«Без жалобнага сэнсу». Беларуская рэжысёрка паставіла ў Гданьску спектакль пра эміграцыю

У снежні ў Гданьскім Шэкспіраўскім тэатры адбылася прэм’ера спектакля «Да дому наўпрост 10 гадзін язды» беларускай рэжысёркі Жэні Давідзенка. Пра першую спробу дыялогу з польскай аўдыторыяй і глабальны сіндром эміграцыі Жэня распавяла выданню «MOST».

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

«Да дому наўпрост 10 гадзін язды» — гісторыя пра трох беларусак, якія, апынуўшыся ў эміграцыі, сустракаюцца на пляжы ў Гданьску. Падчас размоў жанчыны ўспамінаюць сваё мінулае ў Беларусі, абмяркоўваюць рэчаіснасць і спрабуюць пабудаваць планы на будучыню.

«Стварыць нешта, што не мае жалобнага сэнсу»

Распрацоўваць праект Жэня пачала разам са стваральніцай і актрысай тэатра «Без назвы» Ірынай Купчанка, а таксама актрысай Лізаветай Міліцэвіч.

Падчас абмеркавання канцэпцыі будучага спектакля яны сышліся на тым, што ідэя будзе выбудоўвацца вакол спаткання незнаёмак на пляжы.

Жэня пачала збіраць гісторыі.

— Ідэя была ў тым, каб стварыць нешта, што не мае жалобнага сэнсу, — распавядае рэжысёрка. — Я працую ў бары і часта ад эмігрантаў чую пакутныя гісторыі. Зразумела, што працэс эміграцыі складаны і ўсе сумуюць па доме. Але мне хацелася паглядзець на эміграцыю як на абнуленне і пачатак усяго наноў.

П’еса створана ў жанры мак’юментары — гэта спалучэнне мастацкай выдумкі, гумару і дакументалістыкі. За аснову былі ўзяты асабістая гісторыя рэжысёркі, а таксама кампіляцыі лёсаў знаёмых і наведвальнікаў бара.

— Так нарадзіліся тры гераіні: вандроўніца, культурная дзяячка і дзяўчына, якая эмігравала ўначы пасля пачатку вайны ва Украіне.

…У яго будзе збітае адчуванне дома. Не ведаю. Як я магу перадаць дзіцяці захапленне ад парка Чалюскінцаў вясной, калі ён там ніколі не быў?

Урывак з п’есы «Да дому наўпрост 10 гадзін язды»

«Эміграцыя — гэта глабальны сіндром»

Спектакль ідзе на беларускай мове, але Жэні было важна зрабіць польскія субцітры.

— Гэта мой першы вопыт працы з польскай аўдыторыяй, але праз п’есу я хацела выбудаваць дыялог менавіта з гэтай катэгорыяй гледачоў. Я імкнулася абагуліць тэму эміграцыі, бо гэта глабальны сіндром. У Польшчы таксама вялікі адсотак тых, хто спрабаваў з’ехаць, а потым вяртаўся. Акрамя таго, Польшча і сама прымае вялікую колькасць мігрантаў.

Дыялог атрымаўся: польскія гледачы ўбачылі паралелі і змаглі перанесці кантэкст, у якім знаходзяцца беларускія эмігранты, на свой вопыт.

— Пасля да мяне звярталася шмат палякаў. Адна жанчына падзялілася, што спектакль нагадаў ёй пра тое, як яна спрабавала пераехаць у Францыю.

— Усё будзе, як раней, я абяцаю.

— Не хлусь сабе, усё ўжо па-іншаму.

Урывак з п’есы «Да дому наўпрост 10 гадзін язды»


Глядзіце таксама

«Падзеі, якія сталі для палякаў гісторыяй, адбываюцца ў беларускай рэчаіснасці зараз»

Жэня лічыць, што Гданьск стаў пэўным месцам сілы для беларускіх эмігрантаў: дзякуючы мору тут адчуваецца спакой.

— Гэта вельмі сімвалічна, бо калі я размаўляю з жыхарамі Гданьска, яны адразу ўзгадваюць «Салідарнасць» [незалежны прафсаюз] — неад’емную частку гісторыі горада.

Рэжысёрка дадае, што «Салідарнасць» вельмі нагадвае тое, што адбывалася ў Беларусі — таму польскай аўдыторыі было прасцей зразумець кантэкст спектакля.

— Падзеі, якія сталі для палякаў гісторыяй, адбываюцца ў беларускай рэчаіснасці зараз, — адзначае Жэня.

«Ёсць амбіцыі выйсці на польскую і сусветную аўдыторыю»

У новай краіне рэжысёрка бачыць далейшыя шляхі, па якіх можа развівацца як творчая асоба.

— Тут павінен быць добры памер амбіцый. І я паступова іх нарошчваю, — дадае Жэня. — Дакладна ёсць амбіцыі выйсці на польскую і сусветную аўдыторыі, не забываючы пры гэтым пра беларускую.

Жэня лічыць, што ў пытаннях мастацтва Польша дастаткова адкрытая краіна. А эміграцыя дае шанец пазнаёміцца з польскімі і еўрапейскімі інстытуцыямі.

— Гэта бачна па выставах, рэзідэнцыях і праектах, якія ладзяцца ў краіне. Акрамя таго, з’яўляецца ўсё больш грантаў, накіраваных менавіта на эмігранцкую аўдыторыю — гэта вельмі прыемна. У Польшчы працуе творчая супольнасць.

Бліжэйшыя паказы спектакля адбудуцца 15 і 17 лютага ў Гданьскім Шэкспіраўскім тэатры.