Аліеў атрымаў больш за 92% галасоў на выбарах прэзідэнта Азербайджана

Старшыня Цэнтрвыбаркама Азербайджана Мазахір Панахаў заявіў, што дзейны прэзідэнт краіны Ільхам Аліеў лідзіруе на пазачарговых прэзідэнцкіх выбарах, набірае 92,05%. ЦВК завяршыў падлік 93,35% бюлетэняў. Для Ільхама Аліева гэта ўжо пятыя выбары запар.

ilham_alieu.avif

Паводле слоў старшынм ЦВК, Захід Орудж атрымаў 2,19% галасоў, Разі Нурулаеў – 0,8%, Фазіль Мустафа – 2%, Эльшад Мусаеў – 0,67%, Гудрат Гасангуліеў – 1,76%, Фуад Аліеў – 0,53% галасоў, паведамляе «Эхо Кавказа».

З перамогай на выбарах Аліева ўжо павіншавалі, у прыватнасці, кіраўнікі Беларусі, Турцыі, Венгрыі, Сербіі, Узбекістана, Казахстана, Ірана, Ірака, Венесуэлы і Кітая.

Выбары павінны былі прайсці ў наступным годзе, аднак Аліеў іх перанёс на фоне ўсплёску сваёй папулярнасці пасля таго, як Азербайджан вярнуў пад свой кантроль тэрыторыю Нагорнага Карабаху.

Акрамя таго, у лістападзе 2024 года Азербайджан прыме чарговы кліматычны саміт ААН, дзякуючы чаму Аліеў зноў акажацца ў цэнтры ўвагі.

Аліеў знаходзіцца ва ўладзе з 2003 года. Ён стаў пераемнікам свайго бацькі, Гейдара Аліева, які быў прэзідэнтам папярэдняе дзесяцігоддзе.

Цяпер прэзідэнт Азербайджана абіраецца на сем гадоў, колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў не абмежавана. Для Аліева гэта ўжо пятыя выбары запар.

За дваццаць гадоў кіравання Аліева ў краіне былі прынятыя законы, якія абмяжоўваюць палітычныя дыскусіі, — апазіцыянераў і незалежных журналістаў неаднаразова арыштоўвалі, у тым ліку перад выбарамі.

Акрамя Аліева, да выбараў дапусцілі яшчэ шэсць кандыдатаў, некаторыя з іх публічна хвалілі Аліева. Рэальных канкурэнтаў дзейнага прэзідэнта сярод іх няма, адзначаюць аналітыкі.

Дзве асноўныя апазіцыйныя партыі — «Мусават» і «Народны фронт Азербайджана» – адмовіліся ад удзелу ў выбарах. Лідар «Мусавата» Арыф Гаджылы прычынай байкоту назваў недэмакратычнасць выбараў.

«Многія журналісты і палітычныя актывісты сядзяць у турме. У краіне больш за дзвесце палітычных зняволеных. Існуюць сур'ёзныя праблемы з заканадаўствам аб выбарах, а выбарчыя камісіі ў асноўным знаходзяцца пад уплывам уладаў», – сказаў Гаджылы Associated Press.

Выбары прайшлі і на тэрыторыі Нагорнага Карабаху, з якой восенню мінулага года беглі больш за сто тысяч армян — а гэта зрабіла многія часткі рэгіёну практычна бязлюднымі.

Большасць былых кіраўнікоў самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі арыштаваныя азербайджанскімі ўладамі.

Ільхам Аліеў сёмага лютага прагаласаваў менавіта ў Нагорным Карабаху — у Ханкендзі (армянская назва Сцепанакерт). Да гэтага ён асабіста ўздымаў там сцяг Азербайджана, а потым праводзіў ваенны парад.