Bellingcat: З 2013 года рэжым Пуціна вядзе поўнамаштабную гібрыдную вайну супраць Балгарыі

Днямі жыхары Балгарыі даведаліся, што 20 красавіка 2016 года ў краіне ледзь не адбылася спроба перавароту. 

Ілюстрацыйнае фота. AFP

Ілюстрацыйнае фота. AFP


Паводле падрыхтаванага ваеннай выведкай Расіі плана, чальцы дзвюх ваенізаваных арганізацый, "Васіл Леўскі" і "Шыпка", усяго больш за семсот чалавек, павінны былі зладзіць беспарадкі ля парламента, пачаць стральбу і паспрабаваць захапіць уладу. Правядзенне аперацыі нібыта падтрымлівалася Рускай Праваслаўнай Царквой, піша svoboda.org.
Правалілася яна з-за прэвентыўнага арышту сотняў удзельнікаў ваенізаваных фарміраванняў, з якіх да Сафіі змаглі дабрацца толькі тры дзясяткі. Затрыманы быў і арганізатар аперацыі Уладзімір Русеў, вядомы пад псеўданімам "Вальтэр Калашнікаў".
Гэтую ашаламляльную для шырокай публікі навіну абвясціў выканаўчы дырэктар вядомай расследвальніцкай групы Bellingcat Хрыста Грозеў падчас дыскусіі "Уплыў дэзінфармацыі ва ўмовах геапалітычных крызісаў", якая адбылася ў Народным сходзе Балгарыі  Ён далучыўся да яе праз загадзя запісаныя відэапаведамленні: пасля абвяшчэння Грозева ў вышук расейскім МУС з'яўляцца на радзіме ён адмаўляецца. "Баюся таго, што ў рускай мове называюць "эксцэсам выканаўцы" — што хтосьці вырашыць аказаць паслугу Крамлю, забіўшы або выкраўшы мяне". Мала таго, адна з парламенцкіх партый, пракрамлёўскае "Адраджэнне", прапанавала выдаць мяне Расеі", — заявіў Грозеў.

058a0000_0aff_0242_bec8_08daef4f9904_w650_r0_s.jpeg


Як вядома, Bellingcat правёў расследаванні падрыўных аперацый расейскай ваеннай выведкі за мяжой, у тым ліку ў Балгарыі. Гаворка ішла аб дачыненні групы, замяшанай таксама ў атручванні Сяргея і Юліі Скрыпаль у Вялікабрытаніі, да больш ранніх спробаў прыбраць балгарскага збройніка Емяльяна Гебрава за пастаўкі зброі ва Украіну. З дзейнасцю расейскіх агентаў былі звязаныя і выбухі на балгарскіх зброевых складах. На думку Грозева, рызыка новых дыверсійных дзеянняў супраць вайсковай прамысловасці Балгарыі з боку Расеі захоўваецца і цяпер. Аднак гаворка на згаданай дыскусіі больш ішла пра палітыку дэзінфармацыі, якая рыхтуе глебу для палітычных пераменаў у Балгарыі, выгадных Крамлю, — найбольш брутальнай і рашучай спробай дамагчыся іх і быў сарваны пераварот.

З дапамогай "чатырохтысячнікаў"

Пачынаючы з 2014-2015 гадоў, як паказваюць даследаванні Bellingcat, балгарскія друкаваныя выданні і тэлеканалы, кантраляваныя алігархамі, якія мелі эканамічныя сувязі з Расеяй, транслявалі расейскі наратыў адносна таго, што адбываецца ў Крыме і Данбасе. Да лютага 2022 года сярод значнай часткі насельніцтва ўжо сфармавалася альбо чыста прарасейскі, альбо эмацыйна адчужаны пункт гледжання, носьбіт якога прытрымліваецца пазіцыі "невінаватых няма". Пераважная большасць насельніцтва не мае рэальнага ўяўлення пра тое, што Расея ўжо больш за дзесяць гадоў вядзе дыверсійныя дзеянні на тэрыторыі Балгарыі. Калі б гэтая інфармацыя стала рэальнай часткай інфармацыйнага парадку дня, большая частка грамадства магла б ужо даўно сфармаваць уласны погляд на ролю Расеі і значна больш крытычна ставіцца да паведамленняў Крамля сёння, адзначалі ўдзельнікі дыскусіі.
Па звестках таго ж Bellingcat, кошт "вольнага слова" ў Балгарыі невысокі — расійскія крыніцы плацяць балгарскім журналістам і рэдакцыям ад 150 да 300 еўра за публікацыю патрэбнага матэрыялу. Дзейнічаюць яны праз пасрэднікаў; сярод іх была выяўлена такая экзатычная фігура, як грамадзянін Паўночнай Македоніі Дарка Тадароўскі, які жыве ў Маскве і вучыцца ў дактарантуры Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце РФ. Ён з'яўляецца таксама аўтарам агрэсіўна прарасейскага сайта pogled.info.
Улетку мінулага года нарабіла шуму заяву кіраўніка канцылярыі тагачаснага прэм'ера Кірыла Петкава Лены Барыслававай аб тым, што некаторыя інфлюенсеры з ліку грамадскіх і палітычных дзеячаў Балгарыі атрымліваюць з Расіі на мэты прапаганды па 4 тысячы леваў (каля 2 тысяч еўра) у месяц (прыкладна ўтрая больш зарплаты высокакваліфікаваных работнікаў. — РС). Цяпер іх іранічна называюць тут "чатырохтысячнікамі".
Крэмль, адзначыў падчас дыскусіі ў парламенце былы міністр у справах электроннага ўрада Бажыдар Баянаў, фінансуе ананімныя сайты фальшывых навін, кантэнт якіх затым шматкроць прайграваецца ў Фэйсбуку. Нельга заваяваць інстытуты, не заваяваўшы СМІ — у Расеі гэта ведаюць, сказаў Тодар Галеў з Сафійскага Цэнтра вывучэння дэмакратыі. У Балгарыі ўмела прымяняюцца расейскія гібрыдныя атакі. У нас нізкія журналісцкія стандарты і медыяпісьменнасць, нясмелае выкананне рэкамендаваных Еўрасаюзам абмежавальных мер з боку Нацыянальнай Рады па электронных СМІ. "Расея ўжыла практычна ўсе прылады для распаўсюджвання дэзінфармацыі ў Балгарыі. Адзінае, што не было выкарыстана, — гэта "зялёныя чалавечкі", — лічыць эксперт.
Адзін з самых аўтарытэтных аналітыкаў Іван Красцеў, старшыня Цэнтра ліберальных стратэгій у Сафіі, лічыць, што праблема не ў прарасійскіх настроях у Балгарыі. Калі Расея прапанавала Балгарыі тысячу стыпендый для навучання ў расейскіх універсітэтах, не знайшлося людзей, каб іх запоўніць. Для значнай большасці балгараў Расія не з'яўляецца ўзорам для пераймання. Прарасейскія погляды падсілкоўваюцца больш агульным расчараваннем і незадаволенасцю Брусэлем і Вашынгтонам, недастаткова паспяховымі рэформамі апошніх трыццаці гадоў, кажа Красцеў. Існуюць вельмі складаныя камбінацыі еўраскептыцызму, нацыяналізму, антызаходніх настрояў, негатыўнага стаўлення да элітаў у Балгарыі і ва Усходняй Еўропе ў цэлым.

Прэзідэнт супраць стабільнасці?

Даследчыя крыніцы паказваюць і на іншы фактар: сотні аселых у Балгарыі расейцаў, у тым ліку шляхам набыцця права на пастаяннае пражыванне ў абмен на інвестыцыі. Гэтыя людзі маюць пэўны ўплыў у балгарскіх грамадскіх і эканамічных колах. Роля гэтага фактару ўзмацняецца па меры таго, як прэзідэнт Румен Радзеў, які заслужыў рэпутацыю прарасейскага палітыка (парламенцкія партыі, якія прагаласавалі за прадастаўленне ваеннай дапамогі Украіне, ён назваў "распальвальнікамі вайны"), па сутнасці стымулюе няздольнасць стварыць кааліцыйны ўрад ужо на працягу амаль двух гадоў. Чарада паўтаральных датэрміновых парламенцкіх выбараў дазволіла Радзеву ўвайсці ў смак прамога прэзідэнцкага праўлення праз прызначаныя ім" тэхнічныя" кабінеты міністраў.

Перамовы Румена Радзева і Уладзіміра Пуціна ў Пецярбургу ў 2019 годзе

Перамовы Румена Радзева і Уладзіміра Пуціна ў Пецярбургу ў 2019 годзе


"Інтарэс Радзева заключаецца ў тым, каб у Балгарыі не было рэгулярнага ўрада, — адзначае аналітык Пламен Асенаў, — таму што ён мог бы завяршыць працэс уступлення Балгарыі ў Шэнген або ў еўразону. Або нават і тое, і іншае, а гэта было б знішчальна для расейскіх інтарэсаў. Еўразона зробіць надзвычай цяжкім для Расеі карумпаваць усё і ўся, абцяжарыць назапашванне і адмыванне брудных грошай, праясніць пытанні аб тым, ці сапраўды Балгарыя выконвае еўрапейскія санкцыі супраць Расеі".
"Бестэрміновае прэзідэнцкае кіраванне ў Балгарыі пад дыктатам Крамля — гэта сцэнар посткамуністычнай прамаскоўскай алігархіі, — папярэджвае іншы аглядальнік, Момчыл Дойчэў. — З 2013 года рэжым Пуціна вядзе поўнамаштабную, хоць і нябачную, гібрыдную вайну супраць Балгарыі — з дапамогай шэрагу новых палітычных праектаў, з алігархічным кантролем над СМІ, з уплывам на выканаўчую, заканадаўчую і судовую ўладу, з кантролем над сілавымі, праваахоўнымі і энергетычнымі інстытутамі, са шматлікімі агентамі, размешчанымі па ўсёй сістэме дзяржаўнага кіравання. І ўсе, хто разумее, што адбываецца, бездапаможна глядзяць на гэтую мафіёзную змову".

Расійскаму лобі ўдаецца многае: напрыклад, толькі амаль год праз пасля пачатку вайны, у першыя дні студзеня, пракуратура Сафіі даручыла Дзяржаўнаму агенцтву нацыянальнай бяспекі (ДАНС) праверыць, ці валодаюць расійскія грамадзяне, што знаходзяцца пад санкцыямі, нерухомасцю ў Балгарыі. Расследаванне праводзіцца ў сувязі з "распаўсюджанай у шэрагу розных балгарскіх СМІ інфармацыяй аб тым, што грамадзяне Расійскай Федэрацыі, уключаныя ў розныя санкцыйныя спісы Еўрапейскага Саюза, Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі, набылі шматлікія аб'екты нерухомасці на тэрыторыі краіны". У красавіку мінулага года балгарскі даследчы рэсурс BIRD паведамляў, што такія вядомыя расейскія асобы, як Сяргей Чэмезаў, Максім Тапілін, Уладзімір Плігін і Аляксей Чэпа, праз сваякоў і афшорныя кампаніі валодаюць нерухомасцю на балгарскім узбярэжжы Чорнага мора. Усе чацвёра знаходзяцца ў санкцыйных спісах ЕС, а некаторыя таксама пад санкцыямі Вялікабрытаніі і ЗША. Характэрна, што ў Балгарыі да гэтага часу няма заканадаўства, якое рэгулюе парадак прымянення мясцовымі ўладамі заходніх санкцый, уведзеных супраць расійскіх грамадзян і кампаній.

Дапамога Украіне — але таемная

Напрыканцы прывядзем дзіўны эпізод інфармацыйнай вайны ўнутры Балгарыі: у першыя тыдні ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну "самая бедная краіна Еўрасаюзу", як яе назвала нямецкае выданне Die Welt, таемна пастаўляла Украіне боепрыпасы савецкай вытворчасці і дызельнае паліва для вайсковай тэхнікі. Пра гэта не павінны былі ведаць пракрамлёўскія элементы тагачаснай адміністрацыі. Die Welt сабрала разам карціну таго, як Балгарыя ўмяшалася ў сітуацыю на крытычным этапе баявых дзеянняў летась.
Кірылу Петкаву, які ў пачатку вайны быў прэм'ер-міністрам Балгарыі і спрабаваў павярнуць краіну ў больш заходнім кірунку, давялося сутыкнуцца з процідзеяннем з боку пракрамлёўскіх палітыкаў, у тым ліку сярод яго партнёраў па кааліцыі — сацыялістаў. Ён нават быў вымушаны звольніць уласнага міністра абароны за тое, што той прытрымліваўся расійскай версіі мэтаў вайны.
На публіцы Петкаў стараўся як мага менш казаць аб магчымым удзеле Балгарыі ва ўзбраенні Украіны. Людзі прэм'ера, пазбягаючы міжурадавых здзелак, выкарыстоўвалі пасрэдніцкія кампаніі ў краіне і за мяжой, каб адкрыць маршруты паставак па паветры і зямлі праз Румынію, Венгрыю і Польшчу. "Паводле нашых ацэнак, каля траціны боепрыпасаў, неабходных украінскай арміі на пачатковым этапе вайны, паступіла з Балгарыі", — сказаў Петкаў у інтэрв'ю Die Welt. Не менш сакрэтным было і тое, што дызельнае паліва, якое Балгарыя пастаўляла ва Украіну, перапрацоўвалася з расейскай сыравіны на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Бургасе, які ў той час належаў расейскай кампаніі "Лукойл". "Балгарыя стала адным з найбуйнейшых экспарцёраў дызельнага паліва ва Украіну і часам пакрывала 40 адсоткаў яе патрэбаў", — сказаў Die Welt былы міністр фінансаў Асен Васільеў. Як падкрэслівае Кірыла Петкаў, адно стала незваротным: "Мы паказалі, што можна існаваць без залежнасці і страху перад Расеяй".
Пераклад НЧ