691-шы дзень вайны: Украіна нанесла адчувальны ўдар ВКС РФ, Германія рыхтуецца да вайны з Расіяй

Украіна збіла расійскі самалёт далёкага выяўлення А-50 — такі ж быў пашкоджаны мінулай зімой у Мачулішчах. Удар адчувальны, улічваючы, што ў Расіі ўсяго 9 такіх самалётаў. Па даных экспертаў ISW, Расія рыхтуецца да зімовага наступу. А Германія рыхтуецца да вайны з Расіяй на Балтыцы. Галоўнае з украінскіх франтоў на гэты час.

Самалёт А-50. Фота з rbc.ua

Самалёт А-50. Фота з rbc.ua

На фронце за мінулыя суткі адбылося 94 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 15 студзеня.

Найбольш інтэнсіўныя баі па-ранейшаму працягваюцца на аўдзееўскім кірунку — там украінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі 11 атак расійцаў у раёнах Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі і яшчэ 14 атак каля Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.

Расійскія войскі актывізавалі баявыя дзеянні на мар’інскім кірунку, дзе адбіта 16 атак, і на ліманскім кірунку — адбіты 14 атак. 10 атак адбіта на запарожскім кірунку.

«Расійскія вайскоўцы ўсё часцей адмаўляюцца гінуць за недарэчныя мэты свайго лідара, таму камандаванне ворага наважылася звярнуцца да эксперыменту ў дадатковых тыпах стымулявання, якія скажаюць адчуванне рэальнасці і вядуць да гібелі. Так, па наяўнай інфармацыі, асабоваму складу 108 дэсантна-штурмавога палка 7 дэсантна-штурмавой дывізіі сістэматычна выдаюць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы. Гэтыя прэпараты прыводзяць да эйфарыі і прытупліваюць боль. Салдаты, якія ўжываюць іх, лягчэй згаджаюцца на «мясныя штурмы», не асцерагаючыся раненняў або гібелі», — піша Генштаб УСУ.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) па стане на 14 студзеня не зафіксаваў пацверджаных змяненняў лініі фронту ні на адным з участкаў баёў. Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец заявіў, што ўкраінскія войскі сышлі са Стэпавага (Данецкая вобласць), а расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ВУСУ застаюцца ў заходняй частцы населенага пункта.

Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае на бахмуцкім кірунку, заявіў, што расійскія сілы павялічылі колькасць войскаў прыблізна да 80 тысяч чалавек, а падраздзяленні «добраахвотніцкага корпуса» РФ вядуць штурм на бахмуцкім кірунку.

* * *

Эксперты ISW мяркуюць, што расійскія войскі, верагодна, рыхтуюць у бліжэйшыя тыдні наступальныя аперацыі на ўсходзе і поўдні Украіны. У справаздачы адзначаецца, што апошнім часам у расійскіх СМІ з’явілася інфармацыя пра нібыта падрыхтоўку Расіяй наступу ў бліжэйшыя тыдні пасля таго, як на ўсходзе і поўдні Украіны замерзне зямля. Арыенціровачна называецца перыяд паміж 12 студзеня і 2 лютага.

У той жа час адзначаецца, што Расія не мае дастатковай колькасці жывой сілы для правядзення шырокамаштабных наступальных дзеянняў, а наяўная групоўка расійскіх войскаў дазваляе праводзіць толькі лакальныя тактычныя манеўры.

Экс-кіраўнік «Раскосмасу» Дзмітрый Рагозін заявіў, што лінія фронту на захадзе Запарожскай вобласці «гудзе, як пчаліны вулей» праз вялікую колькасць украінскіх беспілотнікаў, якія масава і трапна б'юць па цэлях і ўскладняюць ратацыю асабовага складу расійцаў.

Паводле ацэнкі Інстытута вывучэння вайны, мінусавыя тэмпературы ва Украіне, верагодна, пакуль стрымліваюць аперацыі на фронце, але створаць больш спрыяльную магчымасць для механізаванай манеўранай вайны, паколькі зямля замерзне ў бліжэйшыя тыдні.

«ISW працягвае ацэньваць, што нягледзячы на зімовыя ўмовы надвор'я і стан мясцовасці, расійскія войскі, верагодна, будуць спрабаваць падтрымліваць або інтэнсіфікаваць лакальныя наступальныя аперацыі на ўсходзе Украіны, спрабуючы перахапіць і ўтрымаць ініцыятыву. Паводле звестак ISW, расійскія войскі не змогуць ажыццявіць аператыўна значныя прарывы», — гаворыцца ў справаздачы.

* * *

417412757_722162376763510_6388833081497992022_n.jpg

* * *

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што Расія змяніла цэлі ракетных удараў па Украіне. Цяпер цэлямі з'яўляецца не энергетыка Украіны, як гэта было мінулай зімой, а аб'екты абаронна-прамысловага комплексу. Але пагроза для энергасістэмы захоўваецца.

«На сённяшні дзень асноўныя намаганні Расійскай Федэрацыі сканцэнтраваны на знішчэнні інфраструктурных аб'ектаў. Гэта, перш за ўсё, аб'екты нашага абаронна-прамысловага комплексу, штабы, сістэмы кіравання і асобныя падраздзяленні, якія размяшчаюцца на лініі фронту», — сказаў Скібіцкі.

Але, з яго слоў, зброя, якая выкарыстоўваецца Расіяй, у прыватнасці «Кінжалы», вельмі недакладная. «І, на жаль, ад іх пакутуе ў асноўным менавіта грамадзянскае насельніцтва», — адзначыў прадстаўнік ГУР.

Ён падкрэсліў, што тое, што расійцы не наносяць удары па энергааб'ектах, зусім не азначае, што яны не сочаць за станам энергетыкі Украіны. «Вайсковая выведка дакладна ведае, што яны правялі аналіз для нанясення ўдараў па нашых энергетычных аб'ектах у 2022-2023 годзе. Расійцы вызначылі найбольш крытычныя аб'екты, якія могуць быць атакаваны менавіта ракетным узбраеннем, а таксама беспілотнымі лятальнымі апаратамі», — распавёў Скібіцкі.

* * *

Украінскія вайскоўцы збілі над акваторыяй Азоўскага мора расійскі самалёт А-50 і падбілі ІЛ-22. Як паведамляецца, самалёт А-50 быў збіты адразу пасля яго заступлення на дзяжурства ў раёне Кірылаўкі каля 21:10 — 21:15 14 студзеня. А-50 знік з радараў і не адказваў на запыты тактычнай авіяцыі, а пазней пілотам самалёта Су-30 ВКС РФ было выяўлена ўзгаранне і падзенне неўстаноўленага паветранага судна.

Самалёт Іл-22М11 ажыццяўляў дзяжурства ў раёне Стралковага, а ўрэшце быў падбіты ўздоўж узбярэжжа Азоўскага мора каля 21 гадзін 14 студзеня. Пасля паражэння самалёт планаваў здзейсніць пасадку ў Анапе, запытаў эвакуацыю, выклік «хуткай» і пажарнай машыны.

Нагадаем, што А-50 — самалёт далёкай радыёлакацыйнай выведкі ВКС РФ, выкарыстоўваецца для вызначэння цэляў ракетных удараў па Украіне. Летась у Мачулішчах беларускія партызаны пашкодзілі такі самалёт, ён вымушаны быў паляцець у Расію на рамонт і назад не вярнуўся.

Па стане на 2022 год у Расіі было ўсяго 9 самалётаў А-50.

Іл-22М — паветраны камандны пункт, з якога можна кіраваць войскамі падчас баявых дзеянняў. У назве самалёта часам яшчэ выкарыстоўваюць абрэвіятуру ПЗПК — «паветраны абаронены пункт кіравання».

Падчас бунту заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына ў Расіі 24 чэрвеня 2023 года адзін Іл-22 быў знішчаны, і, паводле звестак брытанскай выведкі, страта самалёта паўплывала на расійскія паветраныя і наземныя аперацыі.

* * *

У Бундэсверы (Узброеныя сілы Германіі) рыхтуюцца да магчымага канфлікту паміж Расіяй і NATO і спрагназавалі яго ход на працягу ўсяго 2024-га і часткі 2025 года, паведаміла выданне «Bild».

Крыніца «Bild», спасылаючыся на сакрэтны дакумент Бундэсвера, паведамляе, што эскалацыя напружанасці паміж NATO і Расіяй можа адбыцца ўжо ў лютым. У сакрэтным дакуменце, прызначаным толькі для службовага карыстання, Мінабароны Германіі падрабязна апісвае магчымы шлях да канфлікту паміж Расіяй і NATO, падзеі якога развіваюцца месяц за месяцам. Кульмінацыяй становіцца размяшчэнне сотняў тысяч салдат NATO і пачатак вайны летам 2025 года.

Сцэнар абароны Альянсу 2025 года ад Бундэсвера прадугледжвае пачатак мабілізацыі Расіі ў лютым 2024 года, за якім рушыць вясновы наступ ва Украіне і наступная атака Расіі на краіны Балтыі ў ліпені.

Паводле сцэнара, напружанасць можа дасягнуць піку ў кастрычніку з перакідваннем войскаў і ракет Расіі ў Калінінград. У снежні 2024 года магчымы «памежныя канфлікты» і «беспарадкі са шматлікімі ахвярамі» ў рэгіёне «Сувалкаўскага калідора». У перыяд пасля выбараў у ЗША, калі краіна можа застацца без лідара, Расія з падтрымкай Беларусі можа паўтарыць сцэнар уварвання 2014 года ва Украіну на тэрыторыі краіны NATO.

Можна было б паставіцца да гэтага сцэнара скептычна, але ў снежні 2021 года «Bild» са спасылкай на крыніцу паведаміла дакладны план наступу РФ на Украіну, адзначыўшы, што па загадзе Пуціна расійская армія зробіць «адначасовую атаку з паўночнага Крыма праз сепаратысцкія тэрыторыі на ўсходзе і з поўначы».

А ў жніўні 2023 года «Bild» паведамляў, што РФ гатова ваяваць яшчэ 2-3 гады.