З Расіяй кашы не зварыш — ні на газе, ні на нафце

Экспарт нафтапрадуктаў быў адной з асноўных крыніц даходу дзяржбюджэту, але пасля страты галоўных рынкаў — украінскага і еўрапейскага — гэтая крыніца даходу ніяк не адновіцца. Нягледзячы на ўсе спадзевы на Расію.

Расійскі рынак паліва не заменіць Беларусі страчаныя Еўропу і Украіну. Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Расійскі рынак паліва не заменіць Беларусі страчаныя Еўропу і Украіну. Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Беларусь у 2024 годзе плануе атрымаць з Расіі бюджэтны трансфер у памеры BYN 2,1 млрд (каля USD 650 млн) у рамках кампенсацыі страт беларускім НПЗ за падатковы манеўр у нафтавай галіне РФ. Урад Беларусі збіраецца накіраваць гэтыя грошы Мазырскаму НПЗ і «Нафтану» ў выглядзе зваротнага акцызу, паведаміў так званы «міністр фінансаў» Юрый Селіверстаў падчас прадстаўлення дэпутатам пакета бюджэтных законапраектаў на 2024 год.

Беларускія ўлады цягам апошніх гадоў настойліва патрабавалі ад РФ кампенсаваць краіне страты ад падатковага манеўру, піша Паліна Аляксеева для партала «Наше мнение».

Для даведкі: падатковы манеўр у нафтагазавай галіне РФ прадугледжвае паступовае зніжэнне — з 30% у студзені 2019 года да 0% са студзеня 2024 года — экспартнай пошліны на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Так, у 2019 годзе гранічныя стаўкі пошліны (разлічаныя па формулах урада РФ) памнажаліся на каэфіцыент 0,833, у 2020 годзе — на 0,667, у 2021-м — на 0,5, у 2022 годзе — на 0,333, у 2023-м — на 0,167. А з 2024 года экспартная пошліна на нафту ў РФ будзе адменена.

Беларусь купляе расійскую нафту ў прывязцы да сусветных каціровак за мінусам экспартнай пошліны. Да прыкладу, калі ў 2018 годзе беларускія НПЗ куплялі нафту па цане каля 75% ад сусветнай, то праз падатковы манеўр у 2021 годзе — ужо 88-90% ад сусветнай, а ў 2022 годзе з гэтай прычыны кошт нафты яшчэ больш наблізіўся да сусветнага. Паводле ацэнак Мінфіна Беларусі, у 2021 годзе сумарныя страты беларускага бюджэту і нафтаперапрацоўчай галіны ад наступстваў падатковага манеўру ў нафтавай галіне РФ склалі каля USD 400 млн.

Беларусь страціла выгадныя экспартныя рынкі

У Беларусі праблемы з нафтавым экспартам пачаліся ў 2021 годзе пасля ўвядзення заходніх санкцый. Рада ЕС 24 чэрвеня 2021 года ўвяла санкцыі ў дачыненні да экспарту беларускай нафтахімічнай прадукцыі, а ЗША з 3 чэрвеня аднавілі санкцыі ў дачыненні да ААТ «Нафтан». У лютым 2022 года, пасля пачатку Расіяй баявых дзеянняў ва Украіне, Беларусь спыніла пастаўкі паліва на самы высокамаржынальны — украінскі — рынак.

На фоне фактычнай забароны экспарту нафтапрадуктаў «Нафтан» і ААТ «Мазырскі НПЗ» былі вымушаныя знізіць загрузку да аптымальнай і працаваць у асноўным на ўнутраны рынак. У красавіку 2022 года ва ўрадзе Беларусі адзначалі, што праз санкцыі і страту ўкраінскага рынку загрузка мазырскага і наваполацкага НПЗ знізілася прыкладна ў два разы, чым сярэдняя ў 2020 годзе, — да 14 тыс. і 12 тыс. тон нафты ў суткі адпаведна. Пастаўляць паліва ў РФ беларускія НПЗ не маглі з прычыны розных умоў працы з расійскімі НПЗ.


Глядзіце таксама

Для стабілізацыі сітуацыі ў нафтаперапрацоўцы, як было сказана, урад Беларусі прыняў меры дзяржаўнай падтрымкі. У прыватнасці, як адзначаў былы гендырэктар «Нафтана» Андрэй Сойка, прадпрыемству была аказана беспрэцэдэнтная дапамога ў частцы прадастаўлення падатковых ільгот і падатковых крэдытаў, у фінансаванні бягучай дзейнасці, рэгуляванні цэн на паліва.

Урад быў вымушаны захаваць у 2022 годзе стаўкі акцызаў на аўтамабільны бензін, дызельнае і іншае паліва для транспарту на ўзроўні 2021 года (у 2023 годзе стаўкі акцызаў на большасць відаў паліва для транспарту таксама былі захаваныя на ўзроўні 2022 года).

Акрамя таго, урад прапанаваў з 1 студзеня 2022 года для арганізацый, якія падпадаюць пад дзеянне заходніх санкцый, прымяняць пры вызначэнні сумы падатковага выліку кампенсавальны каэфіцыент у памеры 1,047. Прымяненне гэтага каэфіцыенту дазволіла, у прыватнасці, «Нафтану» знізіць суму выплачаных акцызаў прыкладна на BYN 135 млн (каля USD 55,5 млн).

Меры дзяржпадтрымкі дапамаглі айчынным НПЗ выйсці на рэнтабельны ўзровень работы.

Восенню 2022 года сітуацыя ў нафтаперапрацоўцы палепшылася. Так званы «віцэ-прэм'ер» Пётр Пархомчык у лістападзе паведаміў, што ў чацвёртым квартале 2022 года беларускія НПЗ плануюць павялічыць перапрацоўку нафты ў 1,56 раза ў параўнанні з трэцім кварталам бягучага года — да 3,9 млн т (гэта значыць, перапрацуюць на 1,4 млн т больш).

Аднак далейшая дзяржпадтрымка НПЗ для беларускага бюджэту стала б занадта цяжкай без кампенсацыі РФ страт ад падатковага манеўру.

Беларусь дамаглася доўгачаканай кампенсацыі

Беларусь і Расія 3 кастрычніка 2022 года падпісалі «Дагавор аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках — ПДВ і акцызах». Дакумент прадугледжвае стварэнне інтэграванай сістэмы адміністравання ўскосных падаткаў. У рамках дагавора плануецца таксама стварыць наднацыянальны падатковы камітэт, які будзе адсочваць выкананне бакамі ўстаноўленых дамоўленасцей. Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў 31 кастрычніка заявіў, што Расія і Беларусь ужо завяршылі працу па падрыхтоўцы дакумента аб стварэнні наднацыянальнага падатковага органа.

Адзначым, што падпісанне дагавора паміж Беларуссю і РФ аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках прадугледжана асноўнымі напрамкамі рэалізацыі палажэнняў «Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» на 2021-2023 гады і «Саюзнай праграмай па гарманізацыі падатковага і мытнага заканадаўства Беларусі і Расіі і супрацоўніцтве ў мытнай сферы».

«Адзін са знакавых момантаў, які знайшоў адлюстраванне ў гэтай дамове, — рашэнне таго самага знакамітага пытання па зваротным акцызе, якое шмат гадоў абмяркоўвалася — гэта звязана з коштам нафты для беларускага боку. У пытанні "падатковага манеўру" расійскія калегі пайшлі насустрач, і цяпер гэтая праблема, якая доўгі час стварала негатыў у эканамічным парадку дня, таксама развязаная», — сказаў так званы «прэм'ер-міністр» Раман Галоўчанка паводле вынікаў міжурадавых перамоваў у Маскве 3 кастрычніка 2022 года.


Глядзіце таксама

У дакуменце дэталёва распісаны парадак разліку і выплаты трансферту для бюджэту Беларусі. Сума трансферту будзе разлічвацца па формуле, зыходзячы з сярэднямесячнага сусветнага кошту нафты «Urals», аб'ёму перапрацоўваемай сырой нафты ў памеры 1,5 млн т за месяц, з папраўкай на каэфіцыент, які характарызуе кошык нафтапрадуктаў, што выпрацоўваюцца на беларускіх НПЗ, каэфіцыент кампенсацыі і карэкціровачны каэфіцыент, які ў 2023 годзе складзе 0,833, а ў 2024 годзе — 1. Пры гэтым паказчыкі аб'ёму нафты і каэфіцыенты могуць быць зменены на падставе дырэктывы Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, з прычыны чаго сума трансферту таксама зменіцца.

Прагназавалася, што трансферт, на які можа разлічваць Беларусь па дамове аб ускосных падатках пры стандартным аб'ёме перапрацоўкі 1,5 млн т у месяц (18 млн т у год), можа скласці, паводле ацэнак, USD 420-550 млн у год — зыходзячы з прагнозаў кошту нафты.

У 2023 годзе ў Беларусі быў уведзены акцыз на сырую нафту, памер якога вызначаецца па спецыяльнай формуле. Адначасова быў уведзены падатковы вылік па аперацыях з нафтай, які прадугледжвае вяртанне плацельшчыкам сумы акцызу за нафту, атрыманую з РФ, у падвойным памеры. Па сумах акцызу на нафту, атрыманую з Беларусі, будзе вяртацца толькі сума самога акцызу. Такім чынам, па расійскай нафце НПЗ будуць атрымліваць кампенсацыю з бюджэту.

Кампенсацыю за падатковы манеўр у нафтавай галіне, якую атрымлівае Беларусь, у пэўнай ступені можна лічыць платай за дамоўленасці з РФ у падатковай сферы.

Адразу пасля падпісання дамовы ў кастрычніку 2022 года так званы «міністр фінансаў» Юрый Селіверстаў заяўляў, што ў 2023 годзе Беларусь атрымае ад РФ кампенсацыю за падатковы манеўр на суму BYN 1,7 млрд (каля USD 686 млн).

Расійскі рынак не заменіць Беларусі ўкраінскі і еўрапейскі рынкі

Каб атрымаць максімальную суму кампенсацыі з расійскага бюджэту, беларускі бок павінен выканаць усе ўмовы дамовы аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках, а таксама перапрацоўваць не менш за 18 млн т нафты ў год — гэта значыць, прыкладна 4,5 млн т у месяц. Адзначым, што вытворчыя магутнасці кожнага НПЗ прадугледжваюць перапрацоўку па 12 млн т сыравіны ў год (каля 30-35 тыс. т нафты ў суткі).

Відавочна, што аб'ёмы перапрацоўкі нафты беларускіх НПЗ будуць залежаць ад іх экспартных магчымасцей. У найлепшыя гады Беларусь экспартавала каля 10-14 млн т нафтапрадуктаў у год, у 2020 годзе праз праблемы з пастаўкамі нафты экспарт упаў на 19,4% у параўнанні з 2019 годам — да 8,5 млн т (афіцыйная інфармацыя пра аб'ёмы экспарту беларускіх нафтапрадуктаў адсутнічае з мая 2021 года, бо Белстат перастаў яе публікаваць).


Глядзіце таксама

Вядома, што праз вайну ва Украіне Беларусь страціла самы выгадны экспартны рынак — украінскі. У 2021 годзе Беларусь павялічыла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну на 37% у параўнанні з 2020 годам — да 2,968 млн т. Урад Беларусі раней неаднаразова заяўляў пра гатоўнасць пераарыентаваць гэты аб'ём у РФ.

Беларускія НПЗ не змогуць перанакіраваць украінскі аб'ём экспарту на расійскі рынак

Паводле слоў Галоўчанкі, падпісанае з РФ пагадненне выраўноўвае ўмовы для айчынных НПЗ, якія цяпер будуць працаваць у адзіным з Расіяй прававым падатковым полі.

Так званы «віцэ-прэм'ер» Пётр Пархомчык заявіў, што з РФ былі дасягнутыя дамоўленасці наконт штомесячных паставак беларускімі НПЗ у РФ да 100 тыс. т дызельнага паліва і да 50 тыс. т бензіну з ужываннем гэтага дэмпфіруючага каэфіцыента.

Дамоўленасці з РФ па дэмпферным механізме далі падставы беларускім чыноўнікам сцвярджаць, што беларускім НПЗ кампенсуюць страту еўрапейскага і ўкраінскага рынкаў за кошт паставак маторнага паліва ў РФ. Такая магчымасць паставак нафтапрадуктаў на расійскі рынак для беларускіх НПЗ на фоне страты высокамаржынальных экспартных рынкаў была надзвычайна актуальнай.


Глядзіце таксама

Расійскі бюджэт будзе субсідаваць пастаўкі беларускага паліва, якія раней былі стратнымі, за кошт дэмпферных выплат. Дэмпфер — гэта механізм стрымлівання кошту на ўнутраным рынку пры скачках коштаў нафты. Калі экспартныя цэны на бензін і дызельнае паліва вышэй за ўмоўныя ўнутраныя, то дзяржава кампенсуе вытворцам частку гэтай розніцы. У іншым выпадку нафтакампаніі пералічваюць частку прыбытку ў бюджэт.

Такім чынам, згодна з папярэднімі дамоўленасцямі, Беларусь можа паставіць на расійскі рынак 0,6 млн т бензіну і 1,2 млн т дызпаліва ў год. Разам — 1,8 млн т, хоць пастаўкі ва Украіну ў 2021 годзе складалі 2,9 млн т.

Карэкціроўка РФ выплат па дэмпферным механізме стварыла праблемы для беларускіх паставак

Газета «Коммерсантъ» апісвала гэты механізм. Беларускія НПЗ з кастрычніка 2022 года пастаўляюць паліва на расійскую біржу (СПбМТСБ) праз дзяржаўнага расійскага трэйдара «Промсырьёимпорт». Беларускія НПЗ прадаюць бензін і дызпаліва на адрас «Промсырьёимпорта», затым той прадае набытыя аб'ёмы праз біржу па ўнутрырасійскіх цэнах. Каб кампенсаваць разрыў паміж закупачнай і ўнутранай цаной, «Промсырьёимпорт» атрымлівае дэмпферныя выплаты з бюджэту. Паводле справаздачнасці кампаніі за 2022 год, яна атрымала звыш RUB 1 млрд у выглядзе выплат па дэмпферы.


Глядзіце таксама

Аднак з верасня 2023 года ўрад РФ знізіў у два разы выплаты па дэмпферным механізме. У выніку, як адзначаў «Коммерсантъ», праз скарачэнне бюджэтных выплат паводле дэмпфернага механізму Беларусь з верасня 2023 года можа спыніць пастаўкі аўтамабільнага паліва ў РФ.

Паколькі зразанне дэмпфера ў пэўнай меры справакавала скачок цэн на паліўным рынку РФ, Мінэнерга РФ і нафтавыя кампаніі запусцілі абмеркаванне вяртання поўных выплат па паліўным дэмпферы. Адзначалася, што рэгулятары не бачаць іншых эфектыўных мер, здольных стабілізаваць сітуацыю на ўнутраным рынку нафтапрадуктаў. У сувязі з гэтым выказваліся здагадкі, што ў Расіі рашэнне аб карэкціроўцы дэмпфера можа быць адкладзена ці нават перагледжана ў бок меншага зніжэння выплат. Але гэтага не здарылася.