716-ты дзень вайны: абмен палоннымі, Starlink у акупантаў, «Кіберпартызаны» дапамаглі Украіне

Сабралі важныя звесткі вайны: што адбылося на фронце за суткі.

Фота ua.korrespondent.net

Фота ua.korrespondent.net

***

Зяленскі змяніў Залужнага на пасадзе галоўнакамандуючага УСУ

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі правёў сустрэчу з галоўнакамандуючым УСУ Валерыем Залужным і абмеркаваў, у якім абнаўленні маюць патрэбу Узброеныя Сілы Украіны. Зяленскі адзначыў, што прапанаваў Залужнаму і далей быць у камандзе. У сваю чаргу Валерый Залужны напісаў у Telegram, што «задачы 2022 года адрозніваюцца ад задач 2024 года, таму ўсе павінны змяніцца і адаптавацца да новых рэалій таксама. Атрымаць перамогу таксама разам. Толькі што мы сустрэліся з вярхоўным галоўнакамандуючым. Важная і сур'ёзная размова. Прынята рашэнне аб неабходнасці змены падыходаў і стратэгіі», – напісаў ён. Пасля Зяленскі заявіў, што прызначыў новым галоўнакамандуючым генерал-палкоўніка Аляксандра Сырскага, які да гэтага камандаваў сухапутнымі войскамі. 

***

У ноч з 8 на 9 лютага расіяне нанеслі ўдар па Украіне 16 ударнымі БПЛА тыпу «Shahed-136/131», 10 з іх удалося знішчыць у межах Мікалаеўскай, Херсонскай і Харкаўскай абласцей. Да адбіцця паветранага нападу прыцягвалі падраздзяленні мабільных агнявых груп паветраных сіл і сіл абароны Украіны. 

З-за атакі ў Харкаўскую вобласці ў Зміеўскай абшчыне гарэла грамадзянская інфраструктура, адзін чалавек пацярпеў. Ратавальнікі ліквідавалі пажары ў будынку гасцініцы, летняй пляцоўкі рэстарана і 3-х легкавых аўтамабілях. 

***

У Северскім раёне Краснадарскага краю РФ гарэў Ільскі нафтаперапрацоўчы завод праз атаку беспілотніка.

***

Украіна вярнула з расійскага палону яшчэ 100 абаронцаў, многія з іх знаходзіліся ў палоне амаль два гады. Сярод выратаваных вайскоўцаў на гэты раз 49 воінаў Нацыянальнай гвардыі Украіны, 25 памежнікаў, 26 вайскоўцаў УСУ, у тым ліку 11 тэрабаронцаў. Усе вызваленыя — радавога і сяржанцкага складу. 84 выратаваных воінаў абаранялі Марыупаль (у т.л. 82 — абаронцы «Азоўсталі»), астатнія выконвалі баявыя задачы на Данецкім і Луганскім напрамках. Прынамсі 28 вызваленых маюць раненні або сур'ёзныя хваробы. Самаму старэйшаму споўнілася 62 гады, а самаму малодшаму — 20. 

***

Украінскія вайскоўцы заявілі, што ў расійскіх акупантаў з'явіўся Starlink з ліцэнзаванымі акаўнтамі. Пра гэта паведаміў украінскі вайсковы карэспандэнт Андрэй Цапліенка. Журналіст паказаў скрыншот з сацсеткі Х, дзе вайскоўцы паведамляюць, што расіянам праз Дубай «пачалі масава пастаўляць» Starlink. Яны таксама пацвярджаюць, што ўжо фіксуюць у расійскіх інтэрвентаў на фронце гэты від спадарожнікаў сувязі. 

***

У горадзе Нікапаль Днепрапятроўскай вобласці невядомы расстраляў аўтамабіль намесніка гарадскога галавы Нікапаля. Чыноўнік загінуў на месцы. Паліцыя ўстанавіла прыкметы нападніка. Зараз працягваецца збор і аналіз рэчыўных доказаў, праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы для затрымання падазраванага. На вышук падазраванага арыентаваны ўвесь асабісты склад паліцыі рэгіёну.

***

«Кіберпартызаны» ўзламалі сетку аднаго з крытычна важных прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Расіі — ТАА «Спецыяльны тэхналагічны цэнтр» (СТЦ).

Яны выпампавалі з сеткі частку ўнутраных перапісак, даныя супрацоўнікаў, размяшчэнне трэніровачных пляцовак, некаторыя тэхнічныя звесткі і дакументацыю. Інфармацыя была перададзеная ўкраінскаму боку. 

СТЦ выпускае баявыя беспілотнікі «Арлан» (яны прызначаныя для высокадакладных удараў па наземных цэлях), сродкі радыёэлектроннай барацьбы, разведкі ды іншую ваенную прадукцыю.  

***

Паводле звестак Нацыянальнага супраціву, на часова акупаваных тэрыторыях Украіны расіяне працягваюць разгортваць мілітарыстычныя лагеры для ўкраінскіх дзяцей.

У Запарожскай вобласці з'явіцца цэнтр ваенна-спартыўнай падрыхтоўкі і патрыятычнага выхавання моладзі «Воін», які павінны адкрыць на базе дзіцячага аздараўленчага лагера «Іскра».

У клубе падлеткаў будуць вучыць агнявой і інжынернай падрыхтоўцы, гэта значыць, рыхтаваць да службы ў войску РФ. Гэта будзе адбывацца пад наглядам інструктараў-акупантаў з Расіі. 

***

Узброеныя Сілы Украіны цягам апошніх дзён знішчылі 22 ББМ, 24 артылерыйскія сістэмы і 18 дронаў.

Страты Расійскай Федэрацыі ў вайне ва Украіне па стане на раніцу пятніцы, 9 лютага, склалі 910 акупантаў. Агульная колькасць страт расійскай арміі з пачатку ўварвання складае 393 290 вайскоўцаў. Пра гэта гаворыцца ў зводцы Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны ў Facebook. 

Агульныя баявыя страты ворага з 24.02.22 па 09.02.24 арыентыровачна склалі:

  • асабовы склад — каля 393 290 (+910) чалавек ліквідавана;
  • танкі — 6385 (+2) адз.;
  • баявыя браніраваныя машыны — 11 921 (+22) адз.;
  • артылерыйскія сістэмы — 9435 (+24) адз.;
  • РСЗА — 981 (+1) адз.;
  • сродкі СПА — 666 адз.;
  • самалёты — 332 адз.;
  • верталёты — 325 адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7209 (+18) адз.;
  • крылатыя ракеты — 1881 (+1) адз.;
  • караблі / катэры — 24 адз.;
  • падводныя лодкі — 1 адз.;
  • аўтамабільная тэхніка і аўтацыстэрны — 12 551 (+38) адз.;
  • спецыяльная тэхніка — 1509 (+4) адз.