Рада нацбяспекі Украіны: «У знішчаным ІЛ-76 палонных не было»

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў даў каментар наконт сітуацыі вакол самалёта, які ўпаў пад Белгарадам.

Фота СК РФ

Фота СК РФ

Ва Украіне заявілі, што ў знішчаным пад Белгарадам самалёце ўкраінскіх палонных было. У той жа час Украіна не мае інфармацыі пра тых сваіх палонных, якіх Расія планавала перадаць Украіне ў той дзень.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што ў самалёце Іл-76, які пацярпеў катастрофу ў Расіі над Белгарадам, украінскіх палонных не было.

«Ці былі там нашы палонныя, я вам магу дакладна сказаць: не. Кажу гэта з улікам досведу, які быў пасля Тэгерану, і на падставе таго, што адбылася потым. Калі б гэта сапраўды адбылося, то, паверце, колькасць біялагічнага матэрыялу, загінулых было б столькі, бо, як яны сцьвярджаюць, там было 65 (палонных), то яны абавязкова гэтым бы скарысталіся і зрабілі відэа. Тое поле было б усё чырвонае ад крыві», — сказаў Аляксей Данілаў у інтэрв'ю ўкраінскаму выданню «Бабель».

У той жа час, паводле яго, Украіна не мае інфармацыі пра тых сваіх палонных, якіх Расія планавала перадаць Украіне ў той дзень.

Аляксей Данілаў таксама заклікаў журналістаў не сцвярджаць, што самалёт Іл-76 збілі ўкраінскія вайскоўцы. «Нічога схаваць немагчыма. Давайце пачакаем», — падкрэсліў ён.

«У іх была падрыхтаваная гэтая гісторыя. Давайце пачакаем, трэба проста пачакаць. Калі б гэта адбылося, то, паверце, Лаўроў (кіраўнік МЗС Расіі) так бы ў ААН крычаў, і яны б усё гэта паказвалі. Ім няма чаго паказаць, бо калі б гэта адбылося насамрэч, то была б зусім іншая карцінка», — дадаў сакратар РНБА Украіны.

Глядзіце таксама

Нагадаем, 24 студзеня над Белгарадам у Расіі ўпаў і потым выбухнуў транспартны самалёт Іл-76, на якім, паводле расійскага Міністэрства абароны, нібыта знаходзіліся 65 палонных украінскіх вайскоўцаў, якіх перавозілі ў Белгарадскую вобласць для абмену, 6 чалавек экіпажу самалёта і тры суправаджальнікі.

Ва Украіне пацвердзілі, што ў той дзень сапраўды планаваўся абмен палоннымі з Расіяй.

Адразу пасля інцыдэнту некалькі ўкраінскіх выданняў, спасылаючыся на свае крыніцы ў Генштабе Украіны, сцвярджалі, што на самалёце перавозілі ракеты для комплексу ЗРК С-300 для абстрэлаў Харкаўскай вобласці і што Іл-76 збілі УСУ.

Пазней выданні адрэдагавалі навіну, прыбраўшы згадку аб датычнасці УСУ да падзення самалёта.

Глядзіце таксама