«Адцісканне» бізнесу па-беларуску: ці прыйдзе Лукашэнка ў Mak.by па бульбу фры?
Беларусы помняць гучную гісторыю сыходу McDonald’s з Беларусі: амерыканцы адклікалі франшызу, паўгады фаст-фуд працаваў пад умоўнай назвай «Мы открыты!», што нарадзіла шмат мемаў і жартаў. У выніку сетку рэстаранаў перайменавалі ў Mak.by, і яна працуе больш за год. Мы пачыталі водгукі наведвальнікаў і прааналізавалі працу рэстаранаў у кантэксце заяў Лукашэнкі на нарадзе Савета міністраў.
Перадгісторыя
У лістападзе 2022 года McDonald’s перастаў працаваць у Беларусі з-за ўдзелу рэжыма Беларусі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Беларускія рэстараны павінны былі перайсці да расійскага брэнду «Вкусно — и точка», але ў справу, меркавана, умяшаўсяАляксандр Лукашэнка.
Па выніку ў красавіку сетка фаст-фуду адкрылася пад назвай Mak.by, таксама былі зменены назвы страваў у меню (напрыклад, «Біг Мак» стаў называцца «Мак Бургер»), з’явіўся новы лагатып, абнавіўся дызайн і запрацаваў мабільны дадатак.
McDonald’s не дае спакою
На нядаўняй нарадзе з Саветам міністраў Лукашэнка згадаў гісторыю з McDonald’s і заявіў: «На сённяшні дзень паток людзей нарастае, як мне далажыў Снапкоў. Людзі з задавальненнем ядуць тое, што там гатуюць. [...] І бульба фры ў нас добрая — з нашай бульбы. «Макдональдс» не заўсёды купляў для гэтага беларускую бульбу. Вазілі чорт ведае адкуль. Чаму? Дамаўляліся. Камусьці нехта плаціў неяк. Зараз ямо сваю бульбу. Упэўнены, яна найлепшая. Мяса яшчэ ўпіхвалі туды — зрабілі. Паўстае пытанне, так што вы мазгі пудрылі, што гэта немагчыма, што трэба там камусьці прадаць?».
Лукашэнка дадаў, што «гэта наша, беларускае. І мы нясем за гэта адказнасць. Мы нармальна кормім нашых людзей».
Мы вырашылі параўнаць ягонае меркаванне з меркаваннямі людзей, якія наведвалі фаст-фуд пасля яго трансфармацыі. Дарэчы, як прызнаваўся сам Лукашэнка, у McDonald’s ён ніколі не быў і ежы адтуль не каштаваў.
Водгукі пра Mak.by на relax.by і Google maps
Калі прааналізаваць водгукі на Relax.by пасля лістапада 2022, калі франшызу адклікалі, то там 12 водгукаў, адзін з якіх з адзнакай 2, астанія — з адзнакай 1. Тыя, хто пакінуў водгукі, былі незадаволеныя марудным абслугоўваннем і яго кепскай якасцю — некаторым людзям паклалі ў заказы не ўсё, за што яны заплацілі ці, напрыклад, зрабілі чызбургер без катлеты. Больш за ўсё прэтэнзій да якасці саміх прадуктаў: нясмачная напалову сырая бульба фры, спаленыя сухія булкі, шмат вадкага маянэзу, разбаўленыя напоі.
Асобна хочам прывесці адзін каментар, які пакінула наведвальніца напачатку 2023 года:
«Рабіла заказ на касе, для іншага чалавека, я не сачу за навінамі, мне ўсё роўна, я прыйшла сюды замовіць ежу і адпачыць! Астатняе мне не важна! Папрасіла «Біг Мак», заказ для іншага чалавека. Я лічу непрымальным чуць жарты ад касіра: «Гэта не Еўропа, гэтага даўно няма, ха-ха…». Касіру было вельмі весела! [...] Ён нават не дапамог зрабіць выбар, нічога не параіў, сышла без замовы! Гэта так весела папракнуць наведвальніка, так смешна! Дзякуй, новыя гамбургеры я не пакаштавала».
Што ж, судзячы па водгуках, гэта сапраўды не ўзровень McDonald’s у Еўропе ці Амерыцы. Пакуль так званае «імпартазамяшчэнне» праходзіць не вельмі паспяхова. Дакладна вядома, што цяпер соусы, маянэз і кетчуп для mak.by пастаўляе беларуская кампанія «Камако», а цацкі для «Кідс Мілаў» робіць фабрыка «Полесье». У сетцы McDonald’s былі адбудаваныя ўсе працэсы: абслугоўванне, рэцэптура, пастаўка пэўных прадуктаў, якія пасуюць да рэцэптуры. У Mak.by са стандартамі працы пакуль не заладзілася.
У водгуках на Google maps да Mak.by прыкладна такія ж прэтэнзіі, але варта адзначыць, што там прынамсі ёсць ацэнкі ў 4 і 5. Агульныя адзнакі ў рэстаранаў фаст-фуда па Беларусі ад 2,5 да 3,8. Найвышэйшая адзнака ў 3,8 у Mak.by у Гродна.
Каму цяпер належыць Mak.by?
Што яшчэ казаў Лукашэнка пра McDonald’s і Mak.by: «А хацелі прадаць: мы не ўмеем, мы не можам, ах-ох… Мы ўсё ўмеем і можам! [...] Сышлі — да пабачэння, уласнасць належыць дзяржаве. Такім чынам яны пакінулі ўласнасць, мы яе паднялі, прывялі ў парадак. І сёння гэтыя 25 рэстаранаў па краіне працуюць. З'явіўся прыватнік, які гатовы купіць іх, заплаціць грошы, і грошы немалыя. Нармальны беларус, у якога ёсць уласнасць, гатовы развіваць гэтую сетку».
Журналіст Аляксей Карпека высветліў, што эканамічны суд Мінска 10 кастрычніка 2023 года прыняў рашэнне аб бязвыплатнай канфіскацыі «КСБ Віктары Рэстараны» ў кампаніі KSB VICTORY RESTAURANTS PTE. LTD. (Сінгапур). У студзені 2024 года Вярхоўны суд РБ адхіліў апеляцыю ўладальнікаў бізнесу.
Хутчэй за ўсё, пад «нармальным беларусам» маецца на ўвазе Аляксей Алексін, уладальнік «Табакерак», які зарабіў свае мільёны дзякуючы набліжанасці да сям'і Лукашэнкі. Яго падазраюць у махлярскіх аперацыях з нафтай і цыгарэтамі ў інтарэсах Лукашэнкі. Атрымліваецца, што сетку фаст-фуда «адціснуў» сабе сам Аляксандр Рыгоравіч.
Ёсць цікавая расійская статыстыка, як працаваў McDonald's у Расіі да сыходу з рынка ў параўнанні з «Вкусно — и точка». У 2021-м McDonald's меў прыбытак у 25,8 млн долараў, «Вкусно — и точка» ў 2022-м — страты 140 млн долараў. Статыстыкі па беларускім Mak.by няма ў адкрытым доступе.
Для беларускага кіраўніцтва гэта не першы выпадак «адціскання» бізнесу. Можна згадаць прыватызацыю кандытарскіх фабрык «Спартак» і «Камунарка» ў 2012 годзе, у якія інвеставаў амерыканскі бізнесмен беларускага паходжання Марат Новікаў. Падобны скандал быў яшчэ ў 90-х, калі з Беларусі сышоў «Форд», а пазней ні з чым засталася расійская «Балтика», якой так і не ўдалося вярнуць укладзены ў Беларусь капітал.
І гэта толькі гучныя выпадкі пра «адцісканне» буйных прадпрыемстваў, а колькі такіх выпадкаў у малым і сярэднім бізнесе мы яшчэ не ведаем? З такой тэндэнцыяй на прыход замежных інвестараў і франшыз разлічваць не прыходзіцца.