Віціс Юрконіс: Панікі ў нас няма, і мы гатовыя да рашучага адпору

Нямецкая газета «Bild»абнародавала сцэнар нападу Расіі на краіны NATO ўжо ў пачатку 2025 года. Выданне піша, што галоўная роля ў гэтым сцэнары адводзіцца Беларусі. Частка экспертаў паспяшаліся назваць апублікаваныя дакументы Бундэсвера занадта гіпатэтычнымі, але сусветная супольнасць, навучаная горкім вопытам ігнаравання пагроз Украіне, сёння аддае перавагу прадугледзець усе варыянты, нават самыя нерэалістычныя.

Расійскія дэсантнікі падчас вучэнняў «Захад». Фота з shnyagi.net

Расійскія дэсантнікі падчас вучэнняў «Захад». Фота з shnyagi.net

Згодна з апублікаванымі дакументамі, у 2024 года Расія можа дадаткова мабілізаваць 200 тысяч чалавек для новага наступу ва Украіне. Летам Расія арганізуе кібератакі на сістэмы NATO і справакуе беспарадкі ў краінах Балтыі з удзелам этнічных расіян. Адказам на «беспарадкі» стануць сумесныя вучэнні «Захад-2024» з удзелам 50 тысяч расійскіх салдат. У снежні 2024 года Расія можа справакаваць «штучны памежны канфлікт» і «беспарадкі са шматлікімі ахвярамі», каб патлумачыць атаку на Сувалкаўскі калідор.

Палітолаг, дацэнт Інстытута міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс у інтэрв’ю «Салідарнасці» ацаніў гэтую пагрозу з боку Расіі і Беларусі і паразважаў, ці ўдасца Расіі ажыццявіць гэты сцэнар.

— Мы не можам скептычна ставіцца да пагроз Расіі з цэлага шэрагу прычын — ад гістарычных да выразных сігналаў Крамля ўжо ў наш час, — тлумачыць палітолаг. — І Літва не раз звяртала на гэта ўвагу сусветнай супольнасці.

Яшчэ ў 2008 годзе мы, адзіныя, блакіравалі пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве Расіі і ЕС на Савеце еўраатлантычнага партнёрства. Мы таксама заяўлялі пра пагрозу, якая зыходзіць з Беларусі, шматкроць выступаючы супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС або сумесных расійска-беларускіх вучэнняў «Захад».

Можна ўспомніць і спробу ўмяшання РФ у выбары прэзідэнта Літвы, за што Раландасу Паксасу быў абвешчаны імпічмент у 2004 годзе, і тое, што на тэрыторыі Літвы ў 2005 годзе ўжо падаў расійскі знішчальнік. Рознага кшталту правакацыі праводзіліся і ў дачыненні да іншых краін Балтыі, не кажучы ўжо проста пра пагрозы, якія зыходзілі ад розных адыёзных дзеячаў як у Расіі, так і ў Беларусі. Таму ніякай наіўнасці ў плане ўспрымання цяперашніх пагроз у нас няма, хоць раней часам з літоўцаў нават кпілі, маўляў, краіны Балтыі атрымалі занадта моцную гістарычную траўму ад Расіі, што зрабіла іх залішне адчувальнымі.

Цяпер ужо ніхто не смяецца. Больш за тое, на прапанову з нагоды падтрымкі Украіны і ўзмацнення ўсходняга флангу NATO ўсетглядзяць нашмат больш сур'ёзна.

— Тэма Сувалкаўскага калідора, якому ў апублікаваным сцэнары «Bild» адведзена сур'ёзная роля, ужо паўставала, калі Лукашэнка пагражаў пры дапамозе «вагнераўцаў». Якія высновы з гэтага зрабілі краіны Балтыі і NATO?

— Лукашэнка ў сваіх пагрозах хоча здавацца ўпэўненым у сабе, але ў яго не вельмі атрымліваецца. Думаю, ён сам разумее, што зайграўся.

Варта адзначыць, што само размяшчэнне «вагнераўцаў» у Беларусі стала аплявухай беларускім афіцэрам. Акрамя таго, гэта паказала, якое месца адведзена Лукашэнку ў вачах Крамля.

Відавочна, што ў выпадку неабходнасці ні з ім, ні з яго рэжымам ніхто лічыцца не мае намеру. Аднак гэта небяспечная сітуацыя не толькі для самога рэжыму беларускага кіраўніка, але і для суверэнітэту ўсёй краіны.

Што тычыцца краін Балтыі, то ў нас адноўлены абавязковы прызыў у войска, значна павялічыўся бюджэт на абарону (паводле правіл NATO, ён павінен быць не меншым за 2%). Ну і пасля актыўнага лабіравання прысутнасці войскаў NATO ў Літве сёння размяшчаецца нямецкі кантынгент, у Латвіі — канадскі, у Эстоніі — брытанскі. Таксама ўсюды прысутнічаюць і амерыканскія войскі. Істотна павялічылася паветраная Паліцыя NATO, якая займаецца патруляваннем паветранай прасторы.

Асобна хачу сказаць аб стратэгічных праектах хуткаснай аўтамагістралі «Via Baltica» і двухузроўневага моста «Rail Baltica», надзвычай важных для лагістыкі і хуткага перамяшчэння войскаў.

Дарэчы, сяброўства Фінляндыі і будучыня сяброўства Швецыі ў NATO таксама істотна змяніла сітуацыю ў рэгіёне Балтыйскага мора.

Так што панікі ў нас няма, і мы гатовыя да рашучага адпору.

— Беларусь могуць яшчэ раз выкарыстоўваць як плацдарм для ваенных дзеянняў?

— Памятаю, неяк яшчэ да 2020 года абмяркоўваў сітуацыю ў Беларусі з генералам Бэнам Ходжэсам, які ў мінулым займаў пасаду камандуючага арміяй ЗША ў Еўропе. І вось ён на мае жорсткія крытычныя выказванні пра рэжым Лукашэнкі парыраваў, маўляў, магло быць і горш, калі б Літва межавала не з Беларуссю, а з Расіяй.

На гэта тады я адказаў, што ён памыляецца і што Лукашэнка і ёсць «збраяносец Крамля». Але ў той перыяд многія знаходзіліся ва ўладзе ілюзій, створаных Уладзімірам Макеем і часткай экспертаў, пра тое, што Лукашэнка нібыта змагаецца з РФ за суверэнітэт сваёй краіны.

Аднак мы ўсе досыць хутка пераканаліся ў адваротным — і летам 2021 года падчас штучна створанага міграцыйнага крызісу, а затым і 24 лютага 2022 года. Успамінаючы тую спрэчку, мне хацелася спытаць у генерала, ці выратавала беларуская мяжа людзей у Чарнігаве?

Уласна, пытанне з нагоды выкарыстання Беларусі цяпер варта разглядаць куды больш востра.

Глядзіце таксама

— А ці ёсць у Беларусі патэнцыял для ўдзелу ў ваенным канфлікце? Адна справа — пагражаць, але іншая — узровень прафесіяналізму арміі, перададзеныя Расіі запасы зброі і гэтак далей...

— Ніколі не трэба недаацэньваць суперніка. І не варта перамяншаць ролю і ўдзел Беларусі ў гэтых ваенных дзеяннях.

Так, мы ўсе ведаем пра гераізм «рэйкавых партызан», акцыі пратэсту, даныя кіберпартызан, перададзеных украінскаму боку, і вядома, пра беларусаў, якія ваююць на баку Украіны. Аднак трэба глядзець праўдзе ў вочы: Беларусь стала вялікім гаражом для ваеннай машыны Крамля. Гэта і перададзеныя боепрыпасы, і заводы, якія пачалі працаваць на поўную моц, і рамонт расійскай вайсковай тэхнікі, і лякарні, перапоўненыя жаўнерамі з РФ.

Не кажучы ўжо пра ролю Беларусі ў абыходзе санкцый, дзякуючы чаму Расія дагэтуль атрымлівае неабходныя тэхналогіі.

Больш блізкага хаўрусніка ў Крамля няма — гэта факт. Менавіта гэта стала прычынай таго, што Расія змагла весці вайну на некалькіх франтах.

Калі мы гаворым аб далейшым прасоўванні расійскіх войскаў, асабліва аб захопе Сувалкаўскага калідора, для гэтага РФ неабходна тэрыторыя Беларусі. Так што тут пытанне не ў вайсковым патэнцыяле вашай краіны, а ў палітычнай волі супраціўляцца Крамлю ўнутры Беларусі. А вось з гэтым, на жаль, сітуацыя застаецца складанай.

У цэлым адносна прагнозаў разгрому Украіны з далейшымі цяжкімі наступствамі хачу сказаць, што грамадзяне Літвы досыць выразна дэманструюць сваю пазіцыю, якая заключаецца ў тым, што трэба рабіць усё магчымае (і немагчымае таксама!), каб не дапусціць такога варыянту.

Як і многія дзяржавы, мы выдатна разумеем, што такой раскошы, як застацца ўбаку і моўчкі паназіраць і перачакаць, у нас больш няма.

Ва Украіне цяпер вырашаецца лёс не адной краіны, а ўсяго нашага рэгіёна, у тым ліку і Літвы, і Беларусі. І ў Літве гэта ўсведамляюць усе — і грамадзянская супольнасць, якая адкрыла мноства ініцыятыў дапамогі Украіне, і прыватны сектар, і ўрад. Нягледзячы на тое, што мы маленькая дзяржава, разам з іншымі краінамі Балтыі Літва лідзіруе сярод краін заходняга свету па аказанні фінансавай дапамогі з разліку на душу насельніцтва.

Нашу дапамогу бачаць і ваюючыя на фронце, і пацярпелыя ад вайны грамадзяне або ўцекачы з Украіны, і дыпламаты на міжнароднай арэне, дзе Літва традыцыйна выступае адным з самых заўзятых адвакатаў Украіны.