Замежныя кампаніі адмовіліся вырашаць праблемы Мазырскага НПЗ

Кіраўніцтва Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода размясціла два тэндары: аб пошуку спецыялістаў для кантролю і мадэрнізацыі ўстаноўкі гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў. Гэта ўстаноўка коштам 1,5 мільярда долараў была запушчана паўгода таму, але стала самай аварыйнай на заводзе.

image65be4c7ac8ebcxl.jpg

Як распавядае «Флагшток», раней завод наважыўся адмовіцца ад дапамогі замежных спецыялістаў для яе наладкі.

Па ўмовах закупкі заводу неабходны штат спецыялістаў для суправаджэння і кансультавання аварыйнай устаноўкі гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў.

Завод фактычна прызнаў, што не можа эксплуатаваць дарагую ўстаноўку самастойна. З запыту на тэхнічную прапанову стала вядома, што шуканыя адмыслоўцы павінны разбірацца ў ліцэнзійным абсталяванні французскай кампаніі Axens. Яны абавязаныя кругласутачна на працягу аднаго года прысутнічаць на аб'екце, ажыццяўляць кансультаванне персаналу НПЗ, спыняць і запускаць устаноўку гідракрэкінгу.

Упершыню ў дакументацыі тэндару зʼявілася дэталёвая інфармацыя аб праблемах МНПЗ на ўстаноўцы гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў.

Па ўмовах закупкі неабходна распрацаваць праект мантажу дадатковага кампрэсара для павелічэння выдатку паветра, якое падаецца для астуджэння электрарухавікоў іншых кампрэсараў.

У тлумачальнай запісцы выканаўца абавязкаў намесніка начальніка вытворчасці перапрацоўкі цяжкіх нафтавых астаткаў А.С. Зайцаў тлумачыць сутнасць праблемы: «Кампрэсарная ўсталёўка S-101А/В камбінаванай усталёўкі гідракрэкінгу ў перапрацоўцы цяжкіх нафтавых рэшткаў служыць для прадзьмування і стварэння залішняга ціску ў кажусе рухавікоў кампрэсарнага абсталявання К-101А/В/С для забеспячэння адсутнасці газаў, што могуць загарэцца.

Пры адмове кампрэсарнай устаноўкі S-101А/В адбываецца аварыйнае спыненне кампрэсарнага абсталявання К-101А/В/С (спыненне адбываецца адразу па трох кампрэсарах), прызначанага для кампрыміравання і цыркуляцыі канцэнтраванага вадароду ў рэактарных блоках секцый 200, 300, 500 і блоку 100. Спыненне кампрэсарнага абсталявання К-101А/В/С прыводзіць да спынення ўсёй камбінаванай усталёўкі гідракрэкінгу агулам».

Простымі словамі, кіраўніцтва завода занепакоенае, што выхад з ладу аднаго з кампрэсараў спыняе вентыляцыю ўзгаральных газаў і вядзе да спынення ўсёй устаноўкі гідракрэкінгу.


Глядзіце таксама

Зайцаў у дакументацыі тлумачыць, што ўся справа ў імпартным абсталяванні — вінтавы блок кампрэсара работнікі завода не могуць адрамантаваць самастойна. А вытворца, якога начальнік не называе, адмаўляецца пастаўляць запчасткі: «Абсталяванне кампрэсарнай устаноўкі S-101В зʼяўляюцца імпартным, пастаўшчык гэтага абсталявання адмаўляецца ад суправаджэння, дапамогі ў рамонце і пастаўцы запасных частак».

У 2022 годзе МНПЗ сутыкнуўся з дзеяннем тэхналагічных санкцый. Пасля поўнамаштабнага ўварвання з тэрыторыі Беларусі расійскіх войскаў ва Украіну ў дачыненні да нафтаперапрацоўкі Беларусі былі ўведзены абмежаванні на пастаўку абсталявання і тэхналогій.

Работы плануецца выканаць да жніўня 2024 года, увесці ў эксплуатацыю — у 2025-м. Кошт праектавання і мантажных работ не называюцца. У графе асаблівых умоў мантажных работ устаноўка гідракрэкінгу называецца выбухапажаранебяспечным абʼектам.

Рызыка новых надзвычайных здарэнняў захоўваецца — у адпаведнасці з дакументамі, завод не плануе зніжаць вытворчасць сыравіны падчас мадэрнізацыі ўстаноўкі.

У завадскіх дакументах была зафіксаваная яшчэ адна праблема з устаноўкай гідракрэкінгу: высокі радыеактыўны фон. У дакументацыі не ўказваецца яго прычына. Указваецца толькі неабходнасць распрацоўкі «карэктуючых мерапрыемстваў для зніжэння выпраменьвання». З адкрытых крыніц вядома, што для каталізатараў гідраачысткі для павелічэння актыўнасці каталізатараў можа выкарыстоўвацца радыеактыўны элемент торый.

Адзначым, што ўзвядзенне новай вытворчасці пачалося яшчэ ў 2014 годзе, мегапраект стаў даўгабудам праз пастанову кіраўніцтва МНПЗ зэканоміць і адмовіцца ад паслуг замежнай кампаніі па ўзвядзенні абʼекта. Адмова ад паслуг заходніх прафесіяналаў прывяла і да яго падаражэння. Калі ў 2020 годзе кошт праекта ацэньваўся ў 1,2 млрд USD, то на 2022 год было ўжо выдаткавана 1,5 млрд USD.