Лічым чужыя грошы: якім быў 2023 год для беларускіх арганізацый

Нядаўна Белстат апублікаваў інфармацыю, што прамысловая вытворчасць Беларусі вырасла на 7,7% у 2023 годзе. Навіну тут жа падхапілі праўладныя СМІ, з гонарам прэзентуючы лічбы гэтай галіны вытворчасці. А мы прааналізавалі фінансавыя вынікі працы ўсіх арганізацый, не толькі прамысловых, за студзень-лістапад 2023 года — даныя таксама дасяжныя на сайце Белстата.

_belarus_horad_ekanomika_zyccjo_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Колькасць стратных арганізацый

У студзені-лістападзе 2022 года колькасць стратных для эканомікі арганізацый складала 709. У 2023-м у тым жа перыядзе гэта лічба вырасла да 763. То-бок, за год сваю фінансавую ўстойлівасць страцілі 54 прадпрыемствы (іх стала болей на 7,6%).

Выручка і сабекошт

Выручка вырасла з 314,4 да 351,7 млрд беларускіх рублёў — у параўнанні са студзенем-лістападам 2022 рост склаў 11,9%. Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, паслуг і прац таксама павялічыўся — на 14,5% (251,8 млрд беларускіх рублёў у 2022-м, 288,3 млрд беларускіх рублёў у 2023-м). Як мы бачым, сабекошт расце хутчэй за выручку, а гэта кепска ўплывае на прыбытак.

Прыбытак ад рэалізацыі і інвестыцыйнай дзейнасці. Чысты прыбытак

Прыбытак ад рэалізацыі знізіўся на 7,2% у параўнанні з перыядам папярэдняга года (25,5 супраць 27,4 млрд беларускіх рублёў).

Адносна добрая навіна: страты ад інвестыцый сталі менш на 970,8 млн беларускіх рублёў, ці на 21,8%. Кепская навіна ў тым, што яны ўсё роўна вялікія.

Чысты прыбытак знізіўся на 1,4 млрд беларускіх рублёў, ці на 8,1%.

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі і продажаў

Не паверыце, але яна таксама знізілася! Даныя студзеня-лістапада 2022-га да такога ж перыяду 2023-га: рэнтабельнасць рэалізацыі была 10,9%, стала 8,8%, рэнтабельнасць продажаў была 8,7%, стала 7,2%.

Дэбіторская і крэдыторская запазычанасці

Дэбіторская запазычанасць (пазыкі прадпрыемству) на 1 снежня дасягнула 68,2 млрд рублёў, у параўнанні са студзенем 2023 яна павялічылася на 11,4%, пратэрмінаваная «дэбіторка» склала 9,7 млрд, са студзеня яна павялічылася на 17%.

Крэдыторская запазычанасць (запазычанасці прадпрыемства) склала 78,3 млрд рублёў, павялічыўшыся за амаль год на 14%. Пратэрмінаваная «крэдыторка» склала 9,8 млрд, са студзеня яна павялічылася на 16,4%.

Простымі словамі, нашыя прадпрыемствы павінны вярнуць болей грошай іншым, чым вінныя вярнуць ім.

Дэбіторская запазычанасць вырасла на 7 млрд рублёў, а крэдыторская — на 9,6 млрд. У ідэале, гэтыя паказчыкі павінны расці ці зніжацца раўнамерна, бо такая тэндэнцыя сведчыць пра тое, што грошы трацяцца хутчэй, чым зарабляюцца.

А што ўсё ж такі з прамысловай вытворчасцю?

Аб’ёмы прамысловай вытворчасці павялічыліся на 7,7% за год. Але складскія запасы таксама павялічыліся, напрыклад, у апрацоўчай прамысловасці. Па даных Белстата, у грашовым эквіваленце ў 2022 годзе яны складалі 7887 млн, а ў 2023-м - 8255, павелічэнне на 378 млн рублёў, ці на 4,8%. Гэта не значыць, што ўся прадукцыя «асядае» на складах, усё ж такі прамысловая вытворчасць складае больш за чвэрць беларускага экспарту, але ўлічваючы павелічэнне запасаў, нейкая частка дакладна ляжыць незапатрабаванай.