Ці падаражэе для беларусаў «Шэнген»?
Еўракамісія хоча ўжо ў гэтым годзе правесці перагляд памеру збораў за шэнгенскія візы. Яны могуць стаць даражэйшымі. Аднак прапанова Еўракамісіі пакуль не прынятая. Колькі давядзецца плаціць беларусам?

На афіцыйным партале Еўракамісіі быў размешчаны праект змяненняў у рэгламент ЕС, якія тычацца памеру візавых збораў – іх прапануецца да канца гэтага года павысіць на 12,5%, піша Myfin.
Для вызначэння ўзроўню, на які варта павялічыць зборы, Еўракамісія прааналізавала змены агульнага ўзроўню інфляцыі ў ЕС, а таксама сярэднеўзважанай заработнай платы дзяржаўных служачых дзяржаў-чальцоў Еўрасаюза ў перыяд з 1 ліпеня 2020 года па 1 ліпеня 2023 года.
Глядзіце таксама

Калі прапановы Еўракамісіі будуць прынятыя, кошт шэнгенскай візы павялічыцца з 80 да 90 еўра для дарослых і з 40 еўра да 45 еўра для дзяцей. Максімальны памер сэрвіснага збору таксама хочуць павялічыць з 40 да 45 еўра.
Акрамя гэтага, пошліны для грамадзян тых краін, якія недастаткова супрацоўнічаюць з ЕС па пытанні вяртання сваіх суайчыннікаў, якія парушылі візавыя правілы Шэнгенскай зоны, павінны вырасці са 120/160 да 135/180 еўра.
Пры гэтым плата за падаўжэнне візы застаецца на ўзроўні 30 еўра, а перагляд нарматываў не паўплывае на зборы, устаноўленыя ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму – да такіх з 1 ліпеня 2020 года адносіцца і Беларусь (праўда, у лістападзе 2021 года Савет ЕС прыпыніў дзеянне палажэнняў аб спрашчэнні візавых патрабаванняў для афіцыйных асоб нашай краіны).
Глядзіце таксама

Прапанова Еўракамісіі пакуль не прынятая — тэкст паправак размясцілі для грамадскага абмеркавання, якое працягнецца да 1 сакавіка гэтага года.