Хронікі рэпрэсій за 9 лютага
На маці Вольгі Такарчук завялі крымінальную справу; выпусцілі журналіста Сяргея Гардзіевіча; каля 229 чалавек трапілі пад аблаву напрыканцы студзеня — такія навіны сённяшняга дня знутры краіны.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1184 дні, Дзяніс — 1064 дні.
***
229 чалавек трапілі пад аблаву сілавікоў 23-24 студзеня на сваякоў палітвязняў, паведаміла прадстаўніца «Вясны» Яна Галаган на прэс-канферэнцыі праваабаронцаў у Варшаве, паведамляе карэспандэнт «Медыязоны».
Пры гэтым 24 чалавекі праходзяць абвінавачанымі па крымінальных артыкулах аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса), «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-2 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (арт.361-1 КК). Падрабязнасці праваабаронца не ўдакладніла.
43 чалавекі былі асуджаны па адміністрацыйным артыкуле, дадала яна. Некаторых затрыманых судзілі па артыкуле за парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе (24.15 КаАП), расказала Галаган.
Яна дадала, што праз допыты два чалавекі трапілі ў лякарню. Паводле слоў прадстаўніцы фонду «Краіна для жыцця» Вольгі Зазулінскай, сярод іх — 82-гадовая жанчына. Выпадкі пераследу праходзілі не толькі 23-24 студзеня, але і праз тыдзень. «174 следчыя працавалі па аблавах», — удакладніла яна.
23-24 студзеня па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя ператрусы і затрыманні былых палітвязняў і іх блізкіх. Частка з іх была звязана з дзейнасцю праекта «INeedHelpBY», які займаецца дастаўкай ежы пацярпелым ад рэпрэсій. Філіп Гаўрышаў, кіраўнік праекта, сказаў, што узломаў сістэмы і ўцечак інфармацыі з боку праекта не было.
***
Былая палітзняволеная Вольга Такарчук расказала «Вясне» пра тое, як затрымлівалі яе маці, 63-гадовую пенсіянерку Ірыну Генадзьеўну Такарчук, падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў 23 студзеня.
«У 7.30 раніцы да мяне ў кватэру прыйшлі двое кадэбэшнікаў у грамадзянскім адзенні, — кажа Вольга Такарчук. — Быў павярхоўны ператрус, самі яны былі культурнымі і ветлівымі, нават разуліся. Забралі мой тэлефон, паклікалі панятых, склалі пратакол. Дзеці (дачцэ — 6 гадоў, сыну —10) напалохаліся».
Вольгу Такарчук забралі на допыт у КДБ, дзе пыталіся пра «Е-дастаўку».
«На пытанне "Вы нешта ведаеце?" я сказала: "Не ў курсе, я блогер, у мяне ёсць падпісчыца, яна вырашыла дапамагчы — вось дапамагала. Нічога больш я не ведаю". Паглядзелі тэлефон, выпісалі дастаўкі, якія былі ў мяне. Бліжэй да абеду сказалі: "Мы зараз паедзем да мамы". Дазволілі ёй патэлефанаваць па гучнай сувязі і сказаць, што да яе едуць. І яны прыехалі да яе ўжо цалкам падрыхтаваныя. Задавалі канкрэтныя пытанні, папрасілі напісаць яўку з павіннай. Маму забралі ў КДБ, я таксама яшчэ была там. Мяне папярэдзілі, што прывезлі маму.
Мне таксама прапанавалі напісаць яўку з павіннай, я кажу: "У чым мне вінаваціцца? Што мне падпісчык дапамагаў каўбасой?" Яны: "Напішы чыстасардэчнае прызнанне, што ты раскайваешся і больш не будзеш браць каўбасу ў падпісчыка".
У мяне забралі тэлефон з сім-карткай і дзесьці а палове дзявятай вечара адпусцілі. Мама засталася там. Потым ужо сказалі, што мама затрымана. Маму каталі з Акрэсціна ў СІЗА паложаныя тры дні. Нам удалося перадаць ёй нейкія рэчы».
На наступны дзень следчы патэлефанаваў тату Вольгі Такарчук і сказаў прыехаць у якасці сведкі па справе яго жонкі Ірыны Такарчук. Бацька Вольгі адмовіўся ад дачы ўсіх паказанняў. У яго забралі тэлефон.
«На трэці дзень мамінага арышту і мяне выклікалі сведкай. Я таксама адмовілася ад дачы паказанняў. Спытала: "Дзе мой тэлефон?" Сказалі, што яшчэ ў следчага, — расказвае Вольга. — У гэты ж дзень мы даведаліся, што на маму завялі крымінальную справу. Няма гарантыі, што і на мяне з бацькам не завядуць крымінальных спраў».
За суткі было прынята рашэнне выезду: Вольга Такарчук з дзецьмі і бацькам цяпер у бяспецы.
У яе ў Беларусі засталася адна сястра, а на ёй — бабуля з інваліднасцю (татава мама) і мама, якая на дадзены момант у турме Жодзіна.
«Калі я яшчэ пасля свайго вызвалення ўсё-ткі маральна рыхтавалася да таго, што, можа быць, трэба будзе бегчы (і тое, у выніку, я аказалася маральна не гатова), то для таты свет паваліўся раптоўна. Ён пакінуў усё: кватэру, машыну, сабаку, сваю маму, сяброў і, галоўнае, сваю жонку, якая ў турме «за каўбасу і макароны». Цяпер ён у такім стане, што складана перадаць».
На сённяшні дзень Ірыне Такарчук выставілі абвінавачванне па ч.2 арт.361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
«Мама заўсёды рабіла так, каб я не знікала з парадку дня і была на слыху ў людзей [падчас майго зняволення], і мне вельмі важна, каб людзі ведалі і пра яе. Яна — наш герой!!! Чалавек, які ўсё жыццё жыў і рабіў па сумленні! Мы ёй вельмі ганарымся і бясконца яе любім!» — кажа Вольга Такарчук.
***
У Мінску за ўдзел у адным з маршаў 2020 года асудзілі пенсіянера Васіля Рубцова. Як стала вядома праваабаронцам, мужчыну знайшлі па фотаздымку ў перапісцы з яго знаёмай, калі сілавікі аглядалі яе тэлефон, піша «Вясна».
Мужчыну прысудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі». Суддзя Марына Клімчук прызнала яго вінаватым паводле ч.1 арт.342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
***
8 лютага журналіст Сяргей Гардзіевіч выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту, паведамляе БАЖ.
26 студзеня суд арыштаваў журналіста на 15 сутак за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11. КаАП). На Гардзіевіча склалі пратакол за рэпост матэрыялу выдання «Ганцавіцкі час», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім».
У жніўні 2021 года журналіста прысудзілі да 1,5 гадоў калоніі за паведамленні ў «Вайберы». Яго абвінавацілі ў «паклёпе» (арт.188 КК), «абразе Аляксандра Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК).
У верасні 2023 года журналіста затрымалі пры вяртанні ў Беларусь. Тады яго арыштавалі на 15 сутак за рэпост, зроблены ў 2020 годзе.
***
Суд у Наваполацку арыштаваў віцябляніна Аляксея Кісялёва на 13 і 15 дзён паводле артыкула аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП), піша «Віцебская вясна».
Першы арышт адбыўся 25 студзеня: Кісялёва асудзілі за тое, што ён на сваёй старонцы ў Instagram апублікаваў герб «Пагоня», сцяг Украіны, бчб-сімволіку, герб з мячом і лічбамі «1863» і «2022», герб палка Каліноўскага, спасылкі на матэрыялы «Зеркало», «ByPol» і «strana.fund».
У другі раз, 1 лютага, суд арыштаваў яго за лагатып TUT.by ў «Вконтакте».
Як удакладняюць праваабаронцы, у другі раз мужчыны сваёй віны не прызнаў.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 372 дні, Максіма Знака — 365 дзён, Мікалая Статкевіча — 364 дні, Ігара Лосіка — 355 дзён, Віктара Бабарыкі — 291 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 220 дзён, Уладзіміра Гундара — 189 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1419 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1615 чалавек. Сярод іх — 186 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.