«Удар па руках Лукашэнкі». Стала вядома, хто ў першую чаргу атрымае «пашпарт новай Беларусі»

Аб’яднаны пераходны кабінет распавёў, аб чым ішла гаворка яго прадстаўніка па міжнародных справах Валерыя Кавалеўскага са спецпасланнікамі дэмакратычных краін.

Фота: АПК

Фота: АПК

Справаздачу кабінет прадставіў у выглядзе «пытанне — адказ».

Якія найбліжэйшыя планы?

Каб заваяваць давер беларусаў і замежных партнёраў, неабходна стварыць орган выдачы пашпартоў з камандай прафесіяналаў. Орган забяспечыць выкананне найвышэйшых міжнародных стандартаў пры тэхнічнай падтрымцы спецыялізаваных арганізацый: ад збору заявак і вырабу фізічных асобнікаў да бяспечнага захоўвання даных.

Хто атрымае першыя асобнікі пашпартоў?

Тыя, хто мае легалізацыю ў краінах пражывання — людзі, якія ўжо прайшлі першасную праверку нацыянальнымі міграцыйнымі службамі. Гэта паспрыяе станоўчаму ўспрыманню праекта нацыянальнага пашпарта Беларусі еўрапейскімі партнёрамі.

Якое палітычнае значэнне мае праект пашпарта?

Пашпарт — гэта не толькі практычнае рашэнне праблем беларусаў, але і магчымасць адказу цывілізаванага свету на рэпрэсіўныя захады рэжыму Лукашэнкі.

«Прызнанне пашпарта — удар па руках Лукашэнкі ў адказ на яго выкарыстанне базавай функцыі дзяржавы для рэпрэсій супраць беларусаў на тэрыторыі цывілізаваных краін. Адначасова гэта будзе гуртаваць беларусаў, дапамагаць захаванню ідэнтычнасці і суб'ектнасці беларускага народа, дзе б мы ні знаходзіліся», — адзначыў Валерый Кавалеўскі.


Глядзіце таксама

Ці могуць праект пашпарта падтрымаць самі беларусы?

Прадстаўніцтва па замежных справах Кабінета плануе звярнуцца да дыяспар з прапановай далучыцца да ўдзелу ў кампаніі па стварэнні пазітыўнага іміджу новага нацыянальнага пашпарта Беларусі ў еўрапейскіх краінах.

«Пра тое, як можна далучыцца да кампаніі, будзе паведамляцца на каналах кабінета і прадстаўніцтва. Сачыце за абнаўленнямі!» — падсумоўваецца ў справаздачы.

Праект «пашпарта новай Беларусі» паўстаў праз праблемы беларускіх эмігрантаў з легалізацыяй у дэмакратычных краінах. Яшчэ больш актуальным ён стаў пасля таго, як Лукашэнка сваім адмысловым указам забараніў беларусам замежжа падоўжыць альбо замяніць дзеянне пашпартоў у беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтвах. Паводле дакумента, які эксперты лічаць спробай помсты рэжыму беларускім дыяспарам, падоўжыць альбо замяніць пашпарт цяпер можна толькі ў Беларусі, наведаўшы тэрытарыяльны аддзел міграцыйнага дэпартамента МУС. Зразумела, што для эмігрантаў з актыўнай пазіцыяй гэта стварае вялізную небяспеку быць затрыманымі і рэпрэсаванымі. Адзінкавыя выпадкі менавіта такога развіцця падзей ужо зафіксаваны праваабаронцамі.

Некаторыя эксперты скептычна ставяцца да перспектывы прызнання «пашпарта новай Беларусі», лічачы, што дэмакратычныя краіны гэтую ідэю не падтрымаюць, таму што ёсць іншыя шляхі легалізацыі беларусаў. Тым не менш гэты праект стаў прыкметным чыннікам, які, прынамсі, прыцягвае ўвагу заходняй супольнасці да праблем беларускай дыяспары.