Барыс Акунін: Чым менш у краіне свабод, тым больш людзей саджаюць у турму за перакананні
Суд у Маскве завочна арыштаваў Барыса Акуніна. Раней пісьменніка прызналі ў Расіі «замежным агентам», а таксама ўнеслі ў спіс тэрарыстаў і экстрэмістаў.
Басманны раённы суд Масквы завочна арыштаваў знакамітага пісьменніка Барыса Акуніна (сапраўднае імя — Рыгор Чхарцішвілі). Тэрмін арышту Акуніна будзе вылічацца з моманту яго фактычнага затрымання або перадачы праваахоўным органам РФ, заявіла прэс-служба маскоўскіх судоў.
Пра завочны арышт пісьменніка паведаміла прэс-служба маскоўскіх судоў агульнай юрысдыкцыі 6 лютага. Цяпер Барыс Акунін жыве за межамі Расіі. Пісьменніка абвінавачваюць у распаўсюджванні «фэйкаў» пра армію і ў публічным апраўданні тэрарызму. Акунін абвешчаны ў міжнародны вышук.
Нагадаем, Барыс Акунін публічна выступіў супраць расійскага ўварвання ва Украіну. Крымінальную справу супраць яго распачалі ў снежні 2023 года. У рамках справы следчыя прыходзілі з ператрусам у маскоўскае выдавецтва «Захараў», якое друкуе кнігі пісьменніка. На фоне пераследу выдавецтва АСТ спыніла публікацыю кніг Акуніна, а буйныя кнігарні прыпынілі продажы яго твораў.
«Росфинмониторинг» унёс Акуніна ў спіс тэрарыстаў і экстрэмістаў. Мінюст РФ у студзені абвясціў Акуніна «замежным агентам».
Сам пісьменнік так пракаментаваў свой «завочны арышт»:
— Навіну я прачытаў за кубкам кавы.
І, вядома, першае, што прыйшло ў галаву:
« — А што гэта за крокі такія на лесвіцы? — спытаў Кароўеў, гуляючыся лыжачкай у кубку з чорнай кавай.
— А гэта нас арыштоўваць ідуць, — адказаў Азазэла і выпіў чарку каньяку.
— А, ну-ну, — адказаў на гэта Кароўеў».
Але жартаваць адразу расхацелася, бо я падумаў пра тысячу з лішнім жывых людзей, арыштаваных не завочна, а па-сапраўднаму, пра расійскіх палітвязняў, якім ламае жыццё гэтая тупая, злосная машына.
Памятайце пра гэтых людзей, калі ласка.
Барыс Акунін таксама адзначыў, што тры месяцы таму запусціў для гэтага праект «Аўта-граф для палітвязняў». І нагадаў, што акрамя грошай, вязням патрэбна маральная падтрымка, згадаў, што ў праекце якраз напісана, як гэта зрабіць.
«У Расіі шмат палітвязняў, і іх колькасць увесь час павялічваецца. Гэта аксіёма: чым менш у краіне свабод, тым больш людзей саджаюць у турму за перакананні, — напісаў Акунін у анатацыі да праекта «Аўта-граф для палітвязняў». — Да 24 лютага ўлады звычайна выносілі палітвязням прысуды па якіх-небудзь надуманых крымінальных абвінавачваннях. Цяпер палітычныя рэпрэсіі сталі непрыхаванымі. Саджаюць за выказванне, за запіс у сацыяльных сетках, за любую форму грамадзянскага пратэсту. Вельмі ажывіліся спецслужбы, якія, жадаючы прадэманстраваць пільнасць і выслужыцца перад начальствам, нярэдка хапаюць і выпадковых людзей, заводзяць «справу» на пустым месцы.
Усё гэта нейкае адвечнае расійскае дэжавю, благі сон, што паўтараецца.
Адзінае, што можна супрацьпаставіць націску «арыштакратыі» ў паліцэйскай дзяржаве — салідарнасць з тымі, хто апынуўся за кратамі.
Ёсць некалькі палітычных зняволеных, якіх памятаюць, чыё імя ва ўсіх на слыху. Але ў сто разоў больш тых, хто мала вядомы або зусім невядомы грамадству. Гэтым людзям асабліва цяжка. Яны адчуваюць сябе ізаляванымі, пакінутымі, забытымі.
Дапускаць гэтага нельга.
Расія не была б Расіяй, калі б не знайшліся людзі, якія, нягледзячы на ўсе рызыкі, дапамагаюць палітвязням: адпраўляюць прадукты, адзенне, кнігі, а самае галоўнае — падтрымліваюць маральна, вядуць перапіску.
Група такіх валанцёраў звярнулася і да мяне — з просьбай напісаць ліст, які потым будзе разасланы па турмах і СІЗА. Ідэя зразумелая: ліст ад вядомага чалавека — сведчанне таго, што да твайго лёсу неабыякавыя, свет пра цябе не забыўся. Вядома, я далёка не адзіны, да каго звярнуліся і хто пагадзіўся ўзяць удзел у гэтай кампаніі. Але ў мяне ўзнікла сустрэчная прапанова.
Я якраз праводзіў анкету «Аўта-граф» для творчых людзей. 13 простых і няпростых пытанняў, якія раскрываюць асобу.
Меркавалася, што выйдзе электронная кніга і што ўвесь прыбытак ад яе пойдзе на карысць дзіцячага хоспіса «Дом з маяком». Кніга выйшла — і атрымалася вельмі цікавай. Некаторыя быццам бы добра вядомыя людзі там раскрываюцца з нечаканага боку.
І я падумаў, што тыя ж самыя пытанні трэба задаць палітвязням — каб чытачы ўбачылі не нейкіх абстрактных «вязняў сумлення», а жывых людзей. Даведаліся, што яны думаюць і адчуваюць. І захацелі іх падтрымаць».