Невымоўны беларускі клімат, або Чаму збягаюць нават нягрэблівыя заходнія інвестары?
Вайну ва Украіне нягрэблівыя заходнія інвестары яшчэ гатовы былі неяк цярпець, а вось як давялося займацца БРСМ — не вытрымалі і збеглі, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Сёння буду пра сумнае. Некаторыя тут пішуць, што з Беларусі сышоў «Kronospan». Гэта такая аўстрыйская кампанія, якая ўклала ў беларускую дрэваапрацоўку мільярд еўра. З замежных кампаній больш для беларускай эканомікі зрабіў толькі «Газпрам».
І што характэрна. Вось у выпадку з «Kronospan» нават не скажаш, што «ўсё роўна гэтыя буржуі нас ніколі не любілі». Любілі, ды яшчэ як. Ну, можа, не нас, але свае грошы ў нас любілі дакладна. Так любілі, што нікуды не сышлі нават пасля пачатку вайны, калі прыстойныя людзі не хацелі мець нічога супольнага ні з беларускімі, ні з расійскімі ўладамі.
А цяпер вось узялі і сышлі. Таму што беларускія ўлады вырашылі стварыць у краіне для замежных інвестараў невымоўны інвестыцыйнай клімат. І аказалася, што гэты інвестыцыйны клімат цяжка пераносяць нават самыя нягрэблівыя замежныя інвестары.
Аказваецца, гэтым інвестарам не вельмі падабаецца, калі сёй-той ім кажа, што яны павінны працаваць не дзеля нажывы ды прыбытку. А потым яшчэ беларускі тэлевізар тлумачыць ім пра прафсаюзныя ячэйкі і пра тое, як правільна займацца БРСМ.
Ну вось не хочуць заходнія інвестары займацца БРСМ. Такія, разумееш, у іх на Захадзе патрыярхальныя заходнія каштоўнасці і нездаровая цяга да асабістага ўзбагачэння.
Вайну ва Украіне яны гатовы былі цярпець, а калі зразумелі, што давядзецца займацца БРСМ, то ўжо не вытрымалі. (Калі я кажу «займацца БРСМ», я маю на ўвазе, вядома, увесь комплекс дзяржаўных ідэалагічных практык).
Але, зразумела, не ў адным толькі БРСМ справа. Трэба было б для бізнесу, дык яны б і БРСМ асвоілі. Яшчэ, можа, нават і спадабалася б.
Справа ў агульнай унікальнай атмасферы для развіцця бізнесу, якую беларускія ўлады сабе стварылі. Гэтая атмасфера настолькі ўнікальная, што яе без скафандра доўга не вытрымліваюць нават беларускія бізнесоўцы. Не кажучы ўжо пра далікатных заходніх інвестараў.
За мінулы год з Беларусі збеглі больш за паўсотні буйных заходніх кампаній. Не дапамаглі ні забарона, ні абавязацельства заплаціць выкуп у памеры 25 працэнтаў ад кошту бізнесу. А колькі збегла беларускіх кампаній — дык ніхто не здольны нават палічыць. Таму што калі дзесьці становіцца не да законаў, то не да законаў там становіцца ўсюды.
Стан «не да законаў» добры для ўнутранага адчування палітычнай стабільнасці. А для эканомікі і бізнесу, атрымліваецца, што і не вельмі добры.
Забраць сабе замежны бізнес можна лёгка. А навучыцца на ім зарабляць грошы — гэта ўжо цяжка.
Таму што ў сведак стабільнасці добра атрымліваецца адымаць, дзяліць і змагацца за традыцыйныя каштоўнасці. А вось працаваць у сведак стабільнасці чамусьці не атрымліваецца. Не падрыхтавала іх неяк жыццё да таго, што ад сведчання стабільнасці ў тэлевізары прыбавачнага прадукту ў краіне не дадаецца.