавых канцэртаў.

Паводле слоў Андрэя, мясцовыя жыхары чакаюць прыняцця Балгарыі ў шэнгенскую зону і разлічваюць, што гэта дасць моцны штуршок развіццю турыстычнай галіны.


Фота з архіва Андрэя Коласа

Фота з архіва Андрэя Коласа

«Жыву ў моўным балагане»

На радзіме Андрэй Колас выкладаў у Ваўкавыскім каледжы спецыяльныя турыстычныя дысцыпліны. Больш за 12 гадоў працаваў у турыстычнай галіне. Сем з іх кіраваў турыстычным прадпрыемствам «Падароск», якое аднаўляла шляхетны маёнтак у аднайменным мястэчку ў Ваўкавыскім раёне.

У «Падароску» меўся быць музей беларускай шляхты, але сёлета ўлады скасавалі дамову аб набыцці фальварка і забралі яго ва ўладальніка. Расійскі інвестар з беларускімі каранямі Павел Падкарытаў (Бераговіч) уклаў у праект больш за мільён долараў.

У Польшчы Андрэй працаваў у лагістыцы, падменным прадаўцом, год адрабіў настаўнікам у беларускай школе выхаднога дня. «Браўся за любую працу — проста, каб былі грошы на жыццё», — заўважае ён.

Колас, апынуўшыся ў эміграцыі, два гады не губляў надзеі вярнуцца ў турыстычны бізнес. Цяпер ён кіруе гатэлем, у якім кліентаў столькі ж, колькі насельніцтва мястэчка Падароск.

Андрэй пабойваўся брацца за прапанаваную менеджарскую працу ў Балгарыі, бо не ведаў балгарскай мовы. Уладальнік запэўніў яго, што ён хутка навучыцца гаварыць па-балгарску, бо мова балгараў гэтак жа, як і беларусаў, кірылічная.

«Уласнік меў рацыю, — прызнаецца Андрэй. — Мне балгарская мова падаецца лёгкай. За тры месяцы ўжо чытаю без праблем. Разумею ўсе дакументы, звязаныя з маёй працаю».

У фінансавым плане жыццё беларуса змянілася ў лепшы бок. Паводле кантракта, яму забаронена называць суму заробка, але ён ёю задаволены.

Ёсць і мінусы. За тры месяцы ён толькі раз пабачыў сям’ю і сумуе па ёй.

«Калі раней у Польшчы сумаваў па Беларусі, то цяпер сумую і па Беларусі, і па Польшчы, — гаворыць ён. — Перастаў размаўляць па-беларуску. Цяпер гавару на трох мовах: польскай, балгарскай, англійскай. Пры гэтым ні адна з іх мне не родная. Жыву ў моўным балагане. Калі гавару па-беларуску з маці ці з сябрамі, то цяжка падабраць беларускі аналаг. Лезуць польскія словы».

У гатэлі Андрэя няма беларусаў. У асноўным працуюць балгары. Ім кампанію складаюць тры грамадзяніны Польшчы, адна ўкраінка, адзін малдаванін, два праваслаўныя туркі. Сярод работнікаў персаналу дзясятак мясцовых цыган. З 9 тысяч насельніцтва Банска 2 тысячы ў ім — цыганы. Сярод іх шмат добрых кухараў і музыкаў.


Глядзіце таксама

«Балгары гуляюць на поўную і не шкадуюць грошы, беларусы ж ашчадныя»

Коласу Балгарыя падалася краінаю, якой магла стаць Беларусь, калі б «у 1994 годзе абрала еўрапейскі, а не расійскі шлях развіцця». Ён адзначае, што ў Балгарыі карэнным чынам адрозніваецца стаўленне дзяржавы да чалавека і прыватнай уласнасці.

«Нягледзячы на карупцыю і іншыя праблемы, тут шануюць прыватную ўласнасць, у адрозненне ад Беларусі, дзе па сутнасці ўсе прыгонныя і няма законаў, якія яе бароняць», — адзначае суразмоўца.

Ён расказаў балгарам, што здарылася з маёнткам «Падароск», і ім гэта гісторыя падалася непраўдападобнай. Яны былі перакананы, што маёмасць могуць забраць хіба за даўгі, але немагчыма проста скасаваць дамову куплі.

Паводле слоў беларуса, балгараў шакіравала, калі яны дазналіся, што ў Беларусі няма прыватнай уласнасці на зямлю. У Балгарыі зямля прыватная з 19 стагоддзя.

Андрэй кажа, што большасць балгараў ведаюць, што існуе такая краіна, як Беларусь. Больш інфармаваныя могуць назваць яе сталіцу, згадаць дыктатара Лукашэнку, чулі пра пратэсты 2020 года і рэпрэсіі. «За два месяцы, аднак, па балгарскім тэлебачанні я ні разу не пачуў навін пра Беларусь», — адзначае ён.

На яго погляд, для балгараў Беларусь, як для беларусаў Азербайджан. «Хіба шмат беларусаў ведаюць, што ў Азербайджане таксама дыктатура, адбываюцца рэпрэсіі і ёсць палітвязні?» — заўважае ён.

Колас кажа, што беларусы і балгары ментальна непадобныя. Як паўночны народ, беларусы бліжэйшыя да немцаў. Балгары ж — да грузін, туркаў, грэкаў і нават арабаў.

«Балгары больш адкрытыя, любяць шумныя кампаніі, — адзначае ён. — У іх не прынята хадзіць у госці. А сустракаюцца яны ў шынках, рэстаранчыках, якія называецца «механа». Танцуюць усе разам. Танцы падобныя да грэчаскага «Сіртакі»: танцуючы, усе абдымаюцца, нават незнаёмыя адно з адным людзі. Балгары, калі бавяцца, то на поўную і не шкадуюць грошы. Беларусы ж ашчадныя. Эмацыйна больш стрыманыя».

Паводле Андрэя, жыхары балгарскіх мястэчак у выхадныя збіраюцца ў шматлікіх механах і весяляцца. У яго ж роднай Росі, гарадку на Гродзеншчыне, два рэстараны, якія ў выхадныя пустуюць.


Глядзіце таксама

Як прыгатаваць акулу

Балгарская кухня адрозніваецца ад беларускай, працягвае Андрэй Колас. Балгары шмат спажываюць гародніны, яе смажаць на грылі. Ядуць перац, памідоры, цукіні, кабачкі, баклажаны. Зрэдку гатуюць бульбу ці рыс.

Беларус у Балгарыі ўпершыню пакаштаваў страву з чарнаморскай акулы — катрана. Рыбіну раз на тыдзень для пастаяльцаў гатэля гатуе рэстаранны кухар.

Андрэй страву з акулы лічыць цікавай. На смак яна як звычайная рыба, але мяса праснаватае. Няма ў ім смакавага суквецця, але ратуе страву тое, што яна са спецыямі.

«Балгары вельмі любяць спецыі, таму страва з акулы выходзіць выдатная. Кожны раз шэф-кухар па-рознаму яе гатуе. Часам выкарыстоўвае параканвектамат, часам гатуе на пары, а затым трошку абсмажвае, каб была форма. Акуліна мяса атрымліваецца тады далікатным і не развальваецца», — выдае сакрэты кухара беларус.

Ён засцерагае, што акулу перад тым, як гатаваць, трэба вымачыць у адмысловым расоле, бо ў рыбе па асабліваму выводзіцца мачавіна. Калі вымачванне праігнараваць, то мяса будзе неядомым.

Стравы з акулы ўжываюць з белым паўсухім віном і абавязкова з гароднінай. Напрыклад, з падсмажаным перцам. Той, што для беларусаў балгарскі, самі балгары называюць чушкай.

«Пасля еўрапейскіх заробкаў працаваць на стаўку выкладчыка каледжа ахвоты няма»

Андрэй Колас у 2021 годзе вымушаны быў падацца на чужыну пасля 10-дзённай адседкі. Ён трапіў пад пераслед, калі пачалася хваля затрыманняў выкладчыкаў моўных курсаў «Мова Нанова».

Андрэй прызнаецца, што яго цягне на радзіму, але вярнуцца на пастаянна ён не гатовы.

Колас гатовы рабіць бізнес у Беларусі, але калі адбудуцца перамены. Ён кажа, што нямала еўрапейскіх бізнесоўцаў жывуць на некалькі краін, і ў гэтым нічога заганнага няма.

Сігналам для Коласа, што на радзіме сітуацыя змянілася, будзе, калі дзяржава прызнае, што пераследавала яго беспадстаўна, і кампенсуе страты, нанесеныя канфіскацыяй маёмасці.

Але і гэтага будзе недастаткова. У Андрэя пасля еўрапейскіх заробкаў працаваць на радзіме на стаўку выкладчыка каледжа ахвоты няма. Калі зʼявяцца прапановы ад вялікага гатэля ці турыстычнага комплексу з адэкватным заахвочваннем, то падумае.

«Мая душа рвецца на радзіму аднаўляць помнікі, кіраваць гатэлем у Мінску, Гродне, ці Ваўкавыску, — падсумоўвае Андрэй Колас. — Але няма сэнсу вяртацца, калі няма дома і нармальнай працы на радзіме, дзе пануе «савок» і камунізм. Калі ўбачу істотныя зрухі ў кірунку дэмакратыі, то, можа, з сям’ёй і вярнуся».