Як з’ехаць з Беларусі «непалітычным» эмігрантам. Гайд па краінах

З Беларусі з’язджаюць тысячы і тысячы людзей. Многія з іх баяцца палітычнага пераследу, але не маюць доказаў таго, што рэпрэсіі пагражаюць непасрэдна ім. «Белсат» распавёў, што варта ведаць, калі трэба з’ехаць у бяспеку, а гуманітарную візу не атрымаць.

_vjasna_pryroda_sonca_2022_fota_novy_czas__11__logo.jpg_logo_1.webp

Колькі дакладна чалавек з’ехала з Беларусі, напрыклад, пасля выбараў-2020 або пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, невядома. Тым больш невядома, колькі з іх палітычныя эмігранты, а колькі — эканамічныя. Сілавікі называюць розныя лічбы, ад 200 тысяч чалавек, якія пакінулі Беларусь з розных прычынаў за 2021–2022 гады, да 350 тысяч чалавек, якія з’ехалі праз пагрозу палітычнага пераследу станам на кастрычнік-2023.

Незалежныя ацэнкі — толькі прыблізныя. Як тлумачыў сацыёлаг Генадзь Коршунаў, дакладныя лічбы назваць складана, бо колькасць выдадзеных візаў не роўная колькасці тых, хто эміграваў; бо эмігруюць і ў краіны, куды не трэба віза; бо эміграваць могуць праз адну краіну ў іншую. Дакладна можна сказаць, што Беларусь губляе працоўныя рукі, у асноўным — высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Пасадзіць у Беларусі могуць каго заўгодна: і таго, хто спеў няправільную песню, і таго, хто верна служыў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Але для атрымання гуманітарнай візы патрэбныя доказы пераследу — такія ёсць не ва ўсіх, каму пагражаюць рэпрэсіі. І з выдачай гуманітарных візаў у Польшчу на момант публікацыі ёсць часовыя праблемы.

У экстраных выпадках палітычным уцекачам дапамагае «служба эвакуацыі» фонду «BYSOL». А што рабіць, калі выпадак не экстраны і не «відавочна палітычны»?

Куды можна з’ехаць без візаў

Самы просты і хуткі варыянт — з’ехаць у краіну, дзе без візы можна жыць працяглы ці неабмежаваны час.

Зусім без абмежаванняў па часе грамадзянам Беларусі можна быць без візы ў Расіі, Таджыкістане і Узбекістане — там трэба толькі рэгістравацца праз адпаведна 90 дзён, 10 працоўных дзён і 3 працоўныя дні. Да Расіі можна дабрацца і аўтобусам, і самалётам, ва Узбекістан ёсць наўпроставыя авіярэйсы з Мінску, а ў Таджыкістан ляцець хіба з перасадкай у РФ.

Амаль без абмежаванняў можна быць без візы ў Грузіі і Кыргызстане. Толькі з Грузіі раз на год трэба рабіць «візаран» — выязджаць у іншую краіну і вяртацца, каб «абнуліць» тэрмін знаходжання без візы. У Грузію па-ранейшаму ёсць прамыя авіярэйсы з Беларусі.

Кыргызстан нядаўна забараніў «візаран» і цяпер дае грамадзянам Беларусі толькі кароткатэрміновы «бязвіз»: 30 дзён без рэгістрацыі па месцы жыхарства за адну паездку і максімум 90 дзён у 180-дзённы перыяд, але калі зарэгістравацца па месцы пражывання, гэтыя абмежаванні не дзейнічаюць. Рэгістрацыю даюць максімум на паўгода, для працягу рэгістрацыі могуць спытаць пра мэты знаходжання, але такой мэтай можа быць працоўны кантракт. На момант публікацыі практыка ўжывання новых правілаў да канца не зразумелая, але выглядае, што Кыргызстан застанецца краінай, куды беларусы могуць эміграваць амаль без праблемаў — калі не лічыць, што ляцець туды далёка і з перасадкамі.

На кароткія тэрміны грамадзяне Беларусі могуць трапіць без візы ў шматлікія краіны: Арменію (да 180 дзён на год) ці Азербайджан (да 90 дзён на год), Малдову, Ізраіль ці Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (да 90 дзён на 180-дзённы перыяд), Албанію ці Турэччыну (да 30 дзён за раз і да 90 дзён на год) і гэтак далей. Ды трэба ўлічваць, што ў тыя ж Албанію ці Малдову ляцець давядзецца доўгім шляхам і з перасадкамі.

Кароткатэрміновыя бязвізавыя варыянты можна скарыстаць, каб падумаць, што рабіць далей — дзе знайсці працу або дапамогу, дзе будзе бяспечна.


Глядзіце таксама

Куды з’язджаць бяспечна

Найбольш бяспечна для палітычнага эмігранта ў тых краінах, якія не сябруюць з Лукашэнкам, не прызнаюць ягоны рэжым і не стануць экстрадыяваць чалавека, якому на радзіме пагражае небяспека. Гэта амаль уся Еўропа, Злучаныя Штаты, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя. Найбольш небяспечна — у тых, якія сябруюць, прызнаюць і экстрадуюць.

Тое ж тычыцца «непалітычнага» эмігранта, які, тым не менш, з’язджае ад патэнцыйных рэпрэсіяў. Ды абсалютная большасць «не-сяброў» Лукашэнкі не пусціць да сябе без візы.

Найбольш бяспечны варыянт з доўгіх бязвізавых — Грузія. Яна не выдае Беларусі палітычных уцекачоў, але былі выпадкі выдачы тых, хто ўхіляўся ад прызыву. Да таго ж, у Грузіі могуць узнікнуць праблемы з атрыманнем статусу ўцекача або польскай гуманітарнай візы, калі такія ўсё ж спатрэбяцца. Але гэта ўсё адно бяспечней за краіны АДКБ ці СНД, з якіх нельга выключаць палітычнай дэпартацыі.

Як «перавалачны пункт» можна разглядаць не самыя бяспечныя краіны, як то Турэччыну, бо туды можна без візы прыляцець прамым рэйсам з Беларусі і за 30 бязвізавых дзён вырашыць, што рабіць далей.

Хоць Турэччыну можна назваць «сябрам» Лукашэнкі, імавернасць палітычнай экстрадыцыі адтуль ніжэй, чым з Азербайджану, Арменіі ці Узбекістану. Да таго ж, Арменія баіцца магчымага нападу Азербайджану пасля перамогі апошняга ў Нагорным Карабаху.

Расія ж небяспечная і таму, што цесна супрацоўнічае са спецслужбамі Лукашэнкі, і таму, што вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны (на якую, дарэчы, вярбуе мігрантаў з іншых краінаў). Нават для «непалітычнага» мігранта РФ варта разглядаць хіба як перавалачны пункт, калі лепшых варыянтаў няма.

Можна знайсці працу і легалізавацца праз яе

Парады па пошуку працы і легалізацыі праз працу для кожнай краіны розныя. Адна агульная парада — памятаць, што бываюць махляры і несумленныя працадаўцы, не пагаджацца на нелегальную працу, а перад працаўладкаваннем цікавіцца мясцовымі законамі, парадамі праваабаронцаў і досведам іншых эмігрантаў.

Але ёсць працадаўцы, гатовыя ўзяць да сябе замежнікаў і дапамагчы ім з легалізацыяй. Напрыклад, магчыма з тэрыторыі Беларусі знайсці працу ў Польшчы, пры якой аб візе паклапоціцца працадаўца.

Ды трэба ўлічваць, што ў Польшчу ад вайны ўцякло нямала ўкраінцаў, а значыць, прыехала шмат «працоўных рук». Польшча нядаўна зрабіла візавыя правілы больш жорсткімі, але атрымаць працоўную візу ўсё яшчэ магчыма — і не толькі для айцішнікаў.


Глядзіце таксама

Каго спытаць пра пераезд

Найпрасцейшы варыянт — спытаць парады ў чатах беларускіх эмігрантаў. Знайсці адпаведны тэлеграм-чат можна на сайце Dze.chat. Яшчэ можна пашукаць суполкі эмігрантаў у фэйсбуку, а ў экстраных выпадках звярнуцца да народнай амбасады, калі такая ёсць у адпаведнай краіне.

Ды трэба ўлічваць, што на пытанні кшталту «як знайсці працу ў ЗША» або «ці проста знайсці працу ў Польшчы» могуць быць самыя розныя адказы ў залежнасці ад кваліфікацыі таго, каму пытанне адрасаванае, ад канкрэтнага гораду, у якім чалавек шукаў працу, ад ведаў мовы і шмат чаго яшчэ. Таму ў чатах і суполках лепш фармуляваць пытанні больш дакладна, як то: «Я маю такую кваліфікацыю і ўмею вось што, валодаю такімі мовамі, разглядаю пераезд у гэтую краіну, магчыма, у гэты горад. Дзе і як параіце шукаць працу? Дзе лепш шукаць жытло? Ці ёсць тут арганізацыі, якія даюць кансультацыі беларускім эмігрантам?».

Таксама можна пачытаць ужо апублікаваныя рэкамендацыі па пераезду і адаптацыі ад фонду «BYSOL» або папрасіць кансультацыю і ў «гарачай лініі BYSOL» (@help_bysol у «Тэлеграме»).

Шмат інфармацыі пра Польшчу сабраў журналіст Зміцер Ягораў у тэлеграм-боце @BelPolska_bot. Аналагічных ботаў для іншых краінаў няма, але магчыма, што дыяспары іншых краінаў ужо сабралі некаторыя парады ў адным месцы, як то ў адным пасце чату ці суполкі або ў файле, якім дзеляцца з «навічкамі».

Як яшчэ можна з’ехаць і легалізавацца

Проста з’ехаць у Еўропу на кароткі час можна і па турыстычнай візе, хай яна і не дае дазволу на працу або права на від на жыхарства. Затое можна або пабыць пэўны час у бяспечнай краіне, або прыглядзецца да магчымага новага месца жыхарства. Шэнгенскія візы ў Беларусі па-ранейшаму выдаюць, ды чэргі могуць быць доўгімі, у візе могуць і адмовіць. Прыблізную статыстыку адмоваў збірае сайт Visastat.me.

З’ехаць можна таксама праз паступленне ў замежную навучальную ўстанову, адкрыццё бізнесу за мяжой, шлюб з замежным грамадзянінам, праграмы падтрымкі талентаў, інвестыцыі ў эканоміку краіны і іншыя шляхі, складаныя для большасці, але лёгкія для некаторых.

Шэраг краінаў мае палёгкі ў выдачы відаў на жыхарства пры пэўных умовах, выключныя падставы для выдачы спецыяльных ВНЖ. Да нядаўняга часу Польшча прапаноўвала спрошчаны пераезд IT-спецыялістам па праграме «Poland. Business Harbour». З 26 студзеня 2024 года праграму прыпынілі. Але ў іншых краінах могуць знайсціся іншы варыянт спецыяльнай легалізацыі — напрыклад, візы для медыкаў і сацыяльных працаўнікоў у Злучанае Каралеўства. Пры жаданні пераехаць у канкрэтную краіну варта вывучыць, якія варыянты легалізацыі яна прапануе, а пры наяўнасці канкрэтнай кваліфікацыі — дзе чакаюць такіх спецыялістаў.

Многія краіны таксама даюць палёгкі ў эміграцыі суродзічам — прадстаўнікам сваіх нацыянальных меншасцяў за мяжой. Некаторыя маюць праграмы рэпатрыяцыі — вяртання на гістарычную радзіму для людзей свайго паходжання (як Ізраіль для людзей габрэйскага паходжання).

У Беларусі нямала людзей могуць знайсці ў сябе польскія карані і атрымаць карту паляка, якая дае права на доўгатэрміновую нацыянальную візу і права на працу ў Польшчы. Але трэба ўлічваць, што ў Беларусі сілавікі пачалі ціснуць на ўладальнікаў карты паляка, і памятаць, што падробка дакументаў на карту паляка — злачынства, за якое могуць пакараць пазбаўленнем волі.