Жарсці па бігмаку
У судах працягваюцца разбіральніцтвы, звязаныя з кампаній «КСБ Віктары Рэстараны». Фірма кіруе ў Беларусі ўстановамі «МАК.by» — гэта былыя рэстараны McDonald's. Чыноўнікі праз суд патрабуюць прыпыніць працу.
На 10 студзеня ў Вярхоўным судзе прызначанае паседжанне па позве Дзяржкаммаёмасці. Адказваць будуць кампаніі «КСБ Віктары Рэстараны» і яе «мама» — «Ksb victory restaurants pte. Ltd.»(яна базуецца ў Сінгапуры). Пазоў датычыцца прыпынення дзейнасці па заявах кантралюючых органаў. Паседжанне будзе праходзіць у закрытым фармаце, паведамляе «Люстэрка».
Пазоў будуць разглядаць у касацыйным парадку. Відавочна, будзе аспрэчвацца рашэнне Эканамічнага суда Мінскай вобласці. Тут 29 верасня 2023 г. праходзіла пасяджэнне аб прыпыненні дзейнасці кампаній, якія кіруюць рэстаранамі хуткага харчавання «МАК.by». Што тады вырашыў суд, невядома.
Цяпер рэстараны працуюць, мяркуючы па сацыяльных сетках і сайце кампаніі. Аб іх закрыцці або прыпыненні дзейнасці не паведамлялася.
Як развівалася гісторыя з McDonald's у Беларусі
Установы «МАК.by» — гэта былыя рэстараны McDonald's. Як стала вядома 11 лістапада 2022 года, McDonald's сыходзіць з беларускага рынку. Было абвешчана, што ягонае месца зойме расейская сетка фастфуду «Смачна — і кропка», адкрытая ў памяшканнях McDonald's пасля яго закрыцця ў Расіі.
Меркавалася, што рэстараны пад брэндам «Смачна — і кропка» пачнуць працаваць у Беларусі 22 лістапада. Але 18 лістапада, каментуючы сыход McDonald’s, Лукашэнка заявіў, што ягонае месца павінны заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.
А раніцай 28 лістапада рэстараны зарабілі без шыльдаў McDonald's або «Смачна — і кропка». З тых часоў установы юрыдычнай асобы «КСБ Віктары Рэстараны» працавалі пад незразумелым брэндам «Мы адкрыты», аднак з новым меню, якое не ўсім спадабалася.
12 снежня 2022 года Лукашэнка назваў McDonald's «нашым прадпрыемствам».
У красавіку 2023 года кампанія «КСБ Віктары Рэстараны» падала заяўку на рэгістрацыю новага таварнага знака, пасля чаго сетка рэстаранаў хуткага харчавання змяніла назву на «МАК.by».