ЕБРР прыпыніў фінансаванне дзяржсектара Беларусі. Што чакае эканоміку?

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прыпыніў фінансаванне праектаў у дзяржаўным сектары Беларусі. Акцыянеры банка занепакоеныя палітычнай і эканамічнай сітуацыяй у краіне. Гэта значыць, што ўлады Беларусі пазбавяцца соцень мільёнаў долараў падтрымкі. Пра гэта «Настоящее время» паразмаўляла з членам штаба палітыка Віктара Бабарыкі, членам Каардынацыйнай рады Максімам Баграцовым.

95dcb336_9fa1_449c_8cc0_3d227055402c_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg

Да прыкладу, у мінулым годзе ЕБРР выдзеліў Мінску рэкордныя 433 млн долараў. Пры гэтым у банку кажуць, што працягнуць інвеставаць у прыватны сектар. На гэтае рашэнне ўжо адрэагаваў афіцыйны Мінск. Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей заявіў, што ў адказ Беларусь прыпыняе дыялог з ЕС па пытаннях правоў чалавека, а таксама паніжае ўзровень удзелу ў праграме "Усходняе партнёрства".


— Што азначаюць гэтыя лічбы?
— Лічбаў шмат яшчэ можна "добрых" прывесці. Самае галоўнае, што гэта азначае — гэта страту даверу да таго, што адбываецца ў Беларусі. У нас дастаткова ўсё яшчэ высокі ўзровень дзяржаўных прадпрыемстваў. Зразумела, што гэта іх тычыцца ў першую чаргу. Але на самай справе гэта б'е па ўсім. Напрыклад, калі вы працуеце цяпер у камерцыйным сектары і спрабуеце атрымаць крэдыт, то гэта вельмі складана зрабіць таксама. Так, EBRD (Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця) не заявіў аб тым, што яны замарожваюць усе ўклады, але рэальна сёння вельмі складана, уявіце, калі б гэта былі вашы грошы, з якім бы адчуваннем вы аддавалі нават прыватніку сёння грошы ў Беларусі? Гэта вельмі складана.
— Тут ёсць распаўсюджанае меркаванне, за якое, дарэчы, часта ўлады розных краін з дыктатарскімі рэжымамі крытыкуюць сваё насельніцтва. Часта кажуць: "Чым горш — тым лепш". Чым горш эканоміка, тым хутчэй не вытрымае рэжым і нешта зменіцца. У сітуацыі, якая зараз склалася ў Беларусі, чым горш — тым лепш? Або так нельга казаць?
— Тут няма чорна-белага адказу. Я магу сказаць дзве рэчы. Для нас, асабліва хто ўсё жыццё правёў у бізнесе, гэта ў прынцыпе падыход вельмі складаны. Калі адбываецца кропкавае дзеянне — гэта адно. Цяпер у нас такі ўзровень дэпрэсіі эканамічнай надыходзіць, калі гэта на самай справе тычыцца абсалютна ўсіх. Я прывяду прыклад. Учора мы запісвалі набор відэакліпаў. Ёсць у нас такая вуліца Кастрычніцкая — там студэнты, інтэрнаты дзяржаўнага ўніверсітэта, я сканчаў там факультэт прыкладной матэматыкі. На той жа вуліцы вельмі шмат стартапаў, на той жа вуліцы вельмі шмат рэстаранаў і кафэ — такі досыць моладзевы варушняк. Што зараз адбываецца? У апошні раз я там быў у адной з кавярняў у нядзелю — там АМАП ганяў студэнтаў па вуліцах. Частка гэтых кафэ зачыніліся на адзін дзень у панядзелак у знак салідарнасці. Цяпер яны ўсе зачыненыя — яны выходзяць з бізнесу. Са стартапаў, якія там ёсць, адзін з нашых хабаў правёў апытанне, парадку, напэўна, ужо 40% маленькіх кампаній, яны ў працэсе выхаду з Беларусі цалкам. Ці ўплывае гэта на ВУП прама цяпер? Напэўна, не. З іншага боку, калі мы глядзім па блізкім мне сектары — гэта тэлекамунікацыі і інфармацыйныя тэхналогіі — у верасні рост па інэрцыі быў 9,1%, цяпер, у кастрычніку, быў 1,9% рост ВУП. Гэта адна з дзвюх індустрый, якая забяспечвае нейкі рост ВУП. Астатнія індустрыі, яны ўвогуле не паказваюць рост ВУП. IT-індустрыя — гэта адна з тых індустрый, якая расла. Яна ўсё яшчэ паказвае рост. І на канец года яна паказвае рост, па-мойму, парадку 7,5%. Але відаць, як вельмі рэзка мяняецца дынаміка, наколькі хутка тэмп росту зваліўся літаральна за адзін месяц. І гэта ўсё кажа пра адно: пра страту даверу, таму што калі няма базавай бяспекі, то няма даверу ні ў насельніцтва — яны здымаюць грошы з рахункаў банкаў, — ні ў інстытуцыйных інвестараў, як EBRD, ні ў якіх-небудзь іншых інвестараў, якія могуць інвеставаць унутры краіны. Ва ўсіх настрой аднолькавы.
— Гэта значыць грошы з краіны сыходзяць. Адсутнасць дапамогі БРР — таксама сігнал для інвестараў: "Не трэба туды ўкладваць"?
— Вядома. Для любога інвестара гэта вельмі сур'ёзны сігнал. Не забывайце яшчэ, што Fitch Ratings таксама на мінулым тыдні панізіў рэйтынг Беларусі.
— Гэта ж, напэўна, значыць, што і беспрацоўе расце? І гэта значыць, што на самай справе кожны беларус яшчэ больш становіцца залежым ад Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўных грошай?
— Я б не стаў так казаць. Вядома, сітуацыя ідзе ў горшы [бок]. Становімся мы больш залежныя ці не — гэта цяжка сказаць. Вядома, людзям, у якіх менш ёсць, цяжэй за ўсё губляць нават тую невялікую зарплату, якая ў іх ёсць. Гэта вельмі вялікая праблема, таму што тут вялікая доля дзяржаўных прадпрыемстваў, і традыцыйна людзі там зарабляюць, вядома, менш грошай. Вось гэтая мара, каб сярэдні заробак быў вышэй чагосьці, — на самай справе тут ёсць разыходжанні ў даходах. Пакутуюць у першую чаргу, вядома, тыя самыя людзі, якія ўсё яшчэ падтрымліваюць па інэрцыі Аляксандра Рыгоравіча: больш старэйшае пакаленне, з нейкіх аддаленых рэгіёнаў. У гэтым ёсць іронія.
— Адкуль у ўлады могуць узяцца рэсурсы для таго, каб кампенсаваць гэта падзенне? Ці яны не будуць спрабаваць яго кампенсаваць?
— Безумоўна, ніякіх унутраных рэзерваў няма. Ёсць адчуванне, што паволі разаграваецца ўжо друкаваны станок. У нас на самай справе ў некаторых інстытутах улады дастаткова прафесійныя людзі працуюць, у прыватнасці, у Цэнтральным банку, і відаць, што імкнуцца гэта рабіць у апошнюю чаргу. Але я думаю, што рэзерваў хутка не застанецца. Натуральна, што грошы можна браць толькі ў адным кірунку.
— А праз колькі гэты час наступіць? Магчыма, гэты час супадае з нейкімі палітычнымі буйнымі зменамі.
— Ім гэта трэба ўжо ў гэтым годзе — дзесьці плюс-мінус да канца года. Тут няма дакладнай даты. Але да канца года яшчэ трэба пераглядаць цэны на энерганосьбіты, так што снежань нас чакае цікавы.