Хронікі рэпрэсій за 7 лютага

Як мінімум 224 чалавекі трапілі пад пераслед падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў. Абсалютная большасць затрыманых — жанчыны, паведамляюць праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp

Некалькі дзясяткаў чалавек, затрыманых падчас рэйду, асудзілі паводле адміністрацыйных спраў. Некаторых з іх — да штрафаў паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП — «выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам». Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.

Некалькі чалавек былі затрыманыя ў межах крымінальных спраў. Папярэдне, людзям інкрымінуюць арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

  • У «спіс тэрарыстаў» унеслі яшчэ пяць беларусаў — сярод іх вядомы музыка

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек.

Сярод іх фігурант «справы ЧКБ» Аляксандр Юшкевіч, 31-гадовы Мікалай Галалюк, 34-гадовы блогер Ілля Салянкоў, 48-гадовы музыка, вакаліст  культавага метал-гурта Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў, 43-гадовы Уладзімір Марозаў.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1141 чалавек, з іх 412 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1180 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).

  • За распаўсюд «экстрэмізму» аштрафавалі настаўніцу з Мёраў

Суддзя суда Мёрскага раёна Ірына Яскевіч 25 студзеня за распаўсюд «экстрэмізму» ў «Аднакласніках» пакарала штрафам у памеры 1000 рублёў настаўніцу мёрскай сярэдняй школы №2 Вольгу Нарэйку.

Згодна з пратаколам, Вольга Феафанаўна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» размясціла інфармацыйную прадукцыю з суполак «Маланка Медыя» і «STOP LUKA», піша «Віцебская Вясна».

  • Маці непаўнагадовага дзіця, затрыманую на мяжы, асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У Воранаве 3 студзеня адбыўся суд над жанчынай, якая выхоўвае маленькае дзіця. Паводле матэрыялаў справы, у пункце пропуска «Беняконі» падчас праверкі тэлефона ў жанчыны знайшлі падпіску ў Instagram на «экстрэмісцкую» старонку.

Суд прызначыў ёй 25 базавых велічыняў штрафу (1000 рублёў).

  • Чацвёрты раз запар арыштавалі ўдзельніка нафтанаўскага страйку

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 25 студзеня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у Telegram арыштавала на 15 сутак работніка ААТ «Нафтан» Аляксандра Ляшкова. Гэта чацвёрты запар адміністрацыйны арышт удзельніка страйку 2020 года, які доўжыцца 59 сутак.

У судзе стала вядома, што Аляксандр, выкарыстоўваючы акаўнт у Telegram, ажыццявіў перасылку паведамлення з «экстрэмісцкага» канала з назвай «Беларусь галаўнога мозгу».

Мужчына ў судовым пасяджэнні віну не прызнаў, піша «Віцебская Вясна».

  • Толькі шэсць скаргаў паступіла ў суды падчас гэтай выбарчай кампаніі

Па стане на 7 лютага ў суды паступіла толькі шэсць скаргаў, звязаных з выбарчай кампаніяй. Пра гэта распавёў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валер Калінковіч і дадаў, што беларускія суды змянілі графік працы для «аператыўнага разгляду скаргаў падчас выбарчай кампаніі».

Прэс-служба Вярхоўнага суда піша, што яны ацэньваюць сітуацыю, у якой праходзіць электаральная кампанія, як спакойную і кантраляваную. У гэты ж час «Праваабаронцы за свабодныя выбары» называюць гэта «зачышчаным палітычным кліматам».

  • Марына Адамовіч выйшла на волю пасля 15 сутак арышту

Пра гэта ў Facebook напісаў Андрэй Шарэнда.

Нагадаем, жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча затрымалі 23 студзеня падчас рэйду супрацоўнікаў КДБ. 

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 24 студзеня над ёй адбыўся суд паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд Заводскага раёна Мінска прызначыў ёй 15-сутачны арышт.

  • Сілавікі знялі цэлы баявік пра затрыманне пенсіянера за фотаздымак «экстрэмісцкаму фармаванню»

Маладзечанская раёнка апублікавала сюжэт пра затрыманне мужчыны — вялікая колькасць сілавікоў у поўным абмундзіраванні і са зброяй прыйшлі затрымліваць пенсіянера за тое, што ён нібыта даслаў адзін са сваіх фотаздымкаў «экстрэмісцкаму фармаванню» ex-press.livе.

Паведамляецца, што затрыманы — грамадзянін Расіі. Сілавікі пагражаюць яму пазбаўленнем волі ад 2 да 6 гадоў, а таксама дэпартацыяй.

  • Сілавікі затрымалі адміністратараў Telegram-чата «Общественный транспорт Гомеля»

У Telegram-чаце, нібыта, праводзілі «дыскрэдытацыю працы грамадскага транспарту». Паведамляецца, што ў чаце публікаваліся «забароненыя экстрэмісцкія матэрыялы і арганізоўвалася накіраванне напісаных пад капірку спам-скаргаў у арганізацыі, якія ажыццяўляюць пасажырскія перавозкі ў Гомелі».

У чаце было крыху больш за 100 удзельнікаў, і ў апісанні было пазначана, што гэта чат аматараў грамадскага транспарту Гомеля. Напачатку лютага інфармацыйная прадукцыя чата была прызнаная «экстрэмісцкай».

  • Затрыманую жанчыну прымусілі цалаваць чырвона-зялёны сцяг

Сілавікі, затрымалі жанчыну і прымусілі на камеру цалаваць чырвона-зялёны сцяг ды сказаць, што яна "любіць сваю Беларусь". Відэа з'явілася ў адным з тг-каналаў сілавікоў.

Жанчыне 54 гады, яна з Нясвіжа.  У 2020-м годзе яна быццам бы ўдзельнічала ў акцыях пратэсту (яны праходзілі пад бел-чырвона-белымі сцягамі), а таксама пісала паведамленні ў "экстрэмісцкіх" чатах. Сілавікі пішуць, што пасля запісу відэа жанчыну адпусцілі.