«Прававыя сістэмы абсалютна разбураны. Мы бачым зліццё двух бандыцкіх рэжымаў»

Агульны «чорны спіс» для Беларусі і Расіі азначае, што рэжымы аб'ядноўваюць намаганні ў барацьбе супраць сваіх апанентаў.

_belarus_milicyja_pravaparadak_represii_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Тэлеграфнае агенцтва «БелТА» са спасылкай на амбасадара Рэспублікі Беларусь у Маскве Дзмітрыя Крутога паведаміла, што ўлады так званай «Саюзнай дзяржавы» вядуць працу па аб'яднанні спісаў «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх рэсурсаў».

Агучваючы пункт гледжання МЗС Беларусі, Круты падкрэсліў: «У грамадзян выклікае здзіўленне, калі частка рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, дапусцім, у Расіі, нейкія паведамленні публікуюць у нас, ці наадварот — прызнаныя экстрэмісцкімі ў нас паведамленні публікуюць у Расіі. І ў дачыненні да гэтых структур ці людзей, якія, дапусцім, збеглі ў Расію, не распачынаюцца крымінальныя справы ў Расійскай Федэрацыі альбо наадварот». І дадаў: «Вядома, тут патрэбна вялікая скаардынаванасць сілавых ведамстваў. Думаю, што найбліжэйшым часам гэта будзе вырашана».

Варта адзначыць пры гэтым, што Беларусь прынята лічыць своеасаблівым «палігонам» для прымянення чарговых рэпрэсій супраць грамадзянскіх актывістаў і ўсіх, хто праяўляе нелаяльнасць, некаторыя забароненыя ў РФ інтэрнэт-рэсурсы да гэтага часу былі ў вольным доступе на тэрыторыі, якую ў дадзены момант кантралююць Лукашэнка і яго сілавыя структуры.

Вось як адказалі рэгіянальныя эксперты на пытанне карэспандэнта «Голасу Амерыкі» пра тое, што можа змяніцца як у Расіі, так і ў Беларусі, калі планы стварэння аб'яднанага «чорнага спісу» будуць рэалізаваны.

«Прававыя сістэмы абсалютна разбураны, што ў Расіі, што ў Беларусі»

Галоўная рэдактарка партала Charter97.org Наталля Радзіна адзначае, што базы спецслужбаў дзвюх краін насамрэч былі аб'яднаны раней, што асабліва стала заўважна пасля масавых пратэстаў у Беларусі канца лета-восені 2020 года. Менавіта тады ў Расіі сталі затрымліваць беларусаў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у РБ, афіцыйным вынікам якіх стала «перапрызначэнне» Аляксандра Лукашэнкі на чарговы тэрмін. «Тады арышты беларусаў у Расіі набылі масавы характар. Гэта значыць, раней рабіліся заявы аб узаемным затрыманні беларускіх апазіцыянераў у Расіі і наадварот, а на практыцы да 2020 года была магчымасць і ў беларусаў з'ехаць праз Расію ў Еўропу, і ў расійцаў —праз тэрыторыю Беларусі. І я сама ў 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў змагла збегчы ў Еўропу праз Расію, бо ў мяне не было іншага шляху», — расказала Радзіна.

І дадала, што нават у тыя часы былі гучныя выпадкі арыштаў беларускіх апазіцыянераў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Напрыклад, у канцы лістапада 2010 года ў Маскве быў затрыманы лідар беларускіх анархістаў Ігар Аліневіч, які адседзеў у беларускай турме 5 гадоў па артыкулах Крымінальнага кодэкса «Хуліганства» і «Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці».


Глядзіце таксама

«Але гэта былі адзінкавыя выпадкі, і большая частка беларусаў магла выехаць на захад праз Расію, а расійцаў — праз Беларусь», — паўтарае галоўная рэдактарка партала Charter97.org.

Аднак за апошнія гады сітуацыя стала больш жорсткай, што звязана з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, дзе Беларусь з'яўляецца суагрэсарам.

«Прававыя сістэмы абсалютна разбураны, што ў Расіі, што ў Беларусі, і мы бачым зліццё двух бандыцкіх рэжымаў. Таму рашэнне аб аб'яднанні двух «экстрэмісцкіх» баз не выклікае здзіўлення. І ў абедзвюх краінах пад катэгорыю «экстрэмізму» трапляюць у першую чаргу прадстаўнікі апазіцыі, незалежныя журналісты і праваабаронцы», — канстатуе Наталля Радзіна.

Што тычыцца свабоднага доступу ў Беларусі да забароненых у Расіі сацыяльных сетак, то, на думку Радзінай, ёсць імавернасць, што «малодшы партнёр» «Саюзнай дзяржавы» прывядзе сітуацыю да стандартаў «старэйшага брата». Пры гэтым за апошнія тры з паловай гады ў Беларусі значна ўзмацніліся ганенні супраць актыўных карыстальнікаў незалежных сацсетак. «У Беларусі ёсць велізарная колькасць зняволеных, якія трапілі ў турмы за тое, што паставілі «лайк» пад якім-небудзь крытычным допісам, «расшарылі» палітычны ці антываенны тэкст, напісалі каментар супраць рэжыму Лукашэнкі ці супраць вайны, якую Расія і Беларусь развязалі супраць Украіны. За ўсё гэта людзей кідаюць у турму на пяць-шэсць гадоў. Мы ведаем, што такія выпадкі ёсць і ў Расіі, але ў Беларусі яны набылі масавы характар», — падсумоўвае Радзіна.

Партал Charter97.org ужо прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем», нагадвае яна, таму цяпер ёй бы не ўдалося вырвацца на Захад праз Расію.

«Па факце, на аператыўным узроўні базы ўжо даўно аб'яднаны»

Са свайго боку юрыст і блогер Марк Фейгін пацвердзіў, што адзіныя базы абмену інфармацыяй паміж спецслужбамі Расіі і Беларусі фактычна ўжо існуюць. «Напрыклад, чалавек, які пакідае Расію ў спробе пазбегнуць пераследу, цяпер перабрацца праз Беларусь ужо не можа. Толькі ў асобных выпадках гэта атрымліваецца, таму што ў камп’ютарных базах аэрапортаў і памежных пунктаў, базах вышуку, аператыўных базах і гэтак далей даўно ўсё аб'яднана», — растлумачыў ён.


Глядзіце таксама

На думку Фейгіна, пакуль, магчыма, яшчэ не забяспечана неабходная сістэмнасць, каб зліццё спісаў «экстрэмістаў» было аформлена на заканадаўчым узроўні, аднак на справе гэта ўжо адбываецца. «Чалавек, якога шукаюць або, дапусцім, уключылі ў базу «экстрэмістаў», але не прыцягнулі да крымінальнай адказнасці, або калі ён знаходзіцца на стадыі папярэдняга следства, сапраўды гэтак жа будзе пераследавацца ў Беларусі, як і ў Расіі. І не трэба мець ніякіх ілюзій... Чалавека проста перамесцяць (з адной краіны ў іншую)».

У якасці прыкладу Марк Фейгін згадаў гісторыю з Аляксеем Маскалёвым — бацькам дзяўчынкі, якая намалявала антываенны малюнак на ўроку. Ён збег з-пад хатняга арышту перад вынясеннем яму прысуду за «дыскрэдытацыю арміі». Неўзабаве яго затрымалі ў Мінску і перадалі ў Расію. «Гэта робіцца і ў іншых месцах: у Грузіі вялікія праблемы, таксама і з Казахстанам, Кыргызстанам, але канкрэтна з Беларуссю праблем наогул няма ніякіх. І, па факце, на аператыўным узроўні базы ўжо даўно аб'яднаны», — канстатуе эксперт.

«Напрыклад, лічылася, што існуе нейкая «дзірка», якая дазваляе праз аэрапорт у Мінску транзітам выбываць у трэція краіны з Расіі, таму што такім чынам можна было абыходзіць базу ФССП (Федэральнай службы судовых прыставаў РФ), калі ў цябе быў штраф, нават калі ты не «экстрэміст». З Расіі ты выехаць не мог, а праз Беларусь — калі ласка. І многія гэтым карысталіся. Але даўно гэта ўжо немагчымапрыкладна з 2019-2020 года, і нават па больш дробных базах людзей заварочваюць», — працягвае Фейгін.

І падсумоўвае: «Верагодна, не хапае заканадаўчых падстаў і пагадненняў паміж Расіяй і Беларуссю па спісах «экстрэмістаў» і тым больш «тэрарыстаў». Аднак гэта лёгка пераадольваецца, і, думаю, яны пытанне вырашаць».