Няма дурных. З Беларусі ціха сышоў інвестар, якога некалі хваліў Лукашэнка

Кампанія інвеставала ў вытворчасць у Беларусі каля 1 млрд еўра, Лукашэнку з яе ўласнікамі было «лёгка размаўляць», але ў выніку бізнес вырашыў пакінуць «моцную і квітнеючую» Беларусь.

kronospan.jpg

Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг Kronospan пазбавіўся ад свайго бізнесу ў Беларусі, даведаўся Office Life. Новым уладальнікам яго заводаў і лагістычных цэнтраў стаў эмірацкі фонд Causa Foundation, а кіраванне бізнесам перададзена расійскім менеджарам.

Юрыдычныя асобы, якім належалі заводы Kronospan у Беларусі, завяршылі рэбрэндынг. Прадпрыемствамі ў Смаргоні цяпер кіруюць кампаніі «Ультрадэкор», «Ультрадэкор Прапертыз» і «Ультрадэкор НТ», у Віцебску — «Ультрабілд», пад Магілёвам — «Ультрабілд Стыл» і «Ультра Плай ОСБ». Перайменаваныя і іншыя мясцовыя юрыдычныя асобы.

Выхад Kronospan з беларускага бізнесу адбыўся ў пачатку восені мінулага года. Да гэтага аўстрыйцы завяршылі працэс перадачы таму ж Causa Foundation сваіх актываў у Расіі. Фонд зарэгістраваны ў ААЭ.

Kronospan выйшаў на беларускі рынак у канцы 2000-х гадоў і стаў найбуйнейшым інвестарам у мясцовую дрэваапрацоўку, нагадвае «Люстэрка». Яго прадпрыемствы выпускалі тут драўняныя пліты, падлогавыя пакрыцці, смолы, лакі, спецыяльную паперу, сталёвыя канструкцыі і інш. Значная частка прадукцыі прызначалася для экспарту. Агульны аб'ём інвестыцый Kronospan у эканоміку Беларусі ацэньваўся прыблізна ў 1 млрд еўра.


Глядзіце таксама

У сакавіку 2017 года Аляксандр Лукашэнка наведваў вытворчасць кампаній «Кронахем» і «Кронаспан ОСБ», калі быў з рабочай паездкай у Магілёўскай вобласці. Тады ён заяўляў, што «хацелася б, каб у нас больш было такіх прадпрыемстваў». «Мне з вамі лёгка размаўляць, і хай мяне пачуюць тыя крытыкі, якія наваліліся на мяне, калі мною было прынята рашэнне па мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў», — казаў палітык.

Адзначым, што яшчэ ўвесну мінулага года, пасля таго, як было прынятае рашэнне перадаць расійскі бізнес Kronospan мясцоваму менеджменту, гаварылася аб тым, што прадпрыемствы ў Беларусі працягнуць весці свой бізнес у складзе Kronospan.

Беларускія прадпрыемствы Kronospan былі ўключаныя ў спіс забароненых да продажу без узгаднення з урадам актываў з «недружалюбных» краін.