Павел Аракелян: Цяпер мы назіраем, як Беларусь пераўтвараецца ў канцлагер
Павел Аракелян — адзін з самых знакавых джазменаў нашай краіны. Беларусам ён вядомы як сольнай творчасцю, так і ўдзелам у гуртах «Крамбамбуля», Apple Tea і Svet Boogie Band. У Беларусі яго неаднаразова прызнавалі найлепшым саксафаністам краіны.
Пасля выбараў 2020 года ён падтрымаў пратэсты сваёй музыкай
на дваровых канцэртах, трапляў пад арышт. Павел пакінуў Беларусь толькі ўвосень
2022 года. Сёння ён жыве ў Вільні, дзе працягвае музычную кар'еру.
Сайт Charter97.org пагаварыў з Паўлам Аракелянам аб музыцы, эміграцыі, стане культуры ўнутры Беларусі і важным выбары, які трэба зрабіць беларусам.
— Павел, чым вы жывяце ў Вільні, ці прыняла вас джазавая супольнасць літоўскай сталіцы?
— Практычна з першых тыдняў выпала ў яе ўліцца, бо я музыка даволі неблагога ўзроўню. Шмат хто кажа, што літоўцы — даволі халодны народ, але па музычнай супольнасці я гэтага не заўважыў. Мяне прынялі практычна з самага пачатку, моцна падтрымлівалі і цяпер вельмі добра ставяцца.
Адчуваецца вельмі вялікая розніца ў параўнанні з Мінскам. Я прыехаў у Вільню ўзімку 2022 года, калі былі калядныя карнавалы, адкрытыя кавярні, кірмашы. Адусюль ідзе добрая музыка, яна грае фонам. Калі ў Мінску ўсюды грала расійская папса, то ў Вільні чутны джаз, блюз, добры рок. Можна сказаць, што віленчукі маюць вельмі добры музычны густ, гэта ўжо як традыцыя.
У Мінску я заўважаў, што людзі часта выціскаюць нешта з сябе: «Мы ж інтэлігенты, трэба схадзіць на джаз». Тут такога няма. Яшчэ раз паўтаруся, што няма панавання расійскай папсы, якая ў нашым рэгіёне, на жаль, з'яўляецца галоўнай тэмай. Тут людзі спакойна ходзяць і на класічны джаз, і на сучасны, і на імправізацыйную музыку. У Літве ёсць некалькі музычных фэстаў, праз якія праходзяць дзясяткі тысяч слухачоў. Гэта моцна кідаецца ў вочы. Мяркую, гэта таму, што Літва пасля распаду СССР жыве ў іншым інфармацыйным і культурным полі.
— Раскажыце аб вашым праекце, з якім вы будзеце выступаць 8 лютага?
— У Вільні ёсць галоўны джазавы клуб, які называецца Jazz Cellar 11. Мы там даволі часта граем у рамках розных праектаў, музычных джэмаў. Раз на год мы імкнёмся ладзіць канцэрты аўтарскай музыкі. Назапасілася вельмі шмат матэрыялу, таму гэтым разам, 8 лютага, будзе канцэрт маёй аўтарскай музыкі. Увесь праект будзе складацца з прысвячэнняў, мы нават назвалі яго «Dedicated To…» («Прысвячаю…»). Музыка будзе прысвечана розным людзям, музыкам, месцам, падзеям. У тым ліку — прысвячэнне літоўскім музыкам, якія мяне шалёна ўразілі. Так што запрашаю ўсіх.
— Як вы ацэньваеце стан музыкі і культуры ўнутры Беларусі?
— Мяне больш за год няма ў краіне, але, мяркуючы з водгукаў, у тым ліку ад блізкіх людзей, тых, хто хадзіў на канцэрты, разумею, што ў культурным плане ўсё замерзла і застыла. Расійская поп-культура, якая заўсёды была развітай у Беларусі, цяпер запаланіла ўсю музычную прастору. Нічога значнага ў культурнай сферы не адбываецца. Асабіста я магу зрабіць такую ж выснову, грунтуючыся на колькасці знаёмых джазавых музыкаў, якія з'ехалі. Безумоўна, нехта застаўся, але ў джазавай сферы ў Беларусі заўсёды не ставала прафесіяналаў. Кожны, хто з'ехаў — гэта сур'ёзны ўдар па сферы ў цэлым.
Як я разумею, сёння вельмі складана атрымаць дазвол на правядзенне нейкіх канцэртаў. Калі раней усё, што не было забаронена, было дазволена, то сёння наадварот — што не дазволена, то забаронена.
— А што скажаце аб культурных праектах, якія робяць беларусы за мяжой?
— Я магу гаварыць толькі за сваю сферу і выказваць сваё меркаванне. Наколькі я бачу, беларусы ствараюць нешта менавіта для беларусаў. Часцяком яны, на жаль, па-ранейшаму арыентуюцца на рускамоўную аўдыторыю. Кажуць, што ў нас з'явіліся нейкія добрыя праекты ў электроннай музыцы.
У Германіі ёсць вельмі шмат добрых музыкаў з беларускімі каранямі, якія пераехалі яшчэ да 2020 года.
— Вы доўгі час не з'язджалі з Беларусі — да восені 2022 года. Вам нават даводзілася прадаваць музычныя інструменты, каб неяк жыць. Вы на нешта спадзяваліся або гэта была ваша прынцыповая пазіцыя?
— Болей я спадзяваўся, што нешта мае адбыцца. Магчыма, гэта была нейкая інфантыльнасць. Вядома, эміграцыя — не самая прыемная рэч, пагатоў — вымушаная. Для мяне апошнім маркерам стала папярэджанне, што супраць мяне рыхтуюцца распачаць справу. Я разумеў, што шмат беларусаў пачалі жыць сваім жыццём, на нейкія хуткія змены не варта спадзявацца. Маю паджылую маму і ката, які хварэе на цукровы дыябет. Было разуменне, што буду сядзець нізавошта, а маю сям'ю не будзе каму даглядаць.
— Хто або што вас сёння натхняе?
— Яшчэ ў 2020 годзе было ясна, што калі мы ад гэтай улады не пазбавімся, краіна ператворыцца ў паўнавартасны канцлагер. Цяпер мы назіраем за гэтым працэсам. Не магу сказаць, што мяне сёння нехта натхняе. Я з вялікай павагай стаўлюся да людзей, якія свядома паклалі сваё жыццё на алтар беларушчыны — Марына Адамовіч, Мікалай Статкевіч. Не магу сказаць, што мяне цяпер хоць нешта натхняе, але гэта тыя, за каго я вельмі моцна хвалююся.
Мяне за гэта часта лаюць, але скажу, што беларусам сёння трэба паклапаціцца аб саміх сабе — аб сваёй бяспецы, здароўі.
Другое — прыйсці да разумення, што ёсць папулісты, няважна, якія ідэі яны бяруць на ўзбраенне, каб убіцца ў ласку да людзей. Няважна, гэтыя людзі стаяць пад чырвона-зялёным або бел-чырвона-белым сцягам. Трэба глядзець на справы. Чалавек найперш мусіць паказваць сваю адданасць справе, што ён аддаў дзеля Беларусі ўсё. Калі беларусы гэта ўсвядомяць, у нас з'явіцца нейкі шанец на змену ўлады і правільны выбар.