Фрыдман: Лукашэнка стане кіраўніком УНС, але ад пасады прэзідэнта не адмовіцца
У Беларусі 25 лютага пройдзе так званы «Адзіны дзень галасавання». Аніякай інтрыгі: «дэпутаты» ўжо прызначаны, вынікі кампаніі вядомыя. А следам за «парламенцкай кампаніяй» адбудзецца фармаванне Усебеларускага народнага сходу, кіроўнае месца ў якім ужо «засталбіў» сабе Лукашэнка. І вокам не паспеем міргнуць, як прыйдзе 2025 год з прэзідэнцкай кампаніяй. Як сябе павядзе тады «двойчы кіраўнік» беларускай дзяржавы?
Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Сітуацыю з «выбарамі» магу характарызаваць як вельмі змрочную. З’явіўся шэраг надзвычайных кандыдатаў, якіх раней не было, кшталту прапагандыстаў. Але ж яны не кандыдаты, яны ўсе прызначэнцы.
Хаця прысутнічае і цікавы момант: у «палатку» адпраўляюць Ігара Сергяенку, былога кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. Выбар «кандыдатаў» адлюстроўвае галоўныя тэндэнцыі ва ўладзе, змену пакаленняў. Усё астатняе каментароў не патрабуе: «дэпутаты» ўжо прызначаныя, вынікі кампаніі вядомыя загадзя — пра сапраўдную парламенцкую кампанію гаворка нават не ідзе. Сапраўдных «выбараў» ніколі і не было за часамі праўлення Лукашэнкі, пасля стварэння так званай «палаты прадстаўнікоў».
Беларускаму грамадству сёння не да палітыкі. Па-першае, як ніколі бачныя вялікая апатыя і адчуванне таго, што нічога змяніць нельга. А па-другое, ідзе вайна. Уяўленне пра тое, што «парламенцкія выбары» нічога не вырашаюць, мае пад сабой глебу: так склалася, што ў беларускім кантэксце толькі адныя выбары важныя — выбары прэзідэнцкія.
— Навошта ўвогуле праводзіць такія «выбары», якія нічога не мяняюць для краіны і грамадства? Ці яны нешта мяняюць для самога Лукашэнкі?
— Такое ўжо лукашэнкаўскае ўяўленне пра выбары. Пра дэмакратычнае спаборніцтва, пра канкурэнцыю, пра нейкую празрыстасць гаворка не ідзе; прызначэнне — савецкая традыцыя. Гэта адзін з механізмаў панавання. Так што ў лукашэнкаўскім разуменні ўсё лагічна: правядзенне «выбараў» якраз-такі сведчыць, што сістэма працуе.
— То-бок, гаворка ідзе пра цалкам стэрыльную «палату» пад наглядам таварыша Сергяенкі?
— У Лукашэнкі ўсе «палаты» былі стэрыльнымі. Выключэннем хіба можна лічыць першыя «палаты» на пачатку нулявых, калі туды прарваліся Парфяновіч, Фралоў, Скрабец. Але ўсё гэта ў мінулым. Гэтым разам у «палату» патрапяць толькі тыя, хто дзейнічае ў строга зададзеных рамках і межы не пяройдуць. Магчыма, па дробных пытаннях, як і ў расійскай Дзярждуме, і гэтыя «дэпутаты» будуць між сабой спрачацца, але па галоўных, прынцыповых пытаннях разыходжанняў быць не можа.
— Ці дачакаемся мы таго, што прапагандыст Азаронак будзе плюхаць вадой у твар «калегу» Гігіну, альбо яны будуць цягаць адзін другога за валасы? Чым колісь адзначыўся дзярждумавец Жырыноўскі ў тэлеэфіры і ў Дзярждуме.
— Не, думаю, не дачакаемся. У гэтай палаце такога не будзе. Магчыма, яны зробяць гэта некалі ў іншых умовах, але не ў «палаце».
— Наступны этап «выбарчага» працэсу — фарміраванне Усебеларускага народнага сходу, якое мае адбыцца ўжо вясной. Ці стане УНС палітычнай вехай для Лукашэнкі?
— Гэтае пытанне для Лукашэнкі не такое ўжо актуальнае. Я сыходжу з таго, што Лукашэнка пакіне сабе пасаду кіраўніка УНС і адначасова будзе заставацца на пасадзе прэзідэнта. А далейшы сцэнар будзе вызначаць развіццё падзей у наступным годзе. Уявім сабе сітуацыю: Лукашэнка пакідае пасаду прэзідэнта, і ў Беларусі, хай сабе і чыста фармальна, з’явіцца новы кіраўнік дзяржавы, новы абраны прэзідэнт, тады можна лічыць УНС пэўнай вехай. А калі ўсё застанецца па-ранейшаму, Лукашэнка застанецца і на чале УНС, і на чале дзяржавы ў якасці прэзідэнта, то нічога прынцыпова не зменіцца.
— Значыць, і «палата», і УНС — толькі прыступкі на шляху да прэзідэнцкай кампаніі. І менавіта фарміраванне гэтых кішэнных інстытуцыяў будзе прымушаць Лукашэнку нейкім чынам карэктаваць сваю персанальную палітыку? Ісці на прэзідэнцкую кампанію ці ісці нарэшце на пакой?
— Ствараюцца пэўныя механізмы. А ці будзе Лукашэнка нейкім чынам карэктаваць свае дзеянні, то гэта будзе залежаць не ад цяперашняй кампаніі. Гэтую кампанію трэба разглядаць толькі як тэст для наменклатуры — як яна працуе. А далейшае развіццё падзеяў ува многім будзе залежаць не ад унутрыпалітычнага становішча, а ад знешнепалітычнага палажэння. На далейшыя паводзіны Лукашэнкі будзе ўплываць цэлы шэраг фактараў, у тым ліку і яго здароўе.
— Акрамя здароўя, якія фактары яшчэ прымусяць яго падумаць, ці заставацца на пасадзе прэзідэнта ці лепш сысці?
— Знешняя палітыка: вайна ва Украіне, адносіны з Расіяй. Магчыма, эканамічнае становішча, калі адбудуцца значныя пагаршэнні. Ці ўзнікнуць нейкія наменклатурныя праблемы. Але я думаў, што пераважна гаворка ідзе пра знешнепалітычны кантэкст і пра стан здароўя Лукашэнкі.