Лукашэнка папракнуў жанчын за нежаданне нараджаць. Чаму ён мусіць паглядзецца ў люстэрка
Дыктатар заклапаціўся дэмаграфічнай ямай. Выйшла, як заўсёды, максімальна цынічна, піша «Салідарнасць».
Адказваючы на пытанне журналісткі з дзяржСМІ, Лукашэнка папракнуў беларусак:
— Я хачу шматдзетным дапамагчы. Чаму? Нам патрэбныя людзі. Дэмаграфічная праблема... У нас той правал 90-х — ён вось цяпер адбіваецца. Але не ахці, што вы і нараджаць хочаце сёння жанчыны.
Прагучала гэта максімальна цынічна. Па-першае, сказана гэта было чалавекам, апранутым у ваенную форму. Які толькі што агледзеў чарговы вайсковы аб'ект і прыгразіў свету расійскай ядзернай зброяй.
Чалавекам, які нясе асабістую адказнасць за тое, што наша краіна стала суагрэсарам у захопніцкай вайне. Які фактычна прывёў у Беларусь чужую ядзерную зброю, зрабіўшы ўсіх нас мішэнню.
Які зладзіў у сотні кіламетраў ад Мінска базу для расійскіх крымінальнікаў з баявым вопытам, а ўсю краіну ператварыў у велізарны ваенна-лагістычны цэнтр для арміі Расіі, якая ваюе ў суседняй Украіне. І праўда, чаму гэтыя жанчыны не хочуць сёння нараджаць?
Нам патрэбныя людзі? Па асабістым капрызе чалавека, які лье кракадзілавы слёзы па дэмаграфіі, з краіны былі фактычна выгнаныя сотні тысяч беларусаў. Многія з'ехалі цэлымі сем'ямі. Многія не плануюць вяртацца.
Дзясяткі тысяч мужчын і жанчын, хлопцаў і дзяўчат прайшлі праз пекла міліцэйскіх участкаў, ізалятараў і турмаў. І працягваюць праходзіць зноў і зноў.
За кратамі церпяць здзекі шматдзетныя маці, асуджаныя за «палітыку». Маці пецярых дзяцей Вольга Залатар сядзіць не за забойства і не за закладку псіхатропаў. Яе абвінавацілі ў арганізацыі дваровых чатаў і чаяванняў пад музыку.
У пінчанкі Алены Маўшук пасля арышту 11-гадовую дачку забралі ў прытулак. І гэта не адзінкавы выпадак. Маці Паліна Шарэнда-Панасюк на новым судзе заявіла пра збіццё ў калоніі. Гэты жудасны спіс гісторый, якія дэматывуюць патэнцыйных маці, можна працягваць вельмі доўга.
У краіне не хапае людзей? Але што робіць чалавек, які агучыў гэтую праблему. Нядаўна ён падпісаў указ, які паставіў пад пытанне вяртанне ў краіну дзясяткаў тысяч беларусаў.
А на днях была агучана ідэя, здольная справакаваць новую хвалю эміграцыі-у першую чаргу маладых людзей. І ўсё гэта-далёка не поўны пералік прычын, якія кажуць пра тое, што папрок беларускім жанчынам прагучаў зусім не па адрасе.