«Нас ненавідзелі за тое, што мы ўкраінцы». Ваеннапалонныя «Азова» распавялі, як іх катавалі ў расійскай турме

Былыя ўкраінскія палонныя распавялі, што зведалі катаванні, у тым ліку частае збіццё і катаванні электратокам, калі іх трымалі пад вартай у следчым ізалятары на паўднёвым захадзе Расіі, што было б сур'ёзным парушэннем міжнароднага гуманітарнага права. Збіццё палонных адбывалася амаль кожны дзень, а часам — нават некалькі разоў на дзень.

Арцём Серадняк кажа, што яго збівалі і білі токам у ізалятары ў Таганрогу

Арцём Серадняк кажа, што яго збівалі і білі токам у ізалятары ў Таганрогу

У інтэрв'ю ВВС дзясятак былых зняволеных, вызваленых падчас абмену палоннымі, заявілі пра фізічны і псіхалагічны гвалт з боку расійскіх афіцэраў і ахоўнікаў у следчым ізалятары нумар два ў горадзе Таганрог.

Сведчанні, сабраныя падчас расследавання, якое доўжылася некалькі тыдняў, апісваюць паслядоўную схему надзвычайнага гвалту і жорсткага абыходжання ў гэтай установе — адным з месцаў утрымання ўкраінскіх ваеннапалонных у Расіі.

Вось што распавялі былыя палонныя.

Мужчын і жанчын ў СІЗА Таганрога неаднаразова збівалі, у тым ліку білі ў ныркі і грудзі, а таксама ўжывалі электрычны ток падчас штодзённых аглядаў і допытаў.

Расійскія ахоўнікі пастаянна пагражалі і запалохвалі затрыманых, некаторыя з якіх далі з-за катаванняў ілжывыя прызнальныя паказанні, якія нібыта выкарыстоўваліся ў якасці доказаў супраць іх у судах.

Палонныя пастаянна недаядаюць, а параненым не аказваюць належнай медыцынскай дапамогі. Былі паведамленні пра смерць затрыманых у ізалятары

ВВС адзначае, што ва ўмовах вайны не змагла незалежна праверыць заявы, але падрабязнасці здзекаў з затрыманых былі перададзеныя праваабарончым групам і, калі гэта было магчыма, факты былі пацверджаныя іншымі затрыманымі.

Расійскі ўрад не дазволіў староннім арганізацыям, у тым ліку Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Міжнароднаму Камітэту Чырвонага Крыжа, наведаць СІЗА ў Таганрогу, які да вайны выкарыстоўваўся выключна для ўтрымання расійскіх зняволеных.

Міністэрства абароны Расіі не адказала на некалькі просьбаў пракаментаваць гэтыя абвінавачанні. Раней яно адмаўляла катаванні або жорсткае абыходжанне з палоннымі.

Абмен палоннымі паміж Украінай і Расіяй з'яўляецца рэдкім дыпламатычным дасягненнем у вайне, і больш за 2500 украінцаў былі вызваленыя з пачатку канфлікту. Паводле звестак праваабарончых груп, у расійскім зняволенні застаюцца да 10 000 палонных.

Дзмітрый Лубінец, упаўнаважаны па правах чалавека Украіны і адзін з чыноўнікаў, якія ўдзельнічаюць у перамовах аб абмене з Масквой, сказаў, што 9 з кожных 10 былых зняволеных сцвярджаюць, што яны падвяргаліся катаванням у расійскім палоне. «Гэта цяпер для мяне самы вялікі выклік: як абараніць нашых людзей у расійскім палоне, — сказаў Лубінец. — Ніхто не ведае, як мы можам гэта зрабіць».

* * *

Летась у верасні старшы лейтэнант Арцём Серадняк ужо чатыры месяцы знаходзіўся ў расійскім палоне, калі яго разам з каля 50 іншымі ўкраінцамі перавялі ў СІЗА-2. Яны гадзінамі ехалі ў кузаве грузавіка, не ведаючы, куды едуць, з завязанымі вачыма і звязанымі адзін з адным за рукі, як «чалавечая сараканожка», — прыгадваў Серадняк.

Па прыбыцці ў Таганрог, успамінаў ён, іх сустрэў афіцэр: «Прывітанне, хлопцы. Вы ведаеце, дзе вы знаходзіцеся? Гніць тут будзеце да канца жыцця». Палонныя маўчалі. Па словах Серадняка, іх завялі ў будынак пад канвоем, знялі адбіткі пальцаў, знялі адзенне, пагалілі і прымусілі прыняць душ.

На кожным кроку ахоўнікі ўстановы, якія мелі пры сабе чорныя дубінкі і металічныя пруты, білі па нагах, па руках ці «куды заўгодна», сказаў Серадняк. «Гэта тое, што яны называюць «прыём»

Ізалятар часовага ўтрымання нумар два ў Таганрогу на паўднёвым захадзе Расіі

Ізалятар часовага ўтрымання нумар два ў Таганрогу на паўднёвым захадзе Расіі


Да палону 27-гадовы Серадняк узначальваў снайперскі ўзвод палка «Азоў» — асноўнай вайсковай сілы ў Марыупалі. Гэта, паводле яго слоў, зрабіла яго галоўнай мішэнню для турэмнага персаналу. Серадняк паведаміў, што яго аддзялілі ад астатніх і без вопраткі, у адной толькі бялізне, прывялі ў пакой для першага допыту. Затым яго павалілі на падлогу, па яго словах, галавой уніз.

Ахоўнікі распытвалі яго пра яго ролю ў войску і задачы, якія ён выконваў. Электрашокерам, па словах Серадняка, наносілі ўдары ў спіну, пахвіну і шыю.

«Так на ўсіх працавалі, — сказаў ён. — Цябе забілі, як цвік».

* * *

У траўні мінулага года, калі Марыупаль знаходзіўся ў расійскай аблозе, украінскія ўлады загадалі сотням вайскоўцаў, якія хаваліся на гарадскім металургічным заводзе «Азоўсталь», здацца. Сярод апошніх эвакуіравалі Серадняка. Спачатку яго даставілі ў ізалятар у вёсцы Аленаўка ў Данецку, а праз некалькі месяцаў адправілі ў турму ў Таганрогу, у памежным з Расіяй рэгіёне Растоў, прыкладна ў 120 кіламетрах на ўсход ад Марыупаля.

Там палонных аглядалі два разы на дзень, і што заўгодна з'яўлялася матывам для ахоўнікаў здзекавацца з іх. «Магчыма, ім не спадабалася, як ты выйшаў з камеры, ці ты не паспяшаўся выйсці, ці твае рукі былі занадта нізка, ці твая галава занадта высока».

У адной з такіх праверак Серадняка спыталі, ці ёсць у яго дзяўчына. Ён сказаў, што ёсць, і ўспомніў, як ахоўнік сказаў яму: «Дай нам яе Instagram. Мы сфатаграфуем цябе і адправім ёй».

Серадняк схлусіў, бо не жадаў выкрываць яе, і сказаў, што ў яе няма акаўнта.

Затым, паводле яго слоў, яго збілі і прывялі ў пакой у падвале турмы, дзе ён сустрэў украінскага байца гадоў дваццаці з нечым. Серадняк прыгадаў, што мужчына скручваўся, трымаўся за рукі, відаць, адчуваў моцны боль, і сказаў, што афіцэры ўтыкалі яму іголкі пад пазногці.

З цягам дня Серадняк заўважыў, што турэмныя ахоўнікі асабліва жорстка абыходзіліся з тымі, хто належаў да палка «Азоў», былога апалчэння ў Марыупалі, якое некалі мела сувязі з ультраправымі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сказаў, сярод іншага, што яго вайна — гэта спроба «дэнацыфікаваць» Украіну — краіну, якую ўзначальвае габрэйскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі — і расійскія ўлады часта спасылаюцца на падраздзяленне, каб апраўдаць уварванне.

Серадняк паведаміў, што на допытах яго абвінавачвалі ў рабаванні Марыупаля і ў тым, што ён асабіста загадваў сваім сілам забіваць мірных жыхароў зруйнаванага горада.

Серадняк, які гаворыць хутка, гучным, рашучым голасам, адмаўляў такія прэтэнзіі, але гэта, здаецца, не мела значэння. «Пакуль ты не скажаш тое, што іх цікавіць, і так, як яны хочуць пачуць, — сказаў ён мне, — яны не перастануць цябе біць».

Аднойчы, распавёў Серадняк, афіцэр ударыў яго драўляным крэслам і працягваў «так збіваць, што крэсла ледзь не разляцелася на часткі». У іншы дзень, па яго словах, яго спыталі, ці можа ён праспяваць «гімн Азова». Ён не ведаў ніякага гімна «Азова» і выказаў здагадку, што ахова мела на ўвазе «Малітву ўкраінскага нацыяналіста» — прысягу ХХ стагоддзя, якую салдаты звычайна чыталі ўслых перад адпраўкай у бой. Серадняк неахвотна прадэкламаваў гэта, разумеючы, як можа адрэагаваць ахова.

Па яго словах, яны ўдарылі яго некалькі разоў. Ён упаў, стукнуўшыся галавой аб сцяну, атрымаўшы парэз каля брыва. Ён ляжаў на падлозе, а біццё працягвалася, паводле яго слоў, па ўсім целе.

«Калі я нарэшце падняўся, — успамінаў Серадняк, — мне сказалі: «Спадзяемся, што мы гэта з цябе выбіваем».

* * *

Здавалася, на некаторых супрацоўнікаў турмы моцна паўплываў наратыў прэзідэнта Пуціна аб «дэнацыфікацыі». Для затрыманых гэта было бачна па тым, як ахоўнікі дэманстравалі асаблівую цікавасць да ўсяго, што, на іх думку, магло быць вытлумачана як пранацысцкае. Палонным не дазвалялася мець асабістыя рэчы, таму іх татуіроўкі непазбежна прыцягвалі ўвагу афіцэраў. Гэта нагадала журналісту падобныя абвінавачанні, якія ён чуў падчас расследавання фільтрацыйных лагераў Расіі на акупаваных тэрыторыях Украіны ў мінулым годзе.

У апошніх канвоях з «Азоўсталі» выйшаў і 34-гадовы старшы сяржант палка Сяргей Ратчук, якога праз тыдзень пасля Серадняка даставілі ў Таганрог. Паводле яго слоў, ахоўнікі спачатку «шукалі свастыку ці нешта падобнае». Але, на самай справе, сказаў ён, «калі ў вас была татуіроўка, вас лічылі дрэнным хлопцам». Ратчук, які з'яўляецца лекарам, мае татуіроўкі на абедзвюх нагах, руках і грудзях.

Некалькі тыдняў таму, калі мы сустрэліся ў Кіеве, ён падняў сваю майку, каб паказаць мне крумкача, які закрываў частку яго грудзей, і сімвал пяхотнага ўзвода на левым біцэпсе; у яго таксама была эмблема Ордэна джэдаяў з «Зорных войнаў» на левым сцягне.

«У цябе былі непрыемнасці з-за татуіровак?» — спытаў яго журналіст ВВС.

«Шмат разоў, — адказаў Ратчук. — Яны казалі: «Што гэта? О, я цябе за гэта буду біць». 

Серадняк, у якога няма татуіровак, сказаў, што асабліва часта падвяргаліся збіццю байцы з татуіроўкамі ў выглядзе нацыянальных сімвалаў, такіх як украінскі сцяг ці залаты трызубец.

Серадняк, у якога няма татуіровак, сказаў, што асабліва часта падвяргаліся збіццю байцы з татуіроўкамі ў выглядзе нацыянальных сімвалаў, такіх як украінскі сцяг ці залаты трызубец.


«Яны ненавідзелі нас за тое, што мы ўкраінцы», — сказаў былы палонны.

* * *

У сакавіку выйшла справаздача Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ), дзе гаварылася, што Расія не змагла забяспечыць гуманнае абыходжанне са зняволенымі і сур'ёзна парушае іх правы.

Крыс Яноўскі, прадстаўнік УВКПЧ, сказаў, што ў ізалятары ў Таганрогу было здзейснена мноства правапарушэнняў у дачыненні да палонных. Паводле яго слоў, той факт, што турма выкарыстоўваецца для ўтрымання ваеннапалонных, сам па сабе з'яўляецца парушэннем міжнароднага гуманітарнага права, паколькі палонныя павінны ўтрымлівацца ў спецыяльна адведзеных месцах.

Ратчук успомніў сустрэчу з чалавекам, таксама лекарам, які пад катаваннямі агаварыў сябе, сказаўшы, што кастрыраваў расійскага ваеннапалоннага. Затым, са слоў Ратчука, афіцэры запалохвалі і іншых медыкаў, спрабуючы прымусіць іх прызнацца, што яны дапамагалі таму, які ўжо «прызнаўся».

Ахоўнікі, са слоў Ратчука, катавалі яго электрычным токам, але ён вытрымаў. Ратчук распавёў, што ў якасці пакарання яго адправілі ў адзіночную камеру на два месяцы. Збіццё, па яго словах, адбываліся амаль кожны дзень. Часам — некалькі разоў на дзень.

Ратчук успомніў аднаго афіцэра, які, здавалася, атрымліваў задавальненне, калі біў яго нагой у грудзі. З-за гэтага ў Ратчука пачаліся пастаянныя болі ў грудзях. Ён скардзіўся, але дапамогі яму не аказалі. «Мне давялося сказаць сабе: «Чувак, трымайся, ты не можаш кантраляваць сітуацыю, таму табе трэба змірыцца», – успамінаў Ратчук.

Не ўсе аказаліся такімі ўстойлівымі. Серадняк распавёў, што адзін з байцоў «Азова», якому было крыху за 20 гадоў, разбіў маленькае люстэрка, якое вісела над ракавінай у яго камеры, і асколкам перарэзаў сабе горла. Мужчыну выратавалі іншыя палонныя, якія спынілі крывацёк рукамі. Праз некалькі дзён, са слоў серадняка, супрацоўнікі турмы прыбралі люстэркі з усіх камер.

Расійскія лекары, са слоў Серадняка, час ад часу наведвалі затрыманых, але не заўсёды дапамагалі ім. Ежы давалі вельмі мала: «Калі за дзень з'ядаў на 300-400 калорый, то гэта было суперкласна».

Серадняк, рост якога 1,86 м, сказаў, што схуднеў у ізалятары з яго звычайных 82 кг да 60 кг.

«Ногі падгінаюцца, у цябе кружыцца галава, цямнее ў вачах, ты не можаш ніякіх рэзкіх рухаў рабіць», – распавядае ён.

Серадняк думае, што гэта рабілася наўмысна: аслабелыя палонныя не маглі аказваць супраціў.

 Пераклад «НЧ»