Хронікі рэпрэсій. Па «справе BYPOL» запрасілі да 25 гадоў зняволення

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 8 лютага.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1.webp

Дзяржабвінаваўца запрасіў да 25 гадоў пазбаўлення волі для фігурантаў «справы BYPOL». Ён прапанаваў канчаткова прызначыць Аляксандру Азараву пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 25 гадоў, Мацвею Купрэйчыку, Уладзіміру Жыгару, Ігару Лобану, Алегу Талерчыку на тэрмін 12 гадоў, Андрэю Астаповічу на тэрмін 11 гадоў.

Былога палітвязня Аляксея Раманава арыштавалі другі раз запар. У першы раз ён быў затрыманы падчас масавага «хапуну» ў Беларусі 23 студзеня. Зранку яго дапытвалі ў КДБ, а вечарам перавялі ў ІЧУ. Праз некалькі дзён яго прызналі вінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП) і прызначылі 15 сутак арышту. 8 студзеня Аляксея зноў асудзілі да 15 сутак арышту.

Аляксей мае інваліднасць праз анкалагічную хваробу. У яго шэраг цяжкіх хранічных захворванняў, ён прымае шмат лекаў і мусіць прытрымлівацца адмысловай дыеты. За першыя 15 дзён ён тройчы трапляў у шпіталь, у яго былі моцныя прыступы. Але пасля шпіталя яго вярталі назад у ізалятар.


Глядзіце таксама

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 25 студзеня асудзілі Віктара Астапука паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Суддзя Іна Клышпач прызначыла Віктару 1,5 года «хатняй хіміі» і штраф 4000 рублёў.

Яго абвінавацілі ў тым, што 13 жніўня 2021 года ён у тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга» пакінуў каментарый пад публікацыяй «Хорошие новости вечера пятницы от кибер-партизан: взломана прослушка внутренней связи МВД».

На вокладцы публікацыі былі фотаздымкі начальніка АУС Салігорска палкоўніка міліцыі Шаравара Аляксандра Аляксандравіча і намесніка начальнкіа УУС Мінскага аблвыканкама палкоўніка Максімовіча Мікалая Васільевіча.

Следчы камітэт пачаў «спецвытворчасць» супраць прадпрымальніка, які дапамагаў пратэстоўцам. Гаворка пра Ігара Парункевіча, які быў уладальнікам бара ў Паставах, дзе збіралі грошы пацярпелым ад рэпрэсій. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа паводле трох артыкулаў КК — аб «распальванні варожасці», «абразе Лукашэнкі» і «гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянера» (артыкулы 130, 368 і 364 КК).

Следчы камітэт у сваім пасце прапануе Ігару Парункевічу з'явіцца ва ўпраўленне СК па Мінску. Мужчына зараз жыве за межамі Беларусі.


Глядзіце таксама

Сілавікі затрымалі барбера з Ваўкавыска Міхаіла Закірава. Сцвярджаецца, што ён удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

За «экстрэмісцкія» падпіскі затрыманы Станіслаў Радоўскі. Таксама яго нібыта вінавацяць у рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога».

Жыхара Полацка затрымалі за каментар у адрас памерлага начальніка аршанскага РАУС. Гэта адбылося на вуліцы каля аўтамабіля — на кадрах сілавікоў бачны супрацоўнікі ДАІ. Мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і ў тым, што «абразіў гонар і годнасць памерлага начальніка Аршанскага РУУС».