710-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі

У Валгаградзе гарыць адзін з найбуйнейшых расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. СБУ заяўляе пра атаку сваіх беспілотнікаў.

Ілюстрацыйная выява: «Getty Images»

Ілюстрацыйная выява: «Getty Images»

***

Аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» лічаць, што недахоп боепрыпасаў можа прымусіць ўкраінскія войскі прымаць складаныя рашэнні адносна прыярытэтнасці пэўных участкаў фронту: выбіраць, дзе тэрытарыяльныя паразы з'яўляюцца найменш разбуральнымі.

ISW працягвае ацэньваць, што недахоп артылерыйскіх боепрыпасаў і затрымкі ў прадастаўленні заходняй дапамогі ствараюць нявызначанасць ва ўкраінскіх аператыўных планах.

Расследаванні з адкрытых крыніц паказваюць на тое, што расійскія войскі карыстаюцца дэфіцытам боепрыпасаў ва Украіне і няздольнасцю весці дастатковую контрбатарэйную барацьбу. 

Так, украінская група аналітыкаў «Frontelligence Insight» заявіла, што расійскія войскі раней стваралі стацыянарныя артылерыйскія агнявыя пазіцыі з канца 2022-га да пачатку 2023 года, калі недахоп боепрыпасаў абмяжоўваў украінскія магчымасці контрбатарэйнай барацьбы. 

«Frontelligence» заявіла, што расійскія войскі пачалі канцэнтраваць сваю артылерыю падобным чынам у студзені 2024 года, што сведчыць пра тое, што ўкраінскія войскі зноў адчуваюць недахоп артылерыйскіх боепрыпасаў. 

Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны паведаміла, што ўкраінскія войскі часам могуць наносіць удары па расійскай артылерыі, але ў цэлым ім не хапае боепрыпасаў для вядзення эфектыўнага контрбатарэйнага агню. 

Паводле звестак франтавой выведкі, адсутнасць контрбатарэйнага агню з боку ўкраінскіх войскаў дазваляе расійскай артылерыі ў значнай ступені знішчаць населеныя пункты, што практычна робіць немагчымым абарону населеных пунктаў украінскімі сіламі.

Галоўнае ўпраўленне выведкі заявіла, што многім украінскім беспілотнікам не хапае далёкасці палёту для паразы шматлікіх расійскіх артылерыйскіх установак, размешчаных на адлегласці ад 15 да 24 кіламетраў ад лініі фронту. 

Заходнія і ўкраінскія афіцыйныя асобы нядаўна адзначылі патрэбу Украіны ў артылерыйскіх боепрыпасах.

***

Украінскія абаронцы за суткі знішчылі 860 расійскіх акупантаў, 26 іх артсістэм і 10 танкаў, паведамляе Генштаб УСУ.

Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 03.02.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 387 940 (+880) чалавек;
  • танкаў — 6341 (+10) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 11 805 (+13) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 9300 (+26) адз.;
  • РСЗА — 979 (+1) адз.;
  • сродкаў СПА — 663 (+0) адз.;
  • верталётаў — 324 (+0) адз.;
  • самалётаў — 332 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7161 (+15);
  • крылатых ракет — 1847 (+0);
  • караблёў / катэраў — 24 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 12 352 (+36) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1473 (+3).

***

За мінулыя суткі адбылося 77 баявых сутыкненняў. У цэлым расійцы нанеслі 2 ракетныя і 86 авіяцыйных удараў, здзейснілі 46 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, паводле звестак Сіл абароны Украіны.

У выніку расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнні і пашкоджанні атрымалі жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура.

Уначы расійскія акупанты нанеслі чарговы ўдар, ужыўшы 14 БПЛА тыпу «Shahed-136/131». Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны знішчана 9 варожых дронаў.

Авіяцыйным ударам падвергліся: Луганская, Данецкая, Запарожская і Херсонская вобласці.

Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за 100 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

***

За мінулыя суткі РФ здзейсніла 67 абстрэлаў Херсонскай вобласці, 7 чалавек атрымалі раненні, з іх — 1 дзіця, паведамляюць у Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі.

Па Херсоне расійцы накіравалі 49 снарадаў, у тым ліку кіраваную авіябомбу.

Яны папалі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці; пашкодзілі аб'екты крытычнай інфраструктуры і навучальныя ўстановы ў абласным цэнтры і ў Херсонскім раёне; папалі ў дзіцячы садок у Берыслаўскім раёне.

Таксама акупанты нанеслі разбурэнні крамам і медыцынскай установе ў Херсоне.

***

Каля 6-й раніцы 3 лютага акупанты ўдарылі па Купянску. Спачатку — па грамадзянскай інфраструктуры «Фабамі-500» з універсальным модулем планавання і карэкцыі.

Пашкоджаны дзевяціпавярховы жылы дом, прыватныя жылыя дамы, электрасеткі, іншая грамадзянская нежылая інфраструктура.

Інфармацыі пра пацярпелых пакуль няма.

***

Пажар 3 лютага на адным з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі ў Валгаградзе — вынік паспяховай атакі беспілотнікаў СБУ. Мясцовыя СМІ паведамілі, што, гарыць нафтаперапрацоўчы завод «ЛУКОЙЛ-Волгограднефтепереработка».

Крыніца «Украінскай праўды» ў СБУ адзначае, што два беспілотнікі ўразілі ўстаноўку першаснай перапрацоўкі нафты, без якой завод «страціць значную частку вытворчай магутнасці».

Адразу некалькі крыніц у расійскіх экстраных службах пацвердзілі мясцовым журналістам, што на НПЗ упаў беспілотнік: «Там дым валіць слупом. Упаў беспілотнік, выклікалі адразу вайскоўцаў, медыкаў і пажарных. Моманту падзення ніхто з аператыўных работнікаў не бачыў. Але паведамілі, што пашкоджанні там сур'ёзныя. Людзей не было ў момант здарэння, пакуль без ахвяр».

Перад пажарам людзі чулі гучны шум.

ТАА «ЛУКОЙЛ-Волгограднефтепереработка» — найбуйнейшы вытворца нафтапрадуктаў у Паўднёвай федэральнай акрузе РФ, магутнасць завода складае 14,8 млн.тон. З 1993 года з'яўляецца 100% даччынай арганізацыяй «ЛУКОЙЛа».