Аварыйная краіна. Як хутка і танна адрамантаваць Беларусь

«Узяўся за яйкі — масла прапала» — гэтая сакраментальная фраза Лукашэнкі прыходзіць на розум усё часцей і часцей. Улады, падобна, змаглі спыніць «мостапад» 2021-2022 гадоў, цяпер прыйшла новая бяда — з вадой і цяплом. Ці справяцца і з ёю?

Ілюстрацыйнае фота з stroiteh-msk.ru

Ілюстрацыйнае фота з stroiteh-msk.ru

У Рагачове на гэтым тыдні з кранаў пачала цячы карычневая вада. На брудную ваду паскардзіліся жыхары дамоў у раёне малочна-кансервавага камбіната. Як піша «Флагшток», мясцовыя ўлады адрэагавалі імгненна — фота і паведамленні аб бруднай вадзе былі выдаленыя з вайбер-чатаў.

Пра брудную ваду з кранаў таксама паведамлялі жыхары Хойнікаў. Улады патлумачылі, што ўся справа ў старой станцыі абезжалезвання, і паабяцалі ўвесці ў эксплуатацыю новую.

7 лютага ў Гродне адбылася аварыя на цепласетцы. Як паведамілі ў «Гроднаэнерга», у раёне дзіцячага садка па вуліцы Паўднёвай было заўважана моцнае параванне трубаправода. Аказалася, што пашкоджана цеплавая сетка. Для лакалізацыі пашкоджання быў адключаны аварыйны ўчастак, у выніку было парушана цеплазабеспячэнне ў шэрагу жылых дамоў, дзіцячым садку і некалькіх крамах.

У тую ж ноч, 7 лютага, аварыя здарылася і ў Мінску на транзітным трубаправодзе на вуліцы Альшэўскага. У выніку пашкоджання трубаправода перабоі з цеплазабеспячэннем былі ў жыхароў Маскоўскага, Кастрычніцкага, Фрунзенскага і Цэнтральнага раёнаў сталіцы.

Зразумела, у першую чаргу гэтая серыя аварый выклікае два адвечных пытання рускай інтэлігенцыі: «Хто вінаваты?» і «Што рабіць»?. І ў дадатак, вядома, можна задаць і трэцяе пытанне — хто будзе рабіць тое, што «што рабіць».

Глядзіце таксама

На рамонт і мадэрнізацыю беларускай ЖКГ і цепласетак раней вылучаліся сродкі з інфраструктурных праектаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і іншых міжнародных арганізацый. Але пасля 2020-га супрацоўніцтва з гэтым донарамі было спынена. Таму ў першую чаргу з'явіўся той самы «мостапад», а ў другую — тое, што мы бачым цяпер на цеплатрасах і водаправодах. Няма сродкаў — няма рамонту.

Акрамя таго, нельга выключаць, што ва ўсім вінаватыя і «з’ехаўшыя». «Збеглыя» ў тэрміналогіі Лукашэнкі і яго атачэння. Мы ўжо неаднаразова адзначалі, што эміграцыя з Беларусі тычыцца не толькі айцішнікаў, журналістаў, медыкаў і іншых «нядобранадзейных» грамадзян. Бягуць прадстаўнікі ўсіх прафесій — і БТ спаборнічае з міліцыяй за сантэхнікаў і электрыкаў. Людзей, здольных якасна рамантаваць цеплатрасы, становіцца ў Беларусі ўсё менш і менш.

Глядзіце таксама

І бягуць яны не толькі ў Еўропу. Як паведаміў намеснік міністра эканамічнага развіцця Расіі Дзмітрый Вольвач, у Расіі зафіксавалі рост колькасці турыстычных паездак беларускіх грамадзян. «За 3 кварталы 2023 года ўязны турпаток беларускіх грамадзян у Расію перасягнуў не толькі паказчык 2022 года, але і паказаў максімальнае значэнне за апошняе дзесяцігоддзе», — сказаў ён.

Паводле інфармацыі прэс-службы Мінэканамразвіцця РФ, у студзені-верасні 2023 года беларускія грамадзяне здзейснілі 191 тысяч паездак у Расію, што на 89% больш, чым за аналагічны перыяд 2022 года.

Было б вельмі цікава даведацца, куды ездзілі «турыстамі» амаль 200 тысяч беларускіх грамадзян. Сочы ўсіх не змесціць, а астатнія курорты Краснадарскага краю ўшчыльную прылягаюць да мяжы з Украінай, і наўрад ці чалавек у здаровым розуме паедзе адпачываць туды, дзе яму ў любы момант можа прыляцець ракетай. З чаго напрошваецца простая выснова: тыя, хто выехаў у Расію на «турызм», паехалі туды зусім не з турыстычнымі мэтамі. Яны там працуюць.

А значыць, чым больш беларусаў працуе ў Расіі, тым менш іх працуе ў Беларусі.

Раней у Расіі, па падліках незалежных экспертаў, працавалі да мільёна беларусаў. Гэта праз ковідныя абмежаванні 2020-га яны засталіся дома, і ў выніку адбылося тое, ад чаго беларуская ўлада дагэтуль трасецца ў жаху. Але цяпер пытанне ў іншым: ці варта думаць, што эміграцыя ў Еўропу, якую мы так шмат абмяркоўваем — адзіны шлях эміграцыі беларусаў?

Не, верагодна, у Расію ідзе не меншая плынь. Пры гэтым у Расію едуць людзі, якія ўмеюць працаваць рукамі — тыя самыя сантэхнікі, электрыкі, трубаправодчыкі, не кажучы ўжо пра традыцыйных будаўнікоў. А ў выніку «сыплецца» беларуская інфраструктура. Таму што няма ні людзей, ні грошай яе нармальна адрамантаваць.

Глядзіце таксама

І сыходзяць не толькі людзі, — дагэтуль сыходзяць цэлыя кампаніі. Здавалася б, усе, хто мог з'ехаць з РБ пасля пачатку вайны, калі прыстойныя людзі не хацелі мець нічога агульнага ні з беларускімі, ні з расійскімі ўладамі, ужо з'ехалі. А вось не. Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг Kronospan, які ўклаў у беларускую дрэваапрацоўку мільярд еўра, перадаў свой бізнес у Беларусі эмірацкаму фонду Causa Foundation, паўтарыўшы раней рэалізаваную схему сыходу з Расіі.

Не спыніла нават тое, што заводы Kronospan былі ўключаныя ў спіс забароненых да продажу без узгаднення з урадам актываў з недружалюбных краін. Kronospan, верагодна, палічыў за лепшае заплаціць выкуп у памеры 25 працэнтаў ад кошту свайго немалога бізнесу, але пазбавіцца ад беларускіх актываў.

А што робяць беларускія ўлады, каб прадухіліць развал? Вядома, яны латаюць цепласеткі, але пры гэтым ці была ацэненая пагроза? Выпрацаваны нейкія агульныя рашэнні? Урэшце, ці выдаткаваныя грошы на паўнавартасны рамонт?

Пакуль мы бачым, што Лукашэнка паляцеў ва Узбекістан, а Беларусь і Расія вядуць працу над аб'яднаннем спісаў экстрэмістаў і экстрэмісцкіх рэсурсаў.

«У грамадзян выклікае здзіўленне, калі частка рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, дапусцім, у Расіі, нейкія паведамленні публікуюць у нас, ці наадварот — якія прызнаныя экстрэмісцкімі ў нас, публікуюць паведамленні ў Расіі. І ў дачыненні да гэтых структур ці людзей, якія, дапусцім збеглі ў Расію, не распачынаюцца крымінальныя справы ў Расійскай Федэрацыі альбо наадварот», — паведаміў амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты.

Круты ўскосна пацвердзіў нашу здагадку, што турысты з Беларусі ў Расію — зусім не турысты. Але аб'яднанне «экстрэмісцкіх спісаў» трываласці трубам не дадасць.

А вось міністр начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Купчэня думае ў правільным кірунку. Паводле яго слоў, да аховы парадку ў маючы адбыцца «адзіны дзень галасавання» будуць прыцягнутыя курсанты ведамасных ВНУ, былыя супрацоўнікі сілавых органаў — члены ветэранскіх арганізацый і добраахвотныя дружыны, у тым ліку з БРСМ.

Па словах Купчэні, цяпер МУС не фіксуе якіх-небудзь пагроз. Таму ёсць прапанова ўсіх гэтых курсантаў, ветэранаў і членаў БРСМ перавесці на рамонт трубаправодаў, калі ім больш заняцца няма чым. Хто «за»?