Сілавікі спецыяльна правакуюць незадаволенасць людзей?

Змены ў заканадаўства аб дармаедстве, якія яшчэ больш пагоршаць сітуацыю ў грамадстве, былі абвешчаныя перад выбарамі. Наўмысна?

Сілавікі цяпер кантралююць і фінансава-эканамічную сферу. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Сілавікі цяпер кантралююць і фінансава-эканамічную сферу. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Кіруючы клас працягвае губляць сувязь з грамадствам. У якасці новай старой ідэі рэжым прасоўвае ініцыятыву па ўзмацненні жорсткасці пакарання для беспрацоўных. Якасць дзяржаўнага кіравання пагаршаецца. Маецца верагоднасць, што гэта можа прывесці да далейшых маштабных хваляванняў па аналогіі з вясновымі пратэстамі 2017 года.

У Беларусі расце недахоп працоўных рук, пра што ўрад нагадвае рэгулярна. Аднак дамінаванне сілавікоў ва ўладзе і адсутнасць стрымак з боку «тэхнакратаў» не дазваляюць рэжыму адэкватна рэагаваць на сітуацыю, піша партал «Наше мнение».

У выніку сацыяльна-эканамічныя праблемы вырашаюцца сілавымі метадамі. Так, у прыватнасці, МУС прапануе вярнуць у Крымінальны кодэкс артыкул за «дармаедства». У заканадаўстве СССР у 1961-1991 гадах так вызначаўся склад злачынства, сутнасць якога — у «працяглым пражыванні паўналетняй працаздольнай асобы на непрацоўныя даходы з ухіленнем ад грамадска карыснай працы». Адпаведную прапанову плануюць накіраваць у парламент і агучыць на УНС.


Глядзіце таксама

Характэрна: пра гэтую гучную ініцыятыву вартавыя рэжыму заяўляюць падчас перадвыбарчай кампаніі, калі грамадства знаходзіцца ў найбольш мабілізаваным стане.

Нагадаем: у 2017 годзе прайшлі маштабныя акцыі пратэсту супраць дэкрэта Лукашэнкі № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Масавыя хваляванні былі выкліканыя несправядлівасцю ў дачыненні да сацыяльна ўразлівых слаёў насельніцтва. Амаль паўмільёна беларусаў атрымалі ад падатковай службы патрабаванне аб выплаце штогадовага збору ў памеры прыкладна 245 долараў ЗША. Толькі каля 10% адрасатаў заплацілі суму, астатнія сабатавалі патрабаванне.

Грамадства ўспрымала гэтую дыскрымінацыйную меру як спосаб папаўнення дзяржаўнага бюджэту. Прычым плаціць часцяком даводзілася тым, у каго не было сродкаў. У выніку масавых пратэстаў Лукашэнка быў вымушаны скарэктаваць умовы ўказа: ён змякчыў патрабаванні, а таксама звузіў катэгорыі груп насельніцтва, якіх тычыўся ўказ.

Лукашэнка не адмяніў указ цалкам. Вертыкаль наладзіла рэгулярную працу камісій па працаўладкаванні «фрылансераў». Гэта тлумачылася тым, што рэжым надае значную ўвагу высокай занятасці насельніцтва; беспрацоўныя лічацца патэнцыйнай пагрозай палітычнай сістэме. Менавіта таму ў дзяржаўны сектар эканомікі рэгулярна ўліваюцца вялікія бюджэтныя грошы, а стратным дзяржкампаніям (яны захоўваюць працоўныя месцы, нягледзячы на фінансавую мэтазгоднасць) аказваецца падтрымка.

У 2020-2023 гадах такім прадпрыемствам за кошт крэдытаў штогод вылучалася ад 3 да 4,5% ВУП.


Глядзіце таксама

Трэба адзначыць: вартавыя рэжыму пашыраюць свой уплыў на фінансава-эканамічную сферу. Напрыклад, праз кругласутачны супердоступ да плацяжоў беларусаў.

Таму малаверагодна, што кіруючы клас вернецца да савецкай практыкі крымінальнага пераследу беспрацоўных грамадзян. Аднак цалкам верагодна, што адміністрацыйныя пакаранні і штрафы ў дачыненні да «халяўшчыкаў» будуць пашыраныя.