Чым пагражае аб’яднанне «экстрэмісцкіх» спісаў Беларусі і Расіі?

Пра агульны спіс «экстрэмістаў» 6 лютага загаварыў амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты. У Беларусі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папаўняецца практычна кожны дзень, цяпер іх пералік займае каля 800 старонак.

fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Беларусь і Расія працуюць над аб’яднаннем «спісаў экстрэмістаў і экстрэмісцкіх рэсурсаў». Цяпер абедзве дзяржавы маюць асобныя базы, але ў хуткім часе гэта можа змяніцца, расказаў 6 лютага амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты, піша «Свабода».

«У грамадзян выклікае здзіўленне, калі частка рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, дапусцім, у Расіі, нейкія паведамленні публікуюць у нас, ці наадварот — прызнаныя экстрэмісцкімі ў нас публікуюць паведамленні ў Расіі. І ў дачыненні да гэтых структур або людзей, якія, дапусцім, збеглі ў Расію, не ўзбуджаюцца крымінальныя справы ў Расійскай Федэрацыі або наадварот», — заявіў ён.

Як такі «агульны спіс экстрэмістаў» можа закрануць жыццё беларусаў? Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка лічыць, што мэта аб’яднання «экстрэмісцкіх спісаў» — пашырэнне магчымасцей для рэпрэсій супраць нязгодных.

«Варта глядзець, як Расія будзе рухацца ў напрамку рэалізацыі гэтай ідэі. Цалкам магчыма, што для беларусаў, унесеных у «спісы экстрэмістаў», могуць быць уведзены абмежаванні на тэрыторыі Расіі. Таксама могуць абмежаваць абарот інфармацыйнай прадукцыі на тэрыторыі Расіі. Той, якая ў Беларусі ўнесена ў спісы «экстрэмісцкай», — кажа Павел Сапелка.

Што будзе далей — залежыць і ад далейшага развіцця беларускага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, мяркуе эксперт.                                   

«У будучыні заканадаўства можа прадугледжваць адказнасць за распаўсюджванне матэрыялаў з агульных спісаў Беларусі і Расіі, абмежаванне ў правах «экстрэмістаў» дзвюх краін. Паводле дзеючага заканадаўства асоба, унесеная ў беларускі спіс «экстрэмістаў», мае некаторыя абмежаванні — не можа быць прынята на пэўную працу, не можа быць заснавальнікам рэлігійнага аб’яднання. Яна абмежавана ў тым, каб быць заснавальнікам СМІ, і гэтак далей», — дадаў юрыст.

Адно з адрозненняў беларускага і расійскага «экстрэмісцкіх» спісаў — абмежаванні ў працы сацсетак Facebook і Instagram. У Расіі Meta, якая валодае абедзвюма сеткамі, прызнана экстрэмісцкай арганізацыяй. Што будзе з беларускімі карыстальнікамі Facebook і Instagram пасля магчымага аб’яднання «экстрэмісцкіх спісаў», пакуль сказаць складана, прызнаецца юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

«Што адбываецца ў Расіі з правам і яго парушэннямі — мяне не надта цікавіць. Калі ў іх забаронены Facebook, то як тады шмат расіян сядзяць там, пішуць, каментуюць? Мне здаецца, ён працуе там», — кажа юрыст.

На дадзены момант у беларускім спісе «экстрэмістаў» больш за 3400 чалавек. У расійскім — 31 асоба. Аднак там налічылі больш за 5 тысяч «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У Беларусі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папаўняецца практычна кожны дзень, цяпер іх пералік займае каля 800 старонак.