З расійскага палону дадому вярнуліся 230 чалавек. ФОТА
Адбыўся найбуйнейшы за час поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну абмен ваеннапалоннымі: вызваленыя 230 украінцаў і ўкраінак.
Сярод іх прадстаўнікоў узброеных сіл Украіны — 130, Нацыянальнай гвардыі — 55, Дзяржаўнай памежнай службы — 38, Нацыянальнай паліцыі —1 і шасцёра грамадзянскіх, якія былі незаконна пазбаўленыя волі.
Сярод вернутых былі як тыя, хто меў афіцыйны статус ваеннапалоннага, пацверджаны праз Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (182 чалавекі), так і тыя ўкраінскія вайскоўцы, якія лічыліся зніклымі без вестак і мелі статус «пошук асобы» (48).
Большасць вызваленых — мужчыны (225), пяцёра жанчын. Да радавога і сяржанцкага складу адносяцца 213 чалавек, адзінаццаць — афіцэры, — паведаміў каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.
Пасля знясільваючых месяцаў палону вярнулася, у прыватнасці, баявая медыкіня са складу 36 ОБрМП. Знаходзячыся ў няволі, яна прынцыпова размаўляла на ўкраінскай мове. Расейцы некалькі разоў імітавалі яе вываз на абмен, але ў выніку вярталі назад да месца ўтрымання.
Нарэшце ўбачаць сваіх родных і блізкіх сямёра абаронцаў выспы Змяіны, музыкант ваеннага аркестра, ваеннаслужачая УСУ, якую расейцы пазбавілі волі падчас знаходжання ў дэкрэтным адпачынку, нацгвардзейцы, якія трапілі ў палон, выконваючы свае абавязкі на ЧАЭС, грамадзянскі выкладчык усходнеўкраінскага Нацыянальнага ўніверсітэта імя У. Даля, абаронцы Марыупаля.
Вызваленых з палону сустракалі кіраўнік Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Кірыл Буданаў, член каардынацыйнага штаба ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец, сакратар штаба Дзмітрый Усаў.
Таксама Каардынацыйны штаб выказаў асобную падзяку Аб'яднаным Арабскім Эміратам за актыўны ўдзел у рэалізацыі гэтага абмену.
Раней сёння расейскае Мінабароны паведаміла аб вяртанні 248 вайскоўцаў з украінскага палону.
У афіцыйным акаўнце Міністэрства абароны Расеі з'явіўся пост, у якім сказана, што «ў выніку складанага перамоўнага працэсу з падкантрольнай кіеўскаму рэжыму тэрыторыі вернутыя 248 расейскіх вайскоўцаў», піша ВВС.
Пра абмены палоннымі не паведамлялася з 7 жніўня, складанасці ў перамовах прызнаваў і прэзідэнт Украіны на сваёй снежаньскай прэс-канферэнцыі.
У паведамленні расейскага міністэрства гаворыцца, што «вяртанне расейскіх вайскоўцаў з палону стала магчымым дзякуючы пасрэдніцкаму ўдзелу гуманітарнага характару Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў».
Таксама сказана, што палонныя будуць дастаўленыя на радзіму самалётамі — адкуль менавіта, не ўдакладняецца. У мінулым самалёты патрабаваліся, калі палонных спачатку дастаўлялі ў трэція краіны.